У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі ўпершыню была прадстаўлена творчая экспазіцыя не толькі прафесійнага мастака, педагога раённага цэнтра дадатковай адукацыі, блогера-мільённіка  Роберта Асіпука, але і яго таленавітых вучняў, навучэнцаў школ горада Дзятлава.

Адкрыццю выставы пасадзейнічалі аддзел адукацыі райвыканкама і цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а выставачнага матэрыялу ў саміх юных мастакоў аказалася дастаткова для размяшчэння ў вялікай утульнай музейнай зале, дзе прайшла прэзентацыя.

Мерапрыемства наведалі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская і яе намеснік Таццяна Умоўская, калегі і сябры Роберта Дзмітрыевіча па рабоце і творчасці, а таксама педагогі і старшакласнікі навучальных установаў райцэнтра.

Усёй вялікай камандай прыйшлі на прэзентацыю ўласных работ і самі ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Перспектыва”, дзе падлеткі вучацца не толькі маляваць, але і сябраваць, не баяцца быць сабой і паказваць у работах багаты ўнутраны свет.

Марына Лашкоўская павіншавала маладога педагога і яго таленавітых вучняў з першай выставай:

– Вашы работы – натхненне, мастацтва, талент, якія заслугоўваюць павагі, захаплення і словаў удзячнасці. Дзякуючы чуламу кіраўніцтву вашага выдатнага педагога вы крочыце правільным шляхам да высокіх дасягненняў, паказваючы людзям сваё ўнутранае святло. За кожнай работай не толькі творчая іскра, але і вялікая праца. Хачу пажадаць, каб мастацтва і ваш талент з кожным днём развіваліся ўсё больш і знаходзілі ўвасабленне ў новых работах. Нам, дарослым, ёсць чаму павучыцца ў вас. Выказваю словы ўдзячнасці кіраўніцтву цэнтра дадатковай адукацыі за выхаванне адораных дзяцей і моладзі, а таксама бацькам, якія заўжды падтрымліваюць сваіх сыноў і дачок у іх самых смелых творчых праектах.

Да словаў віншавання далучылася намеснік дырэктара цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Іна Дзедава. Яна ўзгадала той момант, калі маладым спецыялістам Роберт Асіпук прыйшоў у іх калектыў і якую вялікую работу за гэты час зрабіў:

– За чатыры гады работы творчае аб’яднанне “Перспектыва” мае мноства ўзнагарод на ўсіх узроўнях – ад раённага да міжнароднага. На наступны год ёсць планы ўвайсці ў лік узорных аб’яднанняў раёна. А ўсё таму, што кіраўніком з’яўляецца педагог, які заўжды ўсміхаецца. Чалавек з няпростым лёсам, які дзякуючы свайму таленту і сіле волі дзеліцца гэтай энергіяй і ўсмешкай са сваімі вучнямі, натхняе іх на творчасць.

– Прыемна, што значнае месца ў работах Роберта Дзмітрыевіча і яго вучняў займае малая радзіма – пейзажы, людзі, прыгажосць Дзятлаўшчыны, – адзначыла настаўніца Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Лукашэня.

Яна ўзгадала той час, калі Роберт Асіпук рабіў свае першыя крокі да мастацтва, паказала яго першыя работы, якія ўжо тады краналі аўдыторыю і конкурсныя камісіі. А дасягнуць мэты яму дапамаглі не толькі талент, навучальная ўстанова, але і сям’я, якая бязмежна верыла ў свайго таленавітага сына і прадаўжае гэта рабіць.

Адкрываючы выставу “Магія творчасці”, Роберт Асіпук выказаў словы ўдзячнасці ўсім, дзякуючы каму гэта падзея адбылася:

– Хачу падзякаваць найперш сваім вучням. Вы – вялікія малайцы, вельмі таленавітыя.  Я ганаруся тым, што мне пашчасціла быць вашым настаўнікам, які ўласным прыкладам матывуе вас ісці да сваёй мары. Ганаруся маленькімі і вялікімі іх дасягненнямі: перамогамі ў конкурсах, яркімі праектамі, творчымі акаўнтамі ў сацыяльных сетках, якія хутка набіраюць папулярнасць. У такім раннім узросце яны не баяцца заяўляць пра сябе і захапляць аўдыторыю. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую аддзелу адукацыі райвыканкама і калектыву нашага цэнтра за  падтрымку. Вельмі каштоўна, калі юныя творцы маюць магчымасць паказаць работы гледачам на ўласнай выставе. Сёння я бачу вынік сваёй дзейнасці, і гэта вельмі прыемна.

Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць атрымаць асалоду ад няспешнага прагляду работ, пагутарыць з іх аўтарамі і пакінуць водгук у кнізе музея. Выстава будзе дзейнічаць да 15 студзеня. Гэта добрая магчымасць для бацькоў далучыць сваіх дзяцей да свету мастацтва.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее
#нашалепшае

Похожие публикации