Паўнавартаснае развіццё дзяржавы немагчыма без умацавання прэстыжу сям’і.
Даць жыццё дзіцяці, напэўна, самае галоўнае ў жыцці бацькоў. І ўсё роўна, гэта першынец ці другі, трэці, сыночак або дачка. Кожнае дзіця – гэта непаўторны цуд.
Аддзелам ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама сабрана некаторая, магчыма, цікавая статыстыка пра мацярынства і немаўлят – лічбы з інтэрвалам у дзесяцігоддзі.
Была прааналізавана статыстыка па раёне за 1996, 2006, 2016, 2021 і бягучы перыяд 2022 гадоў.
На 12 кастрычніка бягучага года ў Дзятлаўскім раёне на свет з’явілася 113 дзяцей, з іх 57 хлопчыкаў і 56 дзяўчынак. У гэтым годзе ў раёне чатыры матулі атрымалі падвоенае шчасце, падарыўшы сваім сем’ям двайняткаў, трэцяе дзіця нарадзілася ў 18 жанчын, чацвёртае – у 7 , пятае – у 2, адна мама адчула радасць мацярынства 6-ты раз, і адна – 8-ы. Самай маладой матулі раёна споўнілася 18 гадоў, самай старэйшай – 45. У 2022 годзе лідзіруюць імёны Анастасія, Вікторыя, Паліна, Міхаіл, Мацвей, Аляксандр. Рэдкія імёны – Славяна, Ніколь, Мія, Дамір, Рэнат.
У 2021 годзе нарадзілася 155 немаўлят – 84 хлопчыкі і 71 дзяўчынка, двайняткі ў раёне з’явіліся ў трох сем’ях, 37 жанчын сталі мамамі трэці раз, 9 – чацвёрты, 2 – шосты. Самай маладой матулі споўнілася 17 гадоў, старэйшай – 44 гады. Папулярныя імёны 2021 года – Марыя, Эмілія, Арцём, Аляксандр, Міхаіл, рэдкія – Мікаэль, Самуіл, Даніэль, Евангелля, Эрыка, Багдана.
У 2016 годзе на свет з’явілася 222 дзіцяці, з іх 121 хлопчык і 101 дзяўчынка, у адной сям’і нарадзіліся двайняткі, мамамі сталі трэці раз 39 жанчын , чацвёрты – 11, пяты – 6. Самай маладой матулі раёна споўнілася 16 гадоў, старэйшай – 43. У лідарах былі імёны Дар’я, Валерыя, Ксенія, Яўгенія, Мілана, Максім, Арцём, Аляксандр, Мацвей, рэдкія – Агнешка, Марыя Магдалена, Злата, Юльян, Марэк.
У 2006 годзе ў Дзятлаўскім раёне нарадзілася 258 дзяцей – 137 хлопчыкаў і 121 дзяўчынка, двайняткі з’явіліся ў трох сем’ях. За 2006 год 20 жанчын выпрабавалі радасць мацярынства трэці раз, 8 – чацвёрты, 2 –пяты, 1 – шосты і 1 – сёмы. Самая маладая матуля была 18-ці гадоў, старэйшая – 46-ці. Папулярныя імёны – Дар’я, Паліна, Анастасія, Данііл, Ягор, Аляксандр, рэдкія – Зарына, Аліцыя, Іларыя, Герман, Радзівон.
У 1996 годзе на свет з’явілася 336 немаўлят – 170 хлопчыкаў і 166 дзяўчынак. Двайняткі нарадзіліся ў дзвюх сем’ях, сталі мамамі трэці раз – 28 жанчын, чацвёрты – 7, пяты – 3, сёмы – 1. Самай маладой матулі раёна споўнілася 17 гадоў, старэйшай – 45.
Лідзіравалі імёны Анастасія, Таццяна, Вольга, Дзмітрый, Дзяніс, Аляксандр, Андрэй, самыя рэдкія – Барыс, Руслан, Бажэна, Арына.
Святлана ВІНАКУРАВА,
галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga