У Мінску ў Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа” прайшла міжнародная вясновая выстава-кірмаш турысцкіх паслуг “Адпачынак-2022”.

На выставе працавала шмат тэматычных пляцовак, на якіх прадстаўнікі розных краін, рэгіёнаў, дзяржаўных арганізацый, прыватных фірмаў і аграсядзібаў дэманстравалі свае турысцкія паслугі і прадукты, патэнцыял. Акрамя гэтага, у рамках міжнароднай сустрэчы прайшло пленарнае пасяджэнне на тэму “Прэзентацыя новых аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры”, на якім начальнік аддзела маркетынгу санаторыя “Радон” Яўген Емяльянчык падзяліўся вопытам работы па пытаннях абнаўлення турыстычнай інфраструктуры дзятлаўскай здраўніцы, у прыватнасці, адзначыў, што санаторый карыстаецца папулярнасцю як у беларусаў, так і ў замежных гасцей. У сувязі з гэтым згодна з дзяржаўнай праграмай “Беларусь гасцінная” на 2021-2025 гады ўжо летась у эксплуатацыю быў уведзены новы чацвёрты корпус “Радона”. Спецыяліст прадставіў пералік аздараўленчых, дыягнастычных і лячэбных паслуг санаторыя, пазначыў колькасць прыезджых айчынных і замежных турыстаў, наглядна прадэманстраваў розныя аб’екты турыстычнай інфраструктуры, паказаў умовы пражывання і харчавання гасцей.

Турыстычны патэнцыял Дзятлаўшчыны на выставе-кірмашы прадстаўлялі загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда і галоўны спецыяліст Наталля Калодка.

Як праходзіла прэзентацыя нашага раёна, расказала Наталля Калодка:

– Вельмі рады, што пабывалі на выставе. Мерапрыемства такога ўзроўню дазваляе не толькі прадставіць багаты турыстычны патэнцыял нашага раёна, але і пераняць і прымяніць у будучыні вопыт, які мы атрымалі ад убачанага на іншых тэматычных пляцоўках, узялі з прэзентацый і даведаліся пры размовах з калегамі. Да ўдзелу ў выставе-кірмашы рыхтаваліся сур’ёзна і старанна. Распрацавалі інфармацыйна-рэкламную прадукцыю, праз якую прэзентавалі розныя маршруты Дзятлаўшчыны, іх у раёне – дванаццаць. Прыемна, што наш веламаршрут яшчэ афіцыйна не адкрыты, аднак ужо трапіў у топ-5 турыстычных маршрутаў Гродзеншчыны, апублікаваны ў адным з блогаў Нацыянальнага агенцтва па турызме Рэспублікі Беларусь. Да яго была павышаная цікавасць на тэматычнай пляцоўцы: наведвальнікі задавалі пытанні, разглядалі прадстаўлены буклет. Таксама паліграфічная прадукцыя была і па падзейным турызме. Для атрымання больш падрабязнай інфармацыі жадаючыя маглі адсканіраваць QR-код і паглядзець відэапрэзентацыі ўсіх маршрутаў, у тым ліку перайсці па прамой спасылцы на сайт раённай газеты “Перамога” і даведацца дадаткова аб брэндавых мерапрыемствах Дзятлаўшчыны: фестывалі сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”, абрадзе “Юр’е”, святах мёду, яблыкаў, лёну і вышыванкі.

Цікава было паслухаць прадстаўнікоў Рэспублікі Венесуэла, якія прэзентавалі турыстычны патэнцыял роднай краіны. У іх моры, акіяны…, а ў нас – рэкі! Мы іх выкарыстоўваем для развіцця воднага турызму, прапануем гасцям дзятлаўскага краю сплавы на байдарках. Варта адзначыць, что на міжнароднай выставе такую паслугу прапанавалі толькі камерцыйныя арганізацыі на дзвюх тэматычных пляцоўках. Вельмі шырока быў прадстаўлены аздараўленчы турызм. У Венесуэлы мы “ўзялі на аловак” турыстычны лайфхак – відэаводзывы. І праўда, чаму б турыстам не пакідаць відэакаментарыі адразу пасля атрымання паслугі, навошта адкладваць свае ўражанні на доўгі час. Таксама адзначылі, што неабходна мець асобнае месца, дзе цэнтралізавана будзе размешчана ўся сувенірная прадукцыя. Нам ёсць што паказаць і да чаго імкнуцца. Мы развіваемся ў правільным напрамку, выкарыстоўваем сучасныя і даступныя падыходы.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации