У Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава прайшла ўрачыстасць, прысвечаная 85-гадоваму юбілею з дня ўтварэння АУС райвыканкама і надыходзячаму прафесійнаму святу – Дню міліцыі.
Асабовы састаў аддзела і ветэранаў службы прыйшлі павіншаваць кіраўніцтва раёна, калегі з сілавога блока, духавенства, партнёры арганізацыі, школьнікі.


Нагадаў гісторыю міліцыі Дзятлаўшчыны і павіншаваў усіх з адметнай датай начальнік АУС райвыканкама Вадзім Шчурскі:
– Гісторыя нашага аддзела – гэта не толькі даваенныя і пасляваенныя падзеі, гэта і дзень сённяшні. Сучасныя выклікі і пагрозы патрабуюць ад ахоўнікаў правапарадку штодзённага ўдасканалення асабістага і службовага майстэрства, каб на высокім прафесійным узроўні вырашаць задачы, пастаўленыя перад органамі ўнутраных спраў. Упэўнены, што з пастаўленымі задачамі мы справімся, бо ў калектыве аддзела працуюць прафесіяналы сваёй справы, сумленныя і шчырыя супрацоўнікі. Ваша самаадданая праца дае свае вынікі. За безэмацыйнымі лічбамі папярэджаных і раскрытых злачынстваў – напружаная работа і бяссонныя ночы. Глыбокую ўдзячнасць і павагу выказваю ветэранам за шматгадовую верную службу ў сістэме МУС і сённяшняюю грамадскую работу. У аснове нашых дасягненняў – ваш багаты вопыт і адданасць выбранай прафесіі. Асаблівыя словы адрасую родным і блізкім супрацоўнікаў аддзела: сённяшні юбілей і надыходзячы Дзень міліцыі – наша агульнае свята. Сваім цяплом і клопатам вы дапамагаеце нам праходзіць нялёгкія службовыя будні, забяспечваеце надзейны тыл. Жадаю моцнага здароўя, поспехаў у службе, шчасця і дабрабыту.


Шчырыя словы віншавання у адрас міліцыі раёна выказаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

– Наша спакойнае мірнае жыццё забяспечваецца штодзённай, часам малазаўважнай, але дзейснай працай людзей у міліцэйскай форме. За 85-гадовую гісторыю дзятлаўскай міліцыі многае змянілася ў структуры, аснашчэнні, метадах работы, змянілася некалькі пакаленняў асабовага саставу. Аднак заўсёды заставаліся нязменнымі прафесіяналізм, надзейнасць і мужнасць супрацоўнікаў, якія рашуча супрацьстаяць злачыннасці, забяспечваюць правапарадак і бяспеку грамадзян. Ваш высокі прафесіяналізм, вопыт, майстэрства фарміруюць асновы сённяшніх поспехаў і дасягненняў. Спакой, давер і ўпэўненасць грамадзян у сваёй бяспецы – самая высокая ацэнка работы супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. У гэты святочны дзень ад імя Дзятлаўскага райвыканкама дазвольце падзякаваць вам за вернасць абавязку, сумленную службу на карысць Дзятлаўшчыны. Упэўнены, што і ў далейшым вы будзеце прыкладваць максімум намаганняў для забеспячэння бяспекі жыхароў нашага раёна. Жадаю вам мірнага неба, дабрабыту, поспехаў у справах.
Андрэй Уладзіміравіч уручыў супрацоўнікам аддзела заслужаныя ўзнагароды. Ганаровай граматай Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны Дзмітрый Плаўскі і Аляксандр Скварчынскі, падзячнымі лістамі старшыні Дзятлаўскага райвыканкама – Дзяніс Жыбарт, Сяргей Ігнацік, Вадзім Кот, а таксама ветэраны міліцыі Анатоль Альшэўскі і Уладзімір Павачка.








Да віншаванняў далучыўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён уручыў Ганаровыя граматы Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Вользе Дулебянец і Таццяне Ціхан, падзячныя лісты старшыні райсавета – Аляксандру Ламаку, Аксане Мікуцінай, Кацярыне Палуносік.












Вішаванні ад абласнога кіраўніцтва МУС і ўзнагароды да свята дзятлаўскім калегам прывёз начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Астрашэўскі.
Ён зачытаў вішавальны адрас начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрыя Разянкова:
– Паважаны Вадзім Васільевіч, паважаныя супрацоўнікі аддзела, дарагія ветэраны! Прыміце шчырыя віншаванні з нагоды 85-годдзя ўтварэння аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама. Жадаю вам і вашым сем’ям моцнага здароўя, аптымізму, дабрабыту, мірнага неба, рэалізацыі ўсіх планаў і пачынанняў. Няхай з лёгкасцю пакараюцца новыя вяршынi, рэалізуюцца планы. Захавайце і памножце усё найлепшае, што ёсць у жыцці.
Дзмітрый Уладзіміравіч уручыў кіраўніку АУС райвыканкама сертыфікат на аўтаматызаванае рабочае месца. Падзякай мiністра МУС быў адзначаны Віталь Грышук, нагрудным знакам “Выдатнік міліцыі” – Уладзімір Кушаль, узнагародамі УУС Гродзенскага аблвыканкама – Дзмітрый Плаўскі, Алена Кухарчык, Міхаіл Ламака. Кіраўніцтва і ветэраны аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама былі ўзнагароджаны юбілейнымі медалямі “80 гадоў УУС Гродзенскага аблвыканкама”.




















Узнагароды АУС райвыканкама калегам, а таксама кіраўнікам ваенна-патрыятычнага выхавання і педагогам школ Дзятлаўшчыны ўручыў кіраўнік аддзела Вадзім Шчурскі.









У гэты дзень калектыў аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама прымаў шмат віншаванняў, цёплых словаў, падарункаў і ўзнагародаў ад духавенства, таварышаў па сілавым блоку раёна, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый раёна.











Сваіх куратараў поўным саставам прыйшоў павіншаваць і патрыятычны клуб “Сокал” сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча разам са сваімі кіраўнікамі і дырэктарам установы Іванам Кібінем. Школьнікі падзякавалі сваім настаўнікам і зрабілі ім музычны падарунак.





Урачыстасці святу дадало музычнае суправаджэнне ў выкананні Новаяльнянскага духавога аркестра і артыстаў Дзятлаўшчыны.



Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga