З 1 чэрвеня 2018 года на Дзятлаўшчыне працуе камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва раёна.
Чарговае (ужо шостае па ліку) яе пасяджэнне прайшло ў Казлоўшчынскім сельвыканкаме. З мясцовымі беспрацоўнымі сустрэліся не толькі пастаянныя члены камісіі і яе кіраўнік – старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, але і наймальнікі – прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета.
На пачатку пасяджэння старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка коратка ахарактарызаваў сітуацыю з занятасцю, якая склалася на падведамаснай тэрыторыі. Ён зазначыў, што на пасяджэнне камісіі запрошаны 29 жыхароў сельсавета, якія не працуюць. Павесткі ім высылалі загадзя, аднак, хутчэй за ўсё, прыйдуць не ўсе, паколькі пачаўся сезон грыбоў. Увогуле, летам і на пачатку восені беспрацоўныя ў сельскай мясцовасці зарабляюць на ягадах і грыбах, затым ходзяць на копку бульбы. Позняй восенню, калі падобныя крыніцы даходаў адсутнічаюць, праблема занятасці абвастраецца. Тым не менш, два мінулыя кірмашы вакансій тут былі выніковыя. На першы прыйшлі 10 чалавек, 9 з якіх працаўладкавалі. Па выніках другога былі працаўладкаваны яшчэ тры жыхары сельскага савета.
Аляксандр Бараноўскі зазначыў, што і камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва раёна скіравана на выніковае вырашэнне пытанняў, паколькі з 1 верасня актуалізавана база даных працаздольных грамадзян, якія не заняты ў эканоміцы. А ўжо з 1 студзеня 2019 года тыя, чые прозвішчы ўключаць у базу, будуць аплачваць гарачае водазабеспячэнне па тарыфах, што забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат. З 1 кастрычніка 2019 года па такіх жа тарыфах незанятым давядзецца плаціць яшчэ і за цеплазабеспячэнне і газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў. Таму людзі, якія шукаюць работу або трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, павінны ведаць, куды, да каго і навошта ім звяртацца.
Кожнага, хто прыйшоў на пасяджэнне камісіі ў Казлоўшчыне, выслухалі індывідуальна, далі канкрэтныя парады. Усяго ў гэты дзень звярнуліся шэсць чалавек.
Першым у кабінет зайшоў мужчына, які працяглы час не працуе. Па спецыяльнасці ён заатэхнік, але даўно не выкарыстоўваў свае веды на практыцы, затое ў пасёлку яго ведаюць як някепскага будаўніка. Дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм прапанаваў беспрацоўнаму праз месяц-паўтара па дагаворы падраду ўладкавацца ў арганізацыю для выканання будаўнічых работ, а пакуль што ў панядзелак мужчыну запрасілі аформіць дакументы для афіцыйнай пастаноўкі на ўлік у якасці беспрацоўнага.
Тры гады таму працаваў падсобным рабочым у школе жыхар адной з вёсак сельсавета. Цяпер абыходзіцца выпадковымі заробкамі, хаця жаданне працаўладкавацца ёсць. Мужчыну прапанавалі вакансію грузчыка ў ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”. Ён зацікавіўся, паабяцаў прыйсці на сустрэчу з дырэктарам прадпрыемства ўжо ў панядзелак.
Паўтара месяца шукае работу яшчэ адзін жыхар Казлоўшчыны, які да гэтага працаваў па дагаворы падрада на будаўніча-аддзелачных работах. Каб не трапіць у базу незанятых у эканоміцы, мужчыну прапанавалі аформіцца ў падатковай інспекцыі: плаціць збор і выконваць будаўнічыя і гаспадарчыя работы для насельніцтва ў прыватным парадку. Тым не менш, ён выказаў жаданне пры магчымасці ўладкавацца будаўніком, вартаўніком або работнікам па комплексным абслугоўванні.
20 гадоў стажу музычнага кіраўніка ў сістэме адукацыі мае жыхарка Казлоўшчыны, якая да нядаўняга часу працавала кухонным работнікам. Ва ўстановах адукацыі на цяперашні час для яе вакансій не знайшлося. Жанчыне прапанавалі ў панядзелак прыехаць у Дзятлава для пастаноўкі на ўлік у якасці беспрацоўнай.
Такую ж прапанову атрымала яшчэ адна жыхарка пасёлка, але яе сітуацыя больш складаная. Жанчына звольнена з былога месца работы за парушэнне працоўнай дысцыпліны, а нядаўна яе дзіця прызналі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Маці стала абавязанай асобай і павінна будзе працаваць, але ці будзе ў яе такая магчымасць, залежыць ад рашэння суда. У маладой маці маецца непагашаная судзімасць без накіравання ў месцы пазбаўлення волі. За неаднаразовае парушэнне рэжыму адбывання пакарання цяпер яна можа трапіць за краты па рашэнні суда.
У ліпені гэтага года звольніўся з папярэдняга месца работы яшчэ адзін жыхар гарпасёлка, на працягу жніўня ён працаваў на прадпрыемстве прыватнай формы ўласнасці, але не заладзілася. Яму прапанавалі ўладкавацца жывёлаводам у КСУП “Слава працы”. Ужо заўтра раніцай ён сустрэнецца з кіраўніком гаспадаркі.
Напрыканцы пасяджэння члены камісіі завочна азнаёміліся з гісторыямі тых беспрацоўных, якія праігнаравалі запрашэнні, абмеркавалі найбольш складаныя жыццёвыя сітуацыі людзей.
Ірына КАЎКЕЛЬ