На базе Дзятлаўскага раёна прайшлі выязныя практычныя заняткі для асобаў, уключаных у перспектыўны кадравы рэзерв Гродзенскай вобласці па тэме “Практыка работы з кадрамі ў дзяржаўных установах і арганізацыях Дзятлаўскага раёна”.
Дзятлаўшчыну наведалі 20 маладых людзей, якія працуюць у дзяржаўных структурах і арганізацыях розных раёнаў нашага рэгіёна.
Семінар пачаўся ў райвыканкаме, дзе старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі пазнаёміў удзельнікаў мерапрыемства з самабытным, разнапланавым, працавітым і творчым Дзятлаўскім раёнам, яго сацыяльна-эканамічным становішчам і перспектывамі развіцця, ключавымі прадпрыемствамі і турыстычнымі жамчужынамі, вядомымі на ўсю Беларусь і за яе межамі, – санаторыямі “Радон ” і “Альфа Радон”. Ён заўважыў, што ў адрозненне ад падобных невялікіх раёнаў пераважнае месца ў эканоміцы Дзятлаўшчыны займае не сельская гаспадарка, а прамысловасць, прадстаўленая 9 прадпрыемствамі.
– Хачу пажадаць усім прысутным тут маладым спецыялістам ніколі не пераставаць вучыцца новаму і перадавому, працоўных поспехаў, прафесійнага і кар’ернага росту, – зазначыў Аляксандр Станіслававіч.
Гісторыяй уласнага прафесійнага станаўлення падзяліўся з маладымі людзьмі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. Ён пажадаў удзельнікам семінара быць упэўненымі ў сваім жыццёвым выбары і не баяцца браць на сябе адказнасць кіраўніка.
На ключавым пытанні работы з кіруючымі кадрамі ў Дзятлаўскім раёне засяродзіў увагу начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Сяргей Багдановіч.
– Кожны кіраўнік вырастае са спецыяліста, якога павінны заўважыць і пры яго жаданні зарыентаваць на далейшы кар’ерны рост, – адзначыў ён.
Згодна з дадзенымі статыстыкі ў Дзятлаўскім раёне сярэдняя колькасць работнікаў за студзень-верасень 2022 года – 7503 чалавекі, 698 з іх – кіраўнікі. Сярэдні ўзрост работнікаў, занятых у эканоміцы раёна, складае 45 гадоў, у той жа час прадаўжаюць працаваць у пенсійным узросце 9,7% ад агульнай колькасці працуючых. Найбольш высокі працэнт працоўнай моладзі ва ўзросце да 31 года прадстаўлены ў сферы прамысловасці.
У раёне запатрабаваныя спецыялісты сферы аховы здароўя (дактары-спецыялісты, медыцынскія сёстры, акушэркі, фельчары), сельскай гаспадаркі (ветэрынарныя дактары, заатэхнікі, ветэрынарныя фельчары), таксама культарганізатары, бухгалтары, загадчыкі гаспадаркі і іншыя. Сярод рабочых спецыяльнасцяў у павышаным попыце работнікі сельскай гаспадаркі (трактарысты, аператары машыннага даення, жывёлаводы), электраманцёры, прадаўцы, вадзіцелі аўтамабіля, электрагазазваршчыкі.
Дзятлаўскі райвыканкам мэтанакіравана праводзіць работу з рэзервам кадраў. Састаў рэзерву штогод абнаўляецца прыкладна на 18%, забяспечваецца накіраванне кандыдатаў для перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Інстытут дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, на семінары Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, у ведамасныя навучальныя ўстановы.
Кіраўніцтва раёна і кіраўнікі арганізацый правільна разумеюць задачу па забяспечанасці кадрамі, прымаюць меры па захаванні і павышэнні кадравага патэнцыялу.
– Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь быў складзены спіс функцый прафесійнай дзейнасці кіраўніка, якія ўваходзяць у лік адукацыйных стандартаў перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў. Прапаную вам “прымерыць” іх на сябе і падумаць, ці здольны кожны з вас быць добрым кіраўніком, – прапанаваў Сяргей Пятровіч.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з рэалізацыяй на Дзятлаўшчыне асноўных напрамкаў дзяржаўнай моладзевай палітыкі.
З мэтай замацавання маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы органамі ўлады, працоўнымі калектывамі, грамадскімі арганізацыямі праводзіцца пэўная работа.
Асноўнымі яе формамі з’яўляюцца настаўніцтва, стажыроўка, прыцягненне маладых спецыялістаў да грамадскага жыцця калектыву. Моладзь забяспечваецца жыллём (прадастаўляецца кватэра ў інтэрнаце, арэнднае жыллё, выплачваецца кампенсацыя). Маладыя спецыялісты, якія прыбываюць працаваць у наш раён, актыўна запрашаюцца да ўдзелу ў грамадскім жыцці, культурна-масавай, спартыўнай, экскурсійнай дзейнасці.
– На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі праводзіцца сістэмная работа па падтрымцы маладых грамадзян, іх сацыяльным станаўленні і развіцці, усебаковай рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах грамадства, – падвяла вынік Вольга Мікалаеўна.
Аб сістэме работы па развіцці турыстычнага патэнцыялу і захаванні гістарычнай спадчыны на прыкладзе Дзятлаўскага раёна расказала галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка.
У межах культурнай праграмы госці нашага раёна наведалі Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, гістарычны цэнтр горада, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе экскурсавод Алена Абрамчык пазнаёміла маладых людзей з гістарычнай і культурнай спадчынай нашага раёна.
Семінар прадоўжыўся практычнай часткай: удзельнікі мерапрыемства наведалі флагман сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна – ААТ “Граніт-Агра”.
Дырэктар гаспадаркі Станіслаў Мазур пазнаёміў гасцей з метадамі кадравай работы, якія прымяняюцца ў іх працоўным калектыве. Базавымі прынцыпамі яе з’яўляецца добрая прыказка : дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Станіслаў Станіслававіч і яго калектыў праводзяць вялікую работу для “вырошчвання” добрых спецыялістаў і “класных” кіраўнікоў з ліку мясцовай моладзі. Для гэтага таварыства актыўна супрацоўнічае з Круцілавіцкай сярэдняй школай, дзе функцыяніруюць аграрныя класы, накіроўвае на вучобу абітурыентаў, будучых работнікаў сельскай гаспадаркі, прадастаўляючы прыемны бонус у выглядзе стыпендыі ад будучага наймальніка. Не застаюцца ў накладзе і маладыя спецыялісты, якія атрымліваюць жыллё, грунтоўнае грашовае стымуляванне, магчымасці для разнастайнага баўлення вольнага часу і кар’ернага росту. Дырэктар ААТ “Граніт-Агра” падкрэсліў, што пастаянна давярае перспектыўнай моладзі кіруючыя пасады і не памыляецца ў сваім выбары.
Між тым, ён заўважыў, што месца намесніка дырэктара на сёння вакантнае. Яно чакае матываванага, амбіцыёзнага кіраўніка. На што ўдзельнікі семінара спыталі Станіслава Станіслававіча, якімі якасцямі павінен валодаць кандыдат.
– Галоўнае патрабаванне – чалавечыя якасці, надзейнасць: такому чалавеку я павінен давяраць, як сабе, і спадзявацца на яго, – адказаў ён. – Акрамя таго, заўсёды вітаю і падтрымліваю талковыя ініцыятывы, рух “знізу”, ад калектыву да кіраўніка.
Старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых расказала аб вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва ў іх сельскім савеце.
Па меркаванні дырэктара Круцілавіцкай сярэдняй школы Сяргея Гузоўскага, дастойныя кадры трэба фарміраваць, пачынаючы са школьнай парты. Навучальная ўстанова актыўна працуе ў напрамку фарміравання кадравага патэнцыялу для сельскай гаспадаркі: у школе працуюць аграрныя класы, наладжана супрацоўніцтва з вядучымі сельскагаспадарчымі ВНУ нашай краіны. Акрамя гэтага, школьнікаў вучаць весці свой бізнес, планаваць яго, падлічваць рызыкі і граматна ўкладваць сродкі. На базе школы яе навучэнцы самі вырошчваюць дэкаратыўныя кветкі і таматы, збіраюць ураджай гатункавых яблыкаў і нават гадуюць пародзістых трусоў на продаж. Заробленыя сродкі ідуць на патрэбы навучальнай установы і ўкладваюцца ў новыя бізнес-праекты.
Маладых людзей запрасілі ў школьны музей сельскай гаспадаркі і беларускага побыту, дзе краязнаўца Сяргей Каско і юныя экскурсаводы пазнаёмілі гасцей з экспазіцыяй.
Завяршэннем насычанай праграмы семінара стала наведванне Дварэцкага льнозавода, дзе яго ўдзельнікі пазнаёміліся з умовамі працы і спосабамі матывацыі работнікаў прадпрыемства. Маладых людзей зацікавіла тэхналогія апрацоўкі лёну, сістэма аховы працы і рэалізацыя прадукцыі завода.
Прадстаўнікі кадравага рэзерву Гродзенскай вобласці пакінулі Дзятлаўшчыну з новымі ўражаннямі, невялікімі памятнымі падарункамі і тэмай для разваг аб месцы і перспектывах маладых работнікаў у эканоміцы і кіруючым апараце раёнаў, вобласці, нашай краіны ў цэлым.
Наталля АВЯРЧУК