Падзеі
1 min read
47318

Магазін на колах

6 июля, 2015
0
З кожным годам колькасць сельскіх жыхароў няўхільна змяншаецца. І там, дзе калісьці стаялі сельмагі, сёння застаюцца толькі шыльды з раскладам работы аўтамагазіна. Наколькі эфектыўная і патрэбная людзям праца “аўталаўкі”, спытаем у саміх вяскоўцаў, для чаго завітаем у вёску Труханавічы нашага раёна.

 

 

Мясцовыя жыхары цэлым сходам сустракаюць у прызначаным месцы на ўскрайку вёскі прадуктовую машыну. Пабываўшы ўжо ў Плябанавічах, сюды прыехала прадавец Галіна Бялевіч разам з вадзіцелем Іванам Дзяхцевічам.

Ля машыны адразу ж выстройваецца ладная чарга з вяскоўцаў і дачнікаў, якую па негалоснай дамове ніхто не парушае. Людзі прыходзяць да аўтамагазіна не толькі сёе-тое прыдбаць, але і пагутарыць, даведацца мясцовыя навіны.

 

Мясцовая жыхарка Вера Пятроўна, закупіўшы ўсё неабходнае, складвае важкую сумку ў кошых веласіпеда: ведама, шлях да дома не надта далёкі, але так зручней. Да аўтамагазіна і работнікаў гандлю нараканняў не мае:

— Добра працуюць, што тут яшчэ дадаць? Што неабходна – прывозяць, калі што замовіць з тавараў, давязуць дадаткова. Па аўторках адразу пасля абеду прыязджае машына, а па пятніцах яшчэ раней. Ды і Галіна “Бацькаўна” – чалавек што трэба – заўжды ветлівая да нас, уважлівая.

Сваю аднавяскоўку падтрымлівае Ганна Аляксандраўна, якая прыйшла да машыны на закуп. Тут яна набывае няхітры набор прадуктаў: хлеб з батонам ды малако, каўбасу для сына, а для сябе – салодкага ліманаду.

— Добра нас абслугоўваюць, – не чакаючы пытання, запэўнівае жанчына. – І пячэнне, і цукеркі, а садавіна – усякія прысмакі прывозяць, нават марожанае.

Дасведчаная ў вясковых справах жанчына сярэдніх гадоў сябе не называе, але аўтарытэтна заяўляе, што з харчовымі прадуктамі перабояў у вяскоўцаў няма: у вёску прывозяць прадукты і кааператыўны гандаль, і прыватнікі з Наваельні, добра дапаўняючы адны другіх.

 

Прадавец аўталаўкі Галіна Бялевіч ужо 41 год у спажывецкай кааперацыі, 13 з іх – у аўтамагазіне ездзіць па азначаным маршруце. Пасля Труханавічаў яе чакаюць пакупнікі ў Апаліна-Басіна, Жыбартоўшчыне, Агародніках, Аляксандравічах, Разважжы, Русаках, Алёхнавічах, Страле, Зачэпічах, Каршаках, Малых і Вялікіх Краглях. Выязджаючы са склада каля 10-й раніцы, дадому прадавец вяртаецца толькі пасля 9-й вечара. Працуе на маршруце разам з напарніцай, аб’язджаючы вёскі па два, а то і тры разы.

–Работа не з лёгкіх, – шчыра зазначае Галіна Іосіфаўна. – Летам больш працы, бо больш пакупнікоў. Дзесьці ў вёсцы адзін раз спыняемся, а недзе і два, тры, каб усе вяскоўцы змаглі дайсці да машыны.

 

Дзённая выручка аўтамагазіна летам дасягае 16 мільёнаў рублёў. Па словах прадаўца, сучасныя машыны для выязнога гандлю, абсталяваныя паліцамі і халадзільнікамі, дазваляюць пашырыць асартымент тавараў, у тым ліку, прывезці нешта па замове. На Дзятлаўшчыне аўтамагазіны ездзяць па 6 маршрутах, на кожным – немалая нагрузка.

Кааператыўным выязным гандлем ахоплены 158 населеных пунктаў раёна, уключаючы самыя аддаленыя ад райцэнтра. Удзельная вага выручкі ад рэалізацыі прадукцыі аўтамагазінамі – каля 10% ад агульнай па гандлёвай сістэме спажывецкай кааперацыі. Калі падлічыць, аўталаўкі – не самы выгадны для арганізацыі від дзейнасці, але ён вельмі патрэбны людзям.

Н. АВЯРЧУК

 

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Прямая линия

Прямая линия

15 января, 2025
ГрадусПлюс. Гэта немагчыма есці
Працуюць тэлефоны гарачай лініі
Предыдущая новость

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации