Кірыл Кедук — беларускі піяніст з сусветным іменем, лаўрэат больш за 15 міжнародных конкурсаў. Артыст выступаў на самых прэстыжных канцэртных пляцоўках. У ліку іх — Steinway Hall у Нью-Ёрку, Mozarteum у Зальцбургу, Sala Verdi ў Мілане, Bridgewater Hall у Манчэстары, Teatro Politeama Garibaldi ў Палерма, Hamarikyu Asahi Hall у Токіа. І гэта — за няпоўныя 28 гадоў.

Kedyk

На дасягнутым вядомы музыкант не спыняецца: сёлета аматары класічнай музыкі змогуць пабачыць на адной сцэне выступленне Кірыла Кедука і вядомага беларускага віяланчэліста Івана Карызны, дарэчы, ураджэнца Дзятлаўшчыны.

Іх сумесны еўрапеўскі тур пройдзе ў жніўні-верасні. Як узнікла яго ідэя, карэспандэнтка газеты пацікавілася непасрэдна ў Кірыла Кедука. Ён таксама  адказаў на пытанні, якія датычацца жыцця і творчасці ўвогуле, а таксама захапленняў.

ЛЯ МУЗЫЧНЫХ ВЫТОКАЎ

— Кірыл, вы нарадзіліся ў Гродне, тым не менш, часта бываеце ў Дзятлаве. Што звязвае вас з нашым рэгіёнам?

— У Дзятлаве жыве мой дзядзька, а ў суседніх Хадзяўлянах —  бабуля. Я вельмі люблю прыязджаць да іх, наведваць Дзятлава. Як  і суседні Навагрудак. Гэта прыгожыя гістарычныя мясціны.

— Цяпер вы ўжо сусветна вядомы піяніст. А  калі адбыўся ваш першы выхад на вялікую сцэну?

— Калі казаць пра вялікую сцэну, то ва ўзросце 10 гадоў я выступіў разам з сімфанічным аркестрам у Белдзяржфілармоніі. А, увогуле, выступаць на сцэне пачаў ва ўзросце 7 гадоў.

— Азіраючыся назад, як лічыце, тое, што вы сталі музыкантам, з’яўляецца нейкім наканаваннем лёсу, заканамернасцю або свядомым выбарам?

— Я нарадзіўся ў сям’і музыкантаў, таму з дзяцінства мяне накіроўвалі менавіта па гэтай дарозе. З аднаго боку, у мяне не было выбару, але ў той жа час я быў задаволены тым шляхам, які прадаставілі мне бацькі. З цягам часу мне гэта пачало падабацца, а потым стала і  сэнсам жыцця.

— Кірыл, за час творчай дзейнасці вы выступалі на розных канцэртных пляцоўках у многіх краінах свету. Ці адрозніваецца іх публіка?

— Так, адрозніваецца. Публіка ў розных краінах, і нават у гарадах,  непаўторная, не падобная адна на адну. Аднак пры ўсім яе адрозненні заўжды  адчуваецца, калі сапраўды слухаюць тваё выступленне ,– ствараецца такая  выключная атмасфера ў зале.

— А як на гэтым фоне бачацца беларускія гледачы?

— Добра. Я вельмі люблю выступаць у Беларусі. Заўжды прыемна даваць тут канцэрты.

АД ДЭБЮТНАГА АЛЬБОМА ДА ФЕСТЫВАЛЮ

— У 2013 годзе вы выпусцілі свой дэбютны альбом і ініцыявалі правядзенне Міжнароднага фестывалю Tyzen House ў Гродне. Раскажыце падрабязней пра гэтыя падзеі.

— Ёсць такая вялікая карпарацыя “Kempinski” . Яна дапамагала таленавітым маладым людзям, я таксама быў сярод тых, каго апекаваў фонд. Кампанія аплаціла  маю вучобу і пражыванне ў Італіі. Таксама спансіравала выхад дэбютнага дыска. Ён запісваўся ў Берліне адным з лепшых нямецкіх гукарэжысёраў. Гуказапісвальная кампанія таксама вядомая —  “Delos”. Гэта  кампанія,  кантракт з якой мае Дзмітрый Хварастоўскі. Дарэчы, мяне нядаўна  пазнаёмілі з гэтым вядомым артыстам, калі з канцэртам ён прыязджаў у Мінск.

На жаль, цяпер ён хварэе. Жадаю яму хутчэйшага выздараўлення.

Назва ў майго дэбютнага альбома “Му Рolish Diary” —  “Мой польскі  дзённік”. Альбом прысвечаны майму бацьку, паляку па паходжанні. У Польшчы фактычна вырас і я: пераехаў туды, калі мне было 13 гадоў. 9 гадоў жыў у Гданьску. Такім чынам, Польшча — гэта мая другая радзіма. І ў маім дэбютным альбоме — музыка выключна польскіх кампазітараў.

— Кірыл, а  якімі знакавымі падзеямі быў напоўнены прайшоўшы перыяд бягучага года?

— У асабістым жыцці — гэта нараджэнне сына. А ў творчым жыцці — праекты, ідэі, прапановы. Усё ідзе сваёй чаргой. Займаюся работай. Іграю. Езджу на гастролі. Рыхтуюся да чарговага фестывалю TyzenHouse. Плануецца, што ён  пройдзе напрыканцы лістапада.

— У ліку сёлетніх праектаў і сумеснае выступленне з Іванам Карызнам. Як даўно вы знаёмы з ім?

— Знаёмы мы не так даўно. Каля двух гадоў. Пазнаёміліся на першым фестывалі TysenHouse ў Гродне.  Іван выступаў на заключным канцэрце. Праз некаторы час узнікла ідэя сумеснага гастрольнага туру. Пачнецца ён з сярэдзіны жніўня канцэртнай праграмай у Галандыі.

— Кірыл, пры ўсё вашай загружанасці, як вы адпачываеце і ці адпачываеце ўвогуле?

— Адпачыць па-сапраўднаму атрымалася толькі адзіны раз — два гады таму ў Егіпце.  Астатнія  замежныя паездкі практычна заўсёды звязаны з канцэртнымі выступленнямі.

— Кажуць, што талент — гэта толькі 10% ад поспеху. Астатнюю частку складае работа. Колькі часу ў дзень вы працуеце над удасканаленнем свайго майстэрства?

— Па-рознаму. Стараюся іграць  па чатыры гадзіны ў дзень. Цяпер шмат часу займае падрыхтоўка  да еўрапейскага туру  з Іванам Карызнам, да фестывалю ў Гродне. Даводзіцца вырашаць шмат арганізацыйных момантаў. Тым не менш, у мяне  гэта атрымліваецца і нават падабаецца.

МУЗЫКА, ФУТБОЛ І КНІГІ

— Кірыл, ведаю, што вашым захапленнем з’яўляецца футбол. Як даўно “хварэеце” ім?

— З дзяцінства. Нават некаторы час спрабаваў гуляць у прафесійнай футбольнай секцыі.

А вось у  дваровы футбол я гуляю дастаткова доўга. Гуляю так часта, як у мяне гэта атрымліваецца. Хаця б раз на тыдзень.

— А ці ёсць у вас любімая футбольная каманда?

—  “Арсенал”(Лондан).

— Кірыл , напрыканцы размовы, якую параду вы можаце даць  музыкантам, якія толькі-толькі пачынаюць свой творчы шлях?

— Нейкага адзінага ўніверсальнага правіла няма. Трэба працаваць. Верыць у сябе, спрабаваць развіваць культуру.

Бліц-апытанне:

Любімая пара года: у Беларусі гэта лета. А ў Паўднёвай Еўропе  — вясна. Летам там вельмі спякотна.

Любімы кампазітар: Шуман.

Музыка,  якая падабаецца: паўднёваамерыканская музыка, крыху — джаз.

Любімы пісьменнік і кніга:

“Майстар і Маргарыта” Булгакава. У ліку любімых пісьменнікаў — Дастаеўскі, Гогаль, Чэхаў, Маркес.

Любімае кіно:вялікае ўражанне аказала карэйская стужка “Олд бой”.

Жыццёвы дэвіз: пэўнага няма. Проста імкнуся быць у добрым настроі. Трэба радавацца таму, што ёсць.

А. ДУБРОЎСКАЯ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Прямая линия

Прямая линия

15 января, 2025
ГрадусПлюс. Гэта немагчыма есці
Працуюць тэлефоны гарачай лініі

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации