Сёлета Беларусь адзначыла юбілейную дату – 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы на парозе чарговага знакавага юбілею – 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Дарагую цану заплаціла наша Айчына за пазбаўленне ад фашысцкай навалы: загінуў кожны трэці яе жыхар. Самым крывавым і трагічным для Дзятлаўшчыны выдаўся снежань 1942 года: ворагі арганізавалі карную аперацыю “Гамбург” па знішчэнні партызанскіх лагераў у лясных масівах Ліпічанскай пушчы і насельніцтва навакольных вёсак, якое падтрымлівала партызан.

Паводле інфармацыі, што знаходзіцца ў кнізе “Памяць”, на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна за ваеннае ліхалецце знішчаны 23 населеныя пункты, з іх 7 цалкам, гэта Пушча Ліпічанская, Дубраўка, Гарадкі, Трахімавічы, Вялікая Воля, Малая Воля, Дубароўшчына, і 16 – часткова.

Увогуле зімой 1942 года на Дзятлаўшчыне адбыліся тры страшныя трагедыі: былі спалены вёскі з жыхарамі, загінуў Іосіф Філідовіч, 13 снежня было знішчана Дварэцкае гета і яўрэі, якія знаходзіліся ў лагеры пад Наваельняй.

Штогод памяць трагічна загінулых землякоў дзятлаўчане ўшаноўваюць у час мітынгу- рэквіема. Дэпутаты, прадстаўнікі ўлады, сілавых структур, працоўных калектываў, прафсаюза, грамадскіх арганізацый, моладзь і педагогі едуць да мемарыялаў, якія стаяць на тых месцах, дзе жыццё соцень землякоў абарвалася ў гады ваеннага ліхалецця ад бязлітасных рук карнікаў. Сёлета раённая эстафета памяці прайшла 13 снежня.

Удзельнікі мітынгу пабывалі каля мемарыялаў у Трахімавічах, Дубраўцы, Гарадках. Памяць вяскоўцаў, загінулых у гады ваеннага ліхалецця, ушанавалі хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да помнікаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации