Сёлета Беларусь адзначыла 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Ваеннае ліхалецце пракацілася і па Дзятлаўшчыне з нябачанай сілай і жорсткасцю. У гісторыю назаўжды ўпісаны сумны лёс інтэрнацыянальнага піянерскага лагера ў пасёлку Наваельня, дзіцячага дома ў Дзятлаве. На тэрыторыі раёна ў час Вялікай Айчыннай вайны было знішчана 23 населеныя пункты, з іх 7 – поўнасцю (Вялікая Воля, Малая Воля, Трахімавічы, Пушча Ліпічанская, Дубраўка, Гарадкі, Дубароўшчына) і 16 – часткова.

Самым крывавым і трагічным тут выдаўся снежань 1942 года, калі ворагі арганізавалі карную аперацыю “Гамбург” па знішчэнні партызанскіх лагераў у лясных масівах Ліпічанскай пушчы і насельніцтва навакольных вёсак, якое падтрымлівала партызан.
У памяць аб тых страшных падзеях сёлета 13 снежня адбыўся жалобны мітынг-рэквіем з удзелам дэпутатаў, прадстаўнікоў улады, працоўных калектываў, прафсаюза, грамадскіх арганізацый, моладзі і педагогаў.

Удзельнікі мітынгу пабывалі каля мемарыялаў у Вялікай Волі і Дубраўцы.

Па звестках кнігі “Памяць” Дзятлаўскага раёна напярэдадні вайны ў вёсцы Вялікая Воля было 104 двары, жылі 430 чалавек. Знішчана 104 двары і расстраляна 364 жыхары. У фашысцкае рабства трапіла 8, вярнулася 4. Паводле пашпарта воінскага пахавання № 5959 у Вялікай Волі Парэцкага сельсавета ўстаноўлены помнік: скульптура жанчыны з падлеткам на пастаменце. Колькасць пахаваных – 364, дата гібелі – 14 снежня 1942 года.

Згодна з Актам учыненых злачынстваў нямецкімі войскамі ў Дзятлаўскім раёне па вёсцы Дубраўка Накрышскага сельсавета ад 29 снежня 1943 года: “30 жніўня 1942 года 8-м карным атрадам з удзелам мясцовай паліцыі і ўкраінцаў учынены злачынствы над мірным насельніцтвам вёскі. Расстраляна строем 28 чалавек, спалена ў агні 10 чалавек, астатнія расстраляны ў дамах, ямах і скляпах, дзе хаваліся. Усяго спалена 47 дамоў разам з хлявамі, гумнамі і ўсёй маёмасцю, забрана жывёла, за выключэннем той, якая згарэла. У выніку ўчыненага злачынства забіта 98 чалавек, вывезена ў Германію на катаржную працу 22”.


Памяць загінулых у гады ваеннага ліхалецця ўшанавалі хвілінай маўчання і ўcклалі кветкі да помнікаў.






Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga