У рамках Адзінага дня інфармавання Дзятлаўшчыну наведаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва “Беларусь”, журналіст, пісьменнік, краязнаўца, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, Міжнароднай прэміі “Зоркі Садружнасці” і літаратурнай “Залаты купідон” Аляксандр Карлюкевіч.

Ён правёў размову з работнікамі сферы культуры нашага раёна, удзел у якой прымалі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова.

– Учора я быў на сустрэчы аўтараў кнігі “Наш Прэзідэнт” з калектывам Нацыянальнай акадэміі навук, дзе выступалі разам з яшчэ адным сааўтарам выдання Аляксандрам Радзьковым – генератарам, сэрцам і душой праекта. Мяркую, вы ўжо бачылі кнігу, ведаю, што яна ёсць у раённай бібліятэцы, куды мы заязджалі некалькі хвілін таму. Тэмай жа цяперашняй сустрэчы з’яўляецца “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – прававы падмурак адзінства і працвітання беларускага народа”, – задаў тон размове госць.

Чаму прагучала такое ўступленне, стала зразумела з далейшага аповеда Аляксандра Карлюкевіча. Ён расказаў, што 15 сакавіка 1994 года – адна з ключавых дат у гісторыі суверэннай Беларусі. У гэты дзень была прынята Канстытуцыя, якая ўпершыню ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці замацавала статус рэспублікі як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, устанавіла прынцыпы дэмакратычнага ладу, прыярытэт правоў і свабод чалавека і ўпершыню ў гісторыі краіны ў сістэме вышэйшых органаў дзяржаўнай улады быў уведзены інстытут прэзідэнцтва. Лідарам нашай дзяржавы па выніках прэзідэнцкіх выбараў стаў Аляксандр Лукашэнка. Пад яго паспяховым кіраўніцтвам Беларусь тры дзесяцігоддзі развіваецца як сацыяльна арыентаваная дзяржава, у нас ажыццяўляецца сапраўды народная палітыка, што пацвердзілі чатыры рэферэндумы па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю і замацаванне за Усебеларускім нацыянальным сходам статуса канстытуцыйнага органа. Увогуле Прэзідэнт заўжды надае вялікую ўвагу фармату абмеркавання.

За сур’ёзнай часткай пасяджэння ішла больш творчая: для Аляксандра Карлюкевіча з залы прагучалі пытанні. Дзятлаўчане пацікавіліся, ці праўда, што плануецца выданне кнігі “Наш Прэзідэнт” як трылогіі?

– Інсайты на гэту папулярную тэму з’яўляюцца самыя розныя, аднак наконт трылогіі задумкі не было, – патлумачыў Аляксандр Мікалаевіч. – Са мной у ліку аўтараў гэтага выдання Наталля Эйсмант, Уладзімір Пярцоў, Аляксандр Радзькоў. Мы амаль тры гады працавалі над кнігай. Яна выйшла 20 студзеня 2025 года і была прэзентавана ў Нацыянальнай бібліятэцы, таксама адбыліся прэзентацыі ў дзвюх палатах Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Адміністрацыі Прэзідэнта, а ўчора, як я адзначаў, – у Акадэміі навук. Кніга адна, другая справа, што яна будзе перавыдавацца на розных мовах. Магчыма, “блытаніна” атрымалася з-за таго, што выйшаў ужо другі тыраж. Першы ў пяць тысяч асобнікаў быў больш складаным: яны знаходзіліся ў падарункавых каробках ручной работы. Другі – тыраж гэта дзесяць тысяч асобнікаў. Кнігу чытаюць, даюць ацэнку. У ёй шмат ілюстрацый, запісак Прэзідэнта з даручэннямі па розных сферах жыцця краіны, копія яго ўніверсітэцкай характарыстыкі, камсамольскага білета, перадвыбарная праграма 1994 года, якую можна пачытаць і параўнаць, наколькі яна адпавядае сённяшнім падыходам у будаўніцтве нашай дзяржавы.

Магчыма, пройдзе час, і хтосьці дапоўніць кнігу “Наш Прэзідэнт”, тым больш, што 25 сакавіка адбудзецца інаўгурацыя і адлік новага тэрміну прэзідэнцтва Аляксандра Рыгоравіча. Магчыма, у такім разе з’явіцца і дылогія, і трылогія.
Кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі пацікавіўся ў старшыні Саюза пісьменнікаў, чым будзе адметны ў гэтым годзе Дзень пісьменства, які пройдзе ў Лідзе.

Як аказалася, адна з магчымых “фішак” – устаноўка помніка Валянціну Таўлаю – заходнебеларускаму паэту-камуністу, які бываў у турмах, змагаўся за сацыяльную справядлівасць, рана памёр. Яго імя носяць вуліцы многіх гарадоў Беларусі. Разам з адказам госця прагучала і прапанова для дзятлаўчан – накіраваць у Міністэрства інфармацыі запыт, каб адно з наступных святаў пісьменства прайшло ў Дзятлаве, бо, на думку літаратара, і наш раён мае багатую гістарычную спадчыну, дасягненні, якія могуць зацікавіць наведвальнікаў.

Яшчэ адно пытанне Андрэя Садоўскага тычылася новых твораў Аляксандра Карлюкевіча.
Аўтар расказаў, што апошнім часам разам з архівістам, які дапамагаў у пошуках матэрыялаў, напісаў дзве кнігі “Рашэнні прымае ЦК” і “Звяртаюся ў ЦК”. Яны расказваюць аб зваротах беларускіх пісьменнікаў у гэты орган, там будзе таксама інфармацыя пра нашага вядомага земляка Вячаслава Адамчыка.

Яшчэ адна “свежая” кніга аўтара – “Навагрудчына – літаратурнае гняздо Беларусі”. Паколькі адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне раней было іншым, то ў ёй ёсць старонкі аб Наваельні, Дзятлаве.
Прыемна было пачуць ад Аляксандра Мікалаевіча, што сучаснае пакаленне любіць і чытае папяровыя кнігі. Расказаў ён і аб патрабаваннях, якім павінны адпавядаць рукапісы, калі аўтар імкнецца надрукаваць іх у цэнтральных выдавецтвах Беларусі.

На памяць аб наведванні Дзятлаўшчыны Андрэй Садоўскі падарыў Аляксандру Карлюкевічу кнігу нашага земляка Вадзіма Лакізы “Дзятлава і Дзятлаўскі край”.


Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#единый день информирования #Дятловщина #нашалепшае #нашелучшее