Снежань – час надыходзячых навагодніх святаў і цудаў, у якія хочацца верыць у любым узросце. Гэта час, калі дзеці пішуць лісты зімоваму чараўніку са сваімі пажаданнямі і марамі. У гэтай сувязі мы задалі пытанне блогеру з Вензаўца Алене Малько, аўтару TikTok канала “Філасофія жыцця”.
– Што б вы папрасілі ў Дзеда Мароза для нашага раёна і ўсіх дзятлаўчан?
– Усё неабходнае для шчаслівага жыцця мы і так маем. Думаю, усе заўважылі, што з кожным годам Дзятлаўшчына становіцца прыгажэйшай і лепшай. Я лічу, каб быць шчаслівымі, дастаткова толькі навучыцца заўважаць гэту прыгажосць навокал і пазітыўныя пераўтварэнні.

Наша Дзятлава – невялікі, але вельмі прыгожы гарадок. Я яго вельмі люблю за тое, што тут прыветлівыя добрыя людзі, што ў любы пункт прызначэння можна дайсці пешшу, за вельмі прыгожы гістарычны цэнтр, храмы і ўтульныя вуліцы. Усё гэта побач, і мы бачым гэта кожны дзень. Адным з маіх любімых месцаў у Дзятлаве з’яўляецца гарадскі парк з прыгожым возерам і ўтульнай зонай адпачынку, папулярнай у моладзі і дарослых. Па традыцыі, падводзячы вынік года, які сёлета прысвечаны добраўпарадкаванню, можна ўзгадаць, як шмат зроблена ў горадзе і раёне для людзей: гэта і новы фантан, прыгожыя светлавыя панэлі на вуліцах, малыя архітэктурныя формы, яркія сучасныя рамонты ў жыллёвым фондзе і дварах – паўсюль. Мы даўно лічым звычайным асфальтаваныя вуліцы і чысціню на іх, аднак гэта – не навагодні цуд, а рэальнасць, у якой мы жывём. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна і камунальнай службе за тое, што мы маем. Хацелася б, каб на Дзятлаўшчыне з’явілася больш кафэ для цёплых сяброўскіх сустрэч – і будзе выдатна.
А ў Дзеда Мароза, каб мела магчымасць, я папрасіла б для сябе і ўсіх землякоў мудрасці: няхай добры чараўнік навучыць людзей быць шчаслівымі, жыць сваё жыццё і радавацца яму тут і цяпер, разумець, што шчасце ўнутры нас.
Наталля АВЯРЧУК
Фота Алены Малько
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga