Напярэдадні міждзяржаўнага свята Дня яднання народаў Беларусі і Расіі і ў рамках беларуска-расійскага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва адбыўся анлайн-форум жанчын Дзятлаўскага раёна і Суаярвскай муніцыпальнай акругі.

Нагадаем, што 18 мая 2024 года паміж Дзятлаўскай раённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і ўдзельніцамі мясцовага аддзялення Савета жанчын Суаярвскага раёна “Северное сияние” Рэгіянальнага аддзялення Агульнарасійскай грамадска-дзяржаўнай арганізацыі “Саюз жанчын Расіі” Рэспублікі Карэлія было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве.
Мэтай анлайн-сустрэчы стала больш цеснае знаёмства як паміж удзельніцамі аб’яднанняў з дзвюх краін, так і з патэнцыялам нашых рэгіёнаў для далейшага плённага супрацоўніцтва.
На сувязь з дзятлаўчанкамі выйшлі старшыня рэгіянальнага аддзялення “Саюз жанчын Расіі” Рэспублікі Карэлія Алена Малышава, мясцовага аддзялення Савета жанчын Суаярвскага раёна “Северное сияние” Наталля Няборская, намеснік кіраўніка адміністрацыі, начальнік аддзела адукацыі, культуры, сацыяльнай палітыкі Суаярвскай муніцыпальнай акругі Алена Смірнова, актывісткі “Северного сияния” з розных пасёлкаў акругі.

У дзятлаўскай студыі іх віталі намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, старшыня раённай арганізацыі ГА “БСЖ”, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Васкель, яе намеснік па аб’яднанні, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык, намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Умоўская, галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка.

– Наша супрацоўніцтва – яркі прыклад народнай дыпламатыі, – звярнулася да беларускіх сябровак Алена Малышава. – Упэўнена, што яно будзе скіравана на ўсё, што мае дачыненне да стваральнай ролі жанчын, умацаванне сяброўства паміж нашымі народамі, папулярызацыю традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, здаровага ладу жыцця, – адным словам, на развіццё напрамкаў, блізкіх кожнай жанчыне і сям’і. Будзем максімальна старацца ў рамках любых сумесных мерапрыемстваў абменьвацца вопытам і ведамі, якія дапамогуць праз слова, справу, вялікія жаночыя сэрцы развіваць і ўмацоўваць нашы сувязі і рэгіёны. У кожным раёне Рэспублікі Карэлія створаны жаночыя саветы, якія ўзаемадзейнічаюць, а цяпер наша сяброўства маштабіруецца, выходзіць на міжнародны ўзровень. Поспехаў нам!
Каб стаць яшчэ бліжэй да Дзятлаўшчыны, расіянкі паказалі нашым зямлячкам відэастужку аб Суаярве, пазнаёмілі з турыстычным і эканамічным патэнцыялам свайго краю, які знаходзіцца на мяжы з Фінляндыяй, славіцца лясамі, азёрамі, рэкамі, балотамі і шчырымі людзьмі, у тым ліку жанчынамі-актывісткамі “Северного сияния”.

У сваю чаргу аб турыстычнай прывабнасці Дзятлаўшчыны, формах адпачынку і запатрабаваных у гасцей паслугах расказала Наталля Калодка.

– Мы з вамі вельмі падобныя як напрамкамі работы, так і гістарычнай мінуўшчынай, прыродным патэнцыялам, – звярнулася да расійскіх сябровак Алена Васкель. – Як зазначаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, дзятлаўчане за супрацоўніцтва ў розных сферах. Мяркую, у перспектыве адбудзецца і сустрэча кіраўнікоў адміністрацый нашых раёнаў. Пакуль жа спынюся на рабоце раённай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын”, каб намеціць магчымасці для супрацоўніцтва. У раённым аб’яднанні больш за тысячу актыўных дзятлаўчанак, якія рэалізуюць сябе ў добрых справах на карысць землякоў і малой радзімы. Як вынік: толькі за апошнія пяць гадоў звання “Жанчына года” ўдастоены матуля-выхавальніца з замяшчальнай сям’і Людміла Асіпук-Фатон і кіраўнік народнага музея “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук Тамара Крывеня. Працуем з уразлівымі катэгорыямі грамадзян: адзінокімі пажылымі людзьмі, інвалідамі, жыхарамі сацыяльных установаў, дзецьмі са шматдзетных, маламаёмных, ненадзейных сем’яў. Сярод важных напрамкаў – папулярызацыя сямейных каштоўнасцяў, здаровага ладу жыцця, патрыятычнае выхаванне, захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.
Нашы рэгіёны летась падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве, якому надаём вялікае значэнне. Мы саюзная дзяржава, і ўсё, што робім, павінны рабіць разам. У нас шмат ідэй і праектаў, над якімі збіраемся працаваць. У 2025 годзе адзначаецца 80-годдзе Вялікай Перамогі, і мы мяркуем правесці агульныя мерапрыемствы як на расійскай, так на беларускай тэрыторыі.
Напрыканцы форуму быў агучаны план сумеснай работы аб’яднанняў на бліжэйшую перспектыву. У ліку анлайн-мерапрыемстваў конкурс “На абароне родных рубяжоў”, сустрэчы па тэме “Ролевыя пазіцыі жанчыны ў сучасным грамадстве: тэндэнцыі, праблемы, перспектывы”, “Малая радзіма вачамі дзятлаўчанак”, “Паспрабуй наш край на смак”, а таксама відэатанцавальны марафон для старэйшага пакалення “На актыўнай хвалі”. Развітваліся на пазітыўнай ноце з пажаданнем плённага супрацоўніцтва як у анлайн, так і ў жывым фармаце.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #нашалепшае #нашелучшее