Пераднавагодні перыяд – самы казачны час, калі і дзеці, і нават дарослыя чакаюць для сябе хоць маленькі цуд.
Добрым чарадзеем для юных жыхароў Дзятлаўшчыны, якія маюць найбольшую патрэбу ў нашай увазе і падтрымцы, можа стаць кожны жадаючы. Справа ў тым, што з 2 снежня па 15 студзеня доўжыцца дабрачынная кампанія Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа “Ёлка жаданняў”.

У горадзе Дзятлаве па добрай традыцыі “Ёлка жаданняў” знаходзіцца ў магазіне “Родны Кут”, што на плошчы 17 Верасня.


Як расказала старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, далучыцца да дабрачыннай кампаніі можа кожны чалавек, незалежна ад узросту і фінансавых магчымасцяў. Падарыць дзецям свята проста. Дастаткова знайсці “Ёлку жаданняў”, выбраць на ёй паштоўку дзіцяці і набыць пазначаны ў ёй падарунак, а затым пакінуць яго ў спецыяльнай калясцы для прадуктаў (яна будзе пастаянна знаходзіцца ў магазіне) з сімволікай акцыі і Таварыства Чырвонага Крыжа. Можна паступіць і прасцей – пакласці ў каляску цукеркі, салодкія пачастункі, цацку, канцылярскія рэчы, якія жадаеце падарыць дзецям з уразлівай катэгорыі. Усе падарункі, дзякуючы намаганням валанцёраў, абавязкова будуць дастаўлены адрасатам і прынясуць шмат радасці нашым маленькім землякам.


Галіна Касцюк таксама адзначыла, што да кампаніі “Ёлка жаданняў”, устанавіўшы такое навагодняе дрэва для збору падарункаў у сваім офісе або аказаўшы спонсарскую дапамогу Таварыству Чырвонага Крыжа, могуць далучыцца арганізацыі розных формаў уласнасці нашага раёна.



Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga