У “мядовым цэху”, як жартоўна называе сваю пасеку Павел Сцяпанавіч Грыцук з аграгарадка Раклевічы, – тысячы пчолак-працаўніц.
Шчыруюць з дня ў дзень, каб забяспечыць гаспадара духмянай прадукцыяй. І першы ўраджай – майскі мёд – ужо атрыманы.
Пагодлівым чэрвеньскім днём завіталі на сядзібу Грыцукоў. А параіў нам сустрэцца з вопытным пчаляром старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандр Маркушэўскі. “Павел Сцяпанавіч раскажа вам усе пчалярскія “сакрэты”, – зазначыў ён. – Ды і чалавек Грыцук вельмі цікавы”. Аказалася, сапраўды так.
Пчалярствам Павел Сцяпанавіч захапіўся гадоў 20 таму. Можна сказаць, выпадкова. Аднойчы Тадэвуш Крысцінавіч Дарафейчык, знакаміты дзятлаўскі пчаляр, які мае адпаведную адукацыю і вопыт працы на пасеках у розных гаспадарках раёна, папрасіў яго дапамагчы выкачаць мёд. Справа зацікавіла і захапіла: паколькі гэта была не проста праца, а своеасаблівае навучанне, перадача вопыту апантаным пчалярствам чалавекам. Так для Грыцука Дарафейчык стаў першым настаўнікам і дарадцам.
– Тады я спазнаў і першы “пацалунак” пчалы,– прыгадвае з усмешкай Павел Сцяпанавіч. – Уджаліла пчала ў нагу, і яна так распухла, што не мог джынсы нацягнуць.
Але гэта не адвадзіла ад новага захаплення. Магчама, хтосьці не паверыць, але часам гаспадару дастаюцца да паўсотні такіх “пацалункаў”. Цяпер алергіі на ўкусы няма, і ўспрымаецца гэта як своеасаблівая тэрапія, калі па-навуковаму – апітэрапія.
Павел Сцяпанавіч прызнаўся, што з зімы ён “выходзіць” не зусім у форме: рукі пабольваюць і агульнае самаадчуванне ніякаватае. А вяртаюць яму жыццёвую сілу – пчолы. Ад укусаў, кажа, маладзее. Таму, калі няма алергіі, то не варта асцерагацца пчаліных “пацалункаў”. Кампаненты, якія ёсць у пчаліным ядзе – толькі на карысць. І сёння, размяняўшы сёмы дзясятак гадоў, Павел Сцяпанавіч упэўнена круціць “сонейка” на турніку. А яшчэ кожную раніцу пчаляр пачынае з лыжкі мёду і шклянкі цёплай вады. Гэта, кажа, надае яму бадзёрасці, падтрымлівае сэрца і печань.Да такога распарадку гаспадар прыахвоціў і жонку – Ірыну Баляславаўну, і дзяцей.
У Грыцукоў мёд любяць усе. І дзеля “ўраджаю” папрацаваць даводзіцца шмат. Зразумела, найперш самому гаспадару. “Мядовы цэх” Грыцука налічвае каля 40 вулляў. Большая частка размешчана на ўчастку ў вёсцы Агароднікі, які Павел Сцяпанавіч атрымаў для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. На 70 соткахразмешчана пасека і маецца каля 300 дрэваў. Нядаўна там адцвіла жоўтая акацыя, цяпер цвіце белая. Акацыю насаджваў сам гаспадар участка, каля сотні дрэваў.
– І з белай акацыі атрымліваецца смачны мёд, які доўга не крышталізуецца,– кажа пчаляр. – Але, як на мой густ, адзін з лепшых – рапсавы. Праўда, сёлета вясна аказалася халодная, і рапсавага мёду недабор. Спадзяёмся на ліпу, грэчку, разнатраўе.
Рапсавы мёд упадабалі і адпачывальнікі санаторыя “Радон”. Яго дапамагала прадаваць у мінулыя эпідэмічна-спакойныя гады жонка. Гандаль бойка ішоў на базарчыку каля санаторыя. Неяк падышлі да Ірыны Баляславаўны ізраільцяне, купілі слоічак на пробу, спадабаўся мёд. Калі адпачынак закончыўся і сабраліся госці ад’язджаць, замовілі шмат раклевіцкага мёду з сабой.
У самыя ўраджайныя гады можа атрымаць Павел Сцяпанавіч са свайго “мядовага цэха” да тоны мёду, а звычайна – да 700 кілаграмаў. Мёд выкарыстоўваюць Грыцукі для сябе і, вядома, на продаж – дадатак да пенсіі.
Але так проста, паўтару, пачастунак не даецца: патрабуе клопатаў, часу і, зразумела, ведаў. Па адукацыі Павел Сцяпанавіч – эканаміст і аграном. Цяпер на заслужаным адпачынку. За свае 20 гадоў пчалярства вопыту ён назапасіў дастаткова. Перадаваць яго ёсць каму: пчалярствам цікавяцца і дочкі, і сын.
Сям’ я ў Грыцукоў вялікая: як жартуе Ірына Баляславаўна, – пяцёра дочак і лапачка-сыночак.Займелі Грыцукі і чацвёра ўнукаў. Самай маленькайСоф’ечцы – толькі гадок. Яна – дзедава пястушка і любіміца. Наогул, з дзецьмі і ўнукамі – поўнае ўзаемаразуменне. Родныя падзяляюць і ўхваляюць захапленне Паўла Сцяпанавіча, імкнуцца дапамагчы і падтрымаць. Менавіта для дзяцей пчаляр здымае самыя цікавыя моманты і дасылаеім запісы, каб ведалі ўсё з “пчалінага жыцця”. Раней нават меў у сацыяльных сетках, на ютубе, сваю старонку. Цяпер жа на гэты занятак, кажа, часу не хапае.
Шмат клопатаў патрабуюць не толькі пчолы. Грыцукі таксама трымаюць козаў,гадуюць паўсотню індычанят. Жывуць на сядзібе і пачуваюць сябе любімцамі каты.
У Грыцукоў – вялікі сад, дзе багата яблыняў,грушаў, сліваў. Там для пчолак раздолле.А на прысядзібным участку, акрамя традыцыйнай агародніны, высяваюць мяту, мелісу, эхінацэю – лекавыя расліны.
Ірына Баляславаўна любіць і кветкі, на іх таксама знаходзяцца час і сілы. Вялікім аматарам-кветкаводам сябе не лічыць, а вось дачку Ірыну, цяпер яе прозвішча Чулькіна, і жыве яна непадалёк ад бацькоў, на суседняй вуліцы, адносіць да сапраўдных фанатаў ружаў: мае Ірына каля 100 кустоў. Пэўна, гэта ў генах: калі захапляцца чымсьці, то па-сапраўднаму, ад усёй душы. І калі працаваць, то таксама ў поўную сілу.
Пацікавілася ў Паўла Сцяпанавіча, адкуль бяруцца сілы і час, каб справіцца з усімі клопатамі? На гэта пачула жартоўны адказ: дык у сутках жа гадзін шмат! А потым сур’ёзна дадаў: калі б не працаваў, не рухаўся, то даўно адолелі б хваробы і немач. А “пчаліныя турботы” – адзін са складнікаў бадзёрасці і аптымізму. Калі ж цела і душа патрабуюць невялікага адпачынку, то накіроўваецца гаспадар у “пчаліны павільён”. Там абсталяваны спальныя месцы, і пад пчаліны шоргат у вуллях, якія знаходзяцца пад ляжанкамі, добра і спіцца, і думаецца.
А разважае пчаляр сам-насам і пры выпадку з калегамі-пчалярамі пра неабходнасць прыняцця Закона аб пчалярстве. Цяпер гэты занятак рэгулюецца ветэрынарнымі правіламі, а некаторае там, лічыць Грыцук, і спрэчнае, і невыканальнае, стрымлівае развіццё “салодкай вытворчасці”.Заканадаўцы суседніх краін парупіліся і ўжо маюць такі дакумент – Закон аб пчалярстве, ёсць патрэба ў ім і ў нас. Тады “мядовыя цэхі” запрацуюць больш эфектыўна, жадаючыя займацца гэтай цікавай і карыснай справайбудуць пачуваць сябе больш упэўнена.
Я, па-праўдзе, думала, што зімой у гаспадара сядзібы няма ўжо турботаў: пчолы ж у халодны час пахаваліся ў сваіх “хатках”. Але ў Паўла Сцяпанавіча, як сам прызнаўся, клопаты і зімой не заканчваюцца. Трэба вырабіць і адрамантаваць рамкі, вуллі, надстаўкі, павільёны. Усе сталярныя работы ён выконвае сам. Сам абсталяваў належным чынам памяшканне пад “мядовы занятак”. І ўсё яму ў радасць, з ахвотай. І, вядома ж, заўсёды з нецярпеннем Павел Сцяпанавіч чакае першага пчалінага аблёту. Сёлета, як занатаваў пчаляр у сваім “фотадзённіку”, адбыўся ён 3 сакавіка.Да гэтага часу расцвілі крокусы. Потым пайшлі дзмухаўцы, ну, а пазней дайшла чарга і да садоў, разнатраў’я. Так што першы мёд у Грыцукоў – з усёй кветкавай палітрай. Сапраўды, майскі. А знайсці “мядовы цэх” проста – на вуліцы Садовай у Раклевічах.
Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup