Пад такой назвай прайшла сустрэча пакаленняў у музеі Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Яна сабрала з аднаго боку педагогаў, якія шмат гадоў працы прысвяцілі развіццю моладзевага руху на Дзятлаўшчыне, гэта Ганна Скрундзь, Людміла Халопік, Тамара Юранкова, а з другога – цяперашніх школьнікаў-лідараў, членаў савета музея і раённага савета ГА “БРПА” Мілену Кавальчук, Ксенію Валяк, Кірыла Смагіна. У якасці мадэратараў пляцоўкі выступілі загадчыкі аддзялення дадатковай адукацыі, кіраўнікі музея “Дадатковая адукацыя. Дзіцячыя і моладзевыя грамадскія аб’яднанні Дзятлаўшчыны ў датах, падзеях, асобах” Ірына Мішчанка і Наталля Бойка.


Моладзь расказала сваім гасцям, што ў аснове стварэння экспазіцый ляжала ідэя сабраць даследчы матэрыял і захаваць гісторыю станаўлення і развіцця ўстановы пазашкольнай адукацыі і выхавання “Дзятлаўскі дом піянераў і школьнікаў”. Практычная яе рэалізацыя стала магчымай у 2023 годзе, калі праект быў прызнаны лепшым у ліку яшчэ 20 моладзевых ініцыятыў нашай краіны, якія атрымалі гранты на фінансаванне са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Каб бліжэй пазнаёміць гасцей з музеем, ім прапанавалі віртуальны экскурс.

У сваю чаргу педагогі-ветэраны падзяліліся сваімі ўспамінамі аб часах, пра якія сведчаць экспанаты і фотаздымкі. Ганна Скрундзь, якая ў 1988-2012 гадах узначальвала спачатку Дзятлаўскі дом піянераў і школьнікаў, а пасля Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, расказала:

– Мне пашчасціла, што побач заўжды былі творчыя людзі, якіх аб’ядноўвалі давер, працалюбства, дабрыня. Калектыў установы быў невялікі, затое ў раёне працавала шмат кіраўнікоў гурткоў. Мы былі як адна вялікая дружная сям’я, паказвалі прыклад сваім выхаванцам. Магчыма, гэта дапамагло перажыць складаныя 90-я, калі амаль адсутнічала фінансаванне. У цэлым жа было вельмі цікава, таму лічу сябе шчаслівым чалавекам, што лёс звязаў мяне з моладзевым рухам раёна.
На пытанне, якія каштоўнасці хочаце пакінуць новаму пакаленню дзятлаўчан, Ганна Сяргееўна адказала: сумленнасць, вернасць, справядлівасць, патрыятызм, узаемадапамогу, павагу да старэйшых, удзячнасць за тое, што маем, і абавязкова, каб заставаліся Людзьмі з вялікай літары.
Прадоўжыла тэму Людміла Халопік, якая стаяла на чале моладзевага руху раёна ў 1976-2012 гадах:

– Першымі ў піянеры ўступалі самыя лепшыя, пазней – усе астатнія. У школах функцыянавалі піянерскія атрады, з якіх складалася школьная піянерская дружына. Як правіла, лідары піянерыі і камсамолу ў далейшым, прайшоўшы розныя прыступкі грамадскага росту, станавіліся кіраўнікамі. Патрабаванні да членаў моладзевага руху былі вельмі сур’ёзнымі, так, будучыя камсамольцы трымалі сапраўдны экзамен, каб уступіць у арганізацыю. Праводзілася шмат цікавых мерапрыемстваў і акцый, сярод якіх была “Гісторыя піянерскага гальштука ў маёй сям’і”, якая таксама злучала пакаленні.
Людміла Іванаўна прыйшла на сустрэчу не з пустымі рукамі: музею яна падарыла легендарную для савецкай піянерыі кнігу Аркадзія Гайдара “Цімур і яго каманда” і параіла сучаснай моладзі абавязкова яе прачытаць.
Тамара Юранкова, якая была дырэктарам Дзятлаўскага цэнтра турызму і краязнаўства і летніка “Сцяжынка” ў 2000-2021 гадах, прызналася:

– У прафесію я прыйшла па закліку душы. Мне пашчасціла шмат падарожнічаць не толькі па Беларусі, але і па іншых рэспубліках Савецкага Саюза. Са школьнікамі не толькі вандравалі, але і займаліся даследчай, краязнаўчай, музейнай работай. У кожнай школе нашага раёна быў створаны свой унікальны і адметны музей. Мы арганізоўвалі вялікія міжшкольныя турыстычныя злёты ў Казлоўшчыне, Трахімавічах. Склаліся і свае цікавыя турысцкія традыцыі, як, напрыклад, пасвячэнне ў турысты, вячэрнія пасядзелкі каля вогнішча з цікавымі гісторыямі. Цёплыя эмоцыі і дух братэрства застаўся з намі на многія гады, мяне і цяпер пазнаюць і вельмі радуюцца сустрэчам былыя выхаванцы.
Для савета музея Тамара Канстанцінаўна выказала пажаданне знайсці звесткі пра яшчэ адну пазашкольную ўстанову Дзятлаўшчыны – эколага-біялагічны цэнтр, які працаваў у Казлоўшчыне.





Навучэнцы паабяцалі, што абавязкова гэта зробяць, і падзяліліся планамі па развіцці музея. Напрыклад, цяпер ідзе работа над канцэпцыяй экспазіцыі “Ніколі больш” аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, дзе будзе не толькі агульная, але і краязнаўчая інфармацыя аб зверствах карнікаў на Дзятлаўшчыне, карта спаленых вёсак, успаміны відавочцаў, з’явіцца інтэрактыўная пляцоўка.

Моладзь падзякавала экспертам за цікавую інфармацыю і ідэі. На развітанне госці атрымалі памятныя падарункі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#образование #БРПО