Жыхар Дзятлава Юрый Скрундзь служыць у Лідскім пагранатрадзе з кастрычніка 2023 года. Перад тым як размеркавалі ў пагранічнікі, прайшоў прафадбор, тэсты на стрэсаўстойлівасць, бо для гэтай службы проста быць здаровым недастаткова.
Хлопец прызнаецца: усё, што спасцігаў у навучальным пункце, было новае – пагранічная справа, стральба, тактыка пагранслужбы, тапаграфія… Вывучаў такое абсталяванне і сродкі аховы граніцы, пра якія нават не чуў, многае стала адкрыццём. Цяпер ён з таварышамі ўмее ўсім карыстацца і разумее, што гэта тэхніка надзейна служыць справе.
Юрый праходзіць службу вадзіцелем на адной з пагранічных застаў. Пры ўзнікненні небяспечнай абстаноўкі на ўчастку выязджае для пошуку і затрымання парушальнікаў. Так і здарылася ў адзін з выездаў.
– Прыбылі на ўчастак, заўважылі невядомых і накіраваліся на затрыманне, – расказвае ён. – Парушальнікі былі на трох машынах, у якіх знаходзіліся больш за 100 газавых балонаў і 9 аэрастатычных шароў для дастаўкі кантрабанды ў Літву. Праскочыць ім не ўдалося. Парушальнікі не супраціўляліся, разумеючы, што перад імі прадстаўнікі пагранічнай службы.
Прайшло крыху больш за год з таго часу, як дзятлаўчанін пачаў служыць, а ўжо мае знак “Удзельнік затрымання”.
– Я ішоў служыць па сваім жаданні, – прызнаецца Юрый. – У самым пачатку “прыціраліся” адзін да аднаго ў калектыве. Пасля з’явіліся таварышы. Лічу, кожны мужчына павінен адказна падыходзіць да абранай справы. А калі ты ўсё ўмееш і не сумняваешся ў сваіх дзеяннях, то і ўпэўненасць ёсць. Больш за тое, прыйшло адчуванне, што, знаходзячыся на ахове граніцы, выконваеш асаблівую місію: за намі не проста лес або поле, за нашай спінай – Радзіма.
Падрыхтавала Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga