У Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы вялікая ўвага надаецца падбору кадраў.

На службу сюды прымуць не кожнага. Чым прываблівае гэта нялёгкая і пачэсная справа, карэспандэнтка газеты пацікавілася ў супрацоўнікаў аддзела.

Дзяніс Шэўчык, кіраўнік службы міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы:

– Працую ў міліцыі з 2006 года. Сваё прафесійнае станаўленне пачынаў у Ленінскім аддзеле Дэпартамента аховы горада Гродна: служыў у групе затрымання міліцыянерам-кінолагам. У 2010 годзе перавёўся на службу ў Гродзенскае абласное ўпраўленне Дэпартамента аховы на пасаду малодшага інспектара-кінолага гадавальніка службовых сабак. У Дзятлава для праходжання службы на кіруючай пасадзе прыбыў у 2018 годзе. Падраздзяленне міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы самае вялікае ў аддзеле. Наша справа патрабуе пастаяннай аператыўнасці, уважлівасці, камунікабельнасці. Даводзіцца праводзіць рабочыя сустрэчы, прапаноўваць паслугі па ахове ўсіх формаў уласнасці з дапамогай трывожнай сігналізацыі, міліцэйскай і вартавой аховы. Служба аховы – абсалютны гарант захаванасці маёмасці сваіх кліентаў. Нашы супрацоўнікі нясуць баявое дзяжурства круглыя суткі, нездарма дэвізам Дэпартамента аховы з’яўляецца фраза “Надзейнасць. Бяспека. Прафесіяналізм”.

Ілья Кулікоўскі, кіраўнік службы сродкаў і сістэмаў аховы:

– Я вырас у сям’і гродзенскага міліцыянера. Мой бацька Юрый Станіслававіч міліцэйскай справе аддаў каля трыццаці гадоў. Услед за ім я таксама вырашыў стаць праваахоўнікам. Стартавай пляцоўкай у прафесію для мяне стаў Дзятлаўскі аддзел аховы, куды я прыйшоў служыць у верасні 2020 года пасля заканчэння вучэбнага цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Дэпартамента аховы ў Гаранях. Кіраўніцтва аддзела аказала мне давер – прапанавала ўзначаліць службу сродкаў і сістэмаў аховы. Я ўжо атрымаў службовае жыллё, маю дастойную зарплату, ёсць перспектывы кар’ернага росту. Пра гэтыя і іншыя “бонусы” расказаў сваёй гродзенскай дзяўчыне Кацярыне Касай – і пасля праходжання навучання яна таксама працуе ў нашым аддзеле з далейшай перспектывай атрымання вышэйшай адукацыі і назначэння на афіцэрскую пасаду. Служыць у ахове нам падабаецца.

Сяргей Бялуга, міліцыянер узвода міліцыі:

– Родам я з горада Скідзеля, а ў Дзятлаве жывуць бацькі жонкі, таму і вырашыў уладкоўвацца ў Дзятлаўскі аддзел Дэпартамента аховы. Чаму вырашыў стаць менавіта праваахоўнікам? Прывабілі прэстыж і стабільнасць гэтай прафесіі. Служу крыху менш за месяц, але з упэўненасцю магу сказаць, што ў дзятлаўскім аддзеле працуе згуртаваны, моцны калкетыў, якому можа пазайздросціць любае гарадское падраздзяленне. Прынялі мяне добра, старэйшыя калегі ахвотна тлумачаць, як дзейнічаць у той ці іншай службовай сітуацыі. Вучуся ў іх з задавальненнем. У далейшым планую стаць міліцыянерам-кінолагам.

Максім Кастусік, міліцыянер узвода міліцыі:

– Я нарадзіўся на Дзятлаўшчыне, таму і работу вырашыў шукаць на малой радзіме. Раней не планаваў працаваць у міліцыі, аднак пасля тэрміновай службы ў пагранічных войсках усур’ёз задумаўся аб прафесіі праваахоўніка. Аб сваім выбары не шкадую. Цяпер у Дзятлаўскім аддзеле дэпартамента аховы праходжу службу, знаёмлюся з прамудрасцямі новай прафесіі.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

Предыдущая новость

Следующая новость

Похожие публикации