У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі ўпершыню была прадстаўлена творчая экспазіцыя не толькі прафесійнага мастака, педагога раённага цэнтра дадатковай адукацыі, блогера-мільённіка Роберта Асіпука, але і яго таленавітых вучняў, навучэнцаў школ горада Дзятлава.
Адкрыццю выставы пасадзейнічалі аддзел адукацыі райвыканкама і цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а выставачнага матэрыялу ў саміх юных мастакоў аказалася дастаткова для размяшчэння ў вялікай утульнай музейнай зале, дзе прайшла прэзентацыя.
Мерапрыемства наведалі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская і яе намеснік Таццяна Умоўская, калегі і сябры Роберта Дзмітрыевіча па рабоце і творчасці, а таксама педагогі і старшакласнікі навучальных установаў райцэнтра.
Усёй вялікай камандай прыйшлі на прэзентацыю ўласных работ і самі ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Перспектыва”, дзе падлеткі вучацца не толькі маляваць, але і сябраваць, не баяцца быць сабой і паказваць у работах багаты ўнутраны свет.
Марына Лашкоўская павіншавала маладога педагога і яго таленавітых вучняў з першай выставай:
– Вашы работы – натхненне, мастацтва, талент, якія заслугоўваюць павагі, захаплення і словаў удзячнасці. Дзякуючы чуламу кіраўніцтву вашага выдатнага педагога вы крочыце правільным шляхам да высокіх дасягненняў, паказваючы людзям сваё ўнутранае святло. За кожнай работай не толькі творчая іскра, але і вялікая праца. Хачу пажадаць, каб мастацтва і ваш талент з кожным днём развіваліся ўсё больш і знаходзілі ўвасабленне ў новых работах. Нам, дарослым, ёсць чаму павучыцца ў вас. Выказваю словы ўдзячнасці кіраўніцтву цэнтра дадатковай адукацыі за выхаванне адораных дзяцей і моладзі, а таксама бацькам, якія заўжды падтрымліваюць сваіх сыноў і дачок у іх самых смелых творчых праектах.
Да словаў віншавання далучылася намеснік дырэктара цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Іна Дзедава. Яна ўзгадала той момант, калі маладым спецыялістам Роберт Асіпук прыйшоў у іх калектыў і якую вялікую работу за гэты час зрабіў:
– За чатыры гады работы творчае аб’яднанне “Перспектыва” мае мноства ўзнагарод на ўсіх узроўнях – ад раённага да міжнароднага. На наступны год ёсць планы ўвайсці ў лік узорных аб’яднанняў раёна. А ўсё таму, што кіраўніком з’яўляецца педагог, які заўжды ўсміхаецца. Чалавек з няпростым лёсам, які дзякуючы свайму таленту і сіле волі дзеліцца гэтай энергіяй і ўсмешкай са сваімі вучнямі, натхняе іх на творчасць.
– Прыемна, што значнае месца ў работах Роберта Дзмітрыевіча і яго вучняў займае малая радзіма – пейзажы, людзі, прыгажосць Дзятлаўшчыны, – адзначыла настаўніца Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Лукашэня.
Яна ўзгадала той час, калі Роберт Асіпук рабіў свае першыя крокі да мастацтва, паказала яго першыя работы, якія ўжо тады краналі аўдыторыю і конкурсныя камісіі. А дасягнуць мэты яму дапамаглі не толькі талент, навучальная ўстанова, але і сям’я, якая бязмежна верыла ў свайго таленавітага сына і прадаўжае гэта рабіць.
Адкрываючы выставу “Магія творчасці”, Роберт Асіпук выказаў словы ўдзячнасці ўсім, дзякуючы каму гэта падзея адбылася:
– Хачу падзякаваць найперш сваім вучням. Вы – вялікія малайцы, вельмі таленавітыя. Я ганаруся тым, што мне пашчасціла быць вашым настаўнікам, які ўласным прыкладам матывуе вас ісці да сваёй мары. Ганаруся маленькімі і вялікімі іх дасягненнямі: перамогамі ў конкурсах, яркімі праектамі, творчымі акаўнтамі ў сацыяльных сетках, якія хутка набіраюць папулярнасць. У такім раннім узросце яны не баяцца заяўляць пра сябе і захапляць аўдыторыю. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую аддзелу адукацыі райвыканкама і калектыву нашага цэнтра за падтрымку. Вельмі каштоўна, калі юныя творцы маюць магчымасць паказаць работы гледачам на ўласнай выставе. Сёння я бачу вынік сваёй дзейнасці, і гэта вельмі прыемна.
Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць атрымаць асалоду ад няспешнага прагляду работ, пагутарыць з іх аўтарамі і пакінуць водгук у кнізе музея. Выстава будзе дзейнічаць да 15 студзеня. Гэта добрая магчымасць для бацькоў далучыць сваіх дзяцей да свету мастацтва.
Наталля АВЯРЧУК
Рэгістрацыя дзяржмаёмасці, завяршэнне капітальных рамонтаў, Адзіны дзень бяспекі, дзейнасць гандлёвых аб’ектаў – на гэтыя і…
На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца рэалізацыя абласнога праекта “Чырвоная зорка героя”, які аб’яднаў абласную арганізацыю РГА “Белая…
Президент Беларуси Александр Лукашенко вручил государственные награды заслуженным представителям различных сфер. Торжественная церемония организована в…
З 14 па 20 верасня Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы ў адносінах перавозак пасажыраў маршрутнымі транспартнымі…
Для кожнага мужчыны надыходзіць момант, калі трэба рабіць выбар, ад якога будзе залежаць далейшае жыццё,…
У Дзятлаўскім раёне завяршыўся цыкл мерапрыемстваў тэматычнага тыдня “Моладзевы пульс: БРПА + БРСМ на Дзятлаўшчыне”.…