Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва горада Дзятлава аднаўляе сустрэчы наведвальнікаў, якія цяпер праходзяць на свежым паветры.

Чарговая з іх адбылася 22 ліпеня на стадыёне “Колас” райцэнтра. У час яе  было арганізавана асабістае першынство Дзятлаўскага раёна па гарадках сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі на прэмію Дзятлаўскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба. Гульня сабрала 11 ігракоў, сярод якіх былі наведвальнікі “Праменьчыка” ў суправаджэнні спецыяліста аддзялення Валянціны Саламевіч і члены раённай арганізацыі ГА “БелТІ”.

Поспехаў на спратыўнай пляцоўцы ім пажадаў інструктар-метадыст Дзятлаўскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, ён жа галоўны суддзя першынства Аляксандр Белавус.

Па правілах гульні, асаблівых спартсменаў чакалі 10 тураў, кожны з якіх насіў назву адпаведна фігурам для выбівання. Адметна, што амаль усе прысутныя раней не раз гулялі ў гарадкі пад кіраўніцтвам Аляксандра Белавуса і маюць неабходныя навыкі.

Удзельнікі з задавальненнем прыступілі да гульні. На пляцоўку выходзілі па два іграка, кожнаму з іх прадастаўляліся тры спробы, а пры выбіванні ўсёй фігуры – яшчэ і дадатковыя. Сябры і Валянціна Саламевіч актыўна падбадзёрвалі тых, хто браў у рукі біты. Увогуле, атмасфера ў час спаборніцтваў была вельмі добразычлівай.

Ужо пры праходжанні тураў вызначыліся больш паспяховыя ігракі. Так, у шостым туры “серп” лепшы вынік, 6 ачкоў, паказала Кацярына Васільева. А ў восьмым туры “самалёт” лідзіраваў Анатоль Кець, які набраў 9 ачкоў. Варта зазначыць, што яго рэкорд на працягу гульні ў гэты дзень ніхто так і не пабіў.

Па выніках дзесяці тураў найбольш ачкоў (усяго 33) аказалася на рахунку Анатоля Кеця, ігракі Таццяна Рэгіневіч і Васіль Лявошка займелі па 25 ачкоў кожны. Паколькі ўзнікла спрэчная сітуацыя, суддзя прапанаваў вырашыць яе на пляцоўцы дадатковым турам. Напружаны момант – і лепшы вынік, а з ім і другое месца, у  Васіля Лявошкі. Таццяна Рэгіневіч саступіла яму літаральна адно ачко і стала бронзавым прызёрам першынства.

Аляксандр Белаус уручыў пераможцам граматы Дзятлаўскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, а Анатоль Кець за першае месца атрымаў яшчэ і грашовую прэмію клуба ў памеры 49 беларускіх рублёў.

На развітанне Аляксандр Аляксандравіч заклікаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі актыўна наведваць спартыўныя мерапрыемствы, якіх сёлета для іх будзе арганізавана нямала.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

Похожие публикации