На пытанні адказвае суддзя суда Дзятлаўскага раёна Сяргей Сёмуха.
– У якіх выпадках работнік нясе адказнасць за ўрон, прычынены наймальніку?
– Матэрыяльная адказнасць работніка – гэта асобны від юрыдычнай адказнасці, якая надыходзіць незалежна ад прыцягнення чалавека за супрацьпраўныя паводзіны да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці.
Ён можа быць прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці пры адначасовай наяўнасці наступных умоў: урону, прычыненага наймальніку пры выкананні працоўных абавязкаў; супрацьпраўнасці паводзін (дзеяння або бяздзейнасці); прамой прычыннай сувязі паміж супрацьпраўнымі паводзінамі работніка і ўронам, які ўзнік у наймальніка; віны работніка ў прычыненні ўрону.
– Як вызначаецца памер урону?
– Згодна з Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь пры вызначэнні памеру ўрону ўлічваецца толькі рэальны ўрон, упушчаная выгада не ўлічваецца, за выключэннем выпадку, які адбыўся не пры выкананні працоўных абавязкаў. Пад рэальным уронам маецца на ўвазе страта, пагаршэнне або паніжэнне каштоўнасці маёмасці, якія цягнуць за сабой неабходнасць для наймальніка зрабіць затраты на аднаўленне, набыццё маёмасці або іншых каштоўнасцей ці зрабіць залішнія грашовыя выплаты (за выключэннем штрафаў, якія спаганяюцца з наймальніка).
Ускладанне на работніка адказнасці за шкоду, якая адносіцца да катэгорыі нармальнай вытворча-гаспадарчай рызыкі (эксперыментальная вытворчасць, увядзенне новых тэхналогій і інш.) – недапушчальна.
Работнік можа быць вызвалены ад пакрыцця ўрону, нанесенага наймальніку ў стане крайняй неабходнасці, калі ў існуючых абставінах гэта з’явілася вынікам ліквідацыі небяспекі, якая пагражала яму або іншым асобам.
– Які парадак пакрыцця матэрыяльнага ўрону наймальніку?
– Іх два: добраахвотны і прымусовы. Першы пераважны для наймальніка. Работнік можа добраахвотна кампенсаваць прычынены ўрон у грашовай форме або са згоды наймальніка перадаць раўнацэнную маёмасць ці выправіць пашкоджанае.
Калі добраахвотнае пакрыццё немагчыма, прымяняецца прымусовы парадак – пазасудовы, судовы.
Пакрыццё ўрону работнікам у памеры да трох яго сярэднямесячных заробкаў праводзіцца паводле распараджэння наймальніка шляхам утрымання з заработнай платы работніка.
Распараджэнне павінна быць зроблена не пазней за два тыдні з дня выяўлення прычыненага работнікам урону і накіравана да выканання не раней за 10 дзён з дня паведамлення аб гэтым работніку.
Да выдання распараджэння наймальніка аб утрыманні грашовых сродкаў з заработнай платы ад работніка павінна быць запатрабавана пісьмовае тлумачэнне.
У астатніх выпадках пакрыццё ўрону праводзіцца ў судовым парадку.
– Якія бываюць віды матэрыяльнай адказнасці?
– Матэрыяльная адказнасць можа быць поўная і абмежаваная, індывідуальная і калектыўная.
Работнікі, як правіла, нясуць поўную матэрыяльную адказнасць за ўрон, прычынены па іх віне наймальніку.
Працоўным кодэксам, калектыўнымі дагаворамі, пагадненнямі можа ўстанаўлівацца абмежаваная матэрыяльная адказнасць, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных артыкулам 404 Працоўнага кодэкса.
З непаўналетнімі не можа быць заключаны дагавор аб поўнай матэрыяльнай адказнасці.
– Якія іскі разглядаюцца ў судовым парадку?
– У судовым парадку разглядаюцца, у прыватнасці, іскі: наймальніка да работніка аб кампенсацыі ўрону ў памеры больш за тры яго сярэднямесячныя заработныя платы, а таксама да работнікаў, якія спынілі працоўныя адносіны з наймальнікам; калі наймальнікам прапушчаны ўстаноўлены двухтыднёвы тэрмін для выдання распараджэння аб утрыманні гэтай сумы з заработнай платы работніка; работнікаў да наймальнікаў, не згодных з утрыманнем або з яго памерам.
Важна: работнік да звароту ў суд павінен выканаць пазасудовы парадак разгляду спрэчкі: спачатку звярнуцца ў камісію па працоўных спрэчках арганізацыі. У выпадках, калі камісія не створана ці не разгледзела заяву ва ўстаноўлены дзесяцідзённы тэрмін, або работнік не з’яўляецца членам прафсаюза, то тады ён звяртаецца непасрэдна ў суд.
Абавязак даказаць факт прычынення ўрону, а таксама наяўнасць іншых умоў матэрыяльнай адказнасці ляжыць на наймальніку, адсутнасць віны павінен даказваць сам работнік.
Суд можа з улікам ступені віны, канкрэтных абставінаў і матэрыяльнага становішча работніка паменшыць памер урону, які падлягае кампенсацыі.
Падрыхтавала Вольга ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga