У гэтай рубрыцы мы прадаўжаем размову пра работнікаў арганізацый Дзятлаўшчыны, якімі ганарацца працоўныя калектывы і ўвесь раён. 1 Мая ва ўрачыстай абстаноўцы яны атрымалі сертыфікаты аб занясенні на раённую Дошку гонару як высокую адзнаку працы і дасягненняў.
У ліку ўзнагароджаных – жыхарка вёскі Навасёлкі, сацыяльны работнік з важкім стажам і чалавек вялікай душы Святлана Трафімчык. Кожны яе дзень звязаны са спагадай і клопатам не толькі аб сваёй сям’і, але і іншых жыхарах Дзятлаўшчыны, якая даўно стала для яе роднай:
– Сама я з Магілёўскай вобласці, але з трох гадоў ужо жыву ў Дзятлаўскім раёне: тут маміны карані, адсюль мае продкі.

Святлана Юр’еўна не адразу стала сацыяльным работнікам. Пасля заканчэння Таркачоўскай базавай школы яна атрымала спецыяльнасць тавараведа ў гандлёва-эканамічным тэхнікуме ў горадзе Навагрудку. Але доўга працаваць па спецыяльнасці не давялося: рана стварыла сям’ю, у якой знайшла сваё жаночае і мацярынскае шчасце.
– З мужам Юрыем, які жыў непадалёку ва Уланаўшчыне, мы знаёмы ледзь не ўсё жыццё, – дзеліцца жанчына. – Сябравалі яшчэ са школы, а калі сталі дарослымі, пажаніліся. І тады, і цяпер ён – мой самы блізкі чалавек, мая апора.
У сям’і Трафімчыкаў нарадзіліся два сыны, выхаванню якіх жанчына прысвяціла ўсе свае сілы і час. Калі дзеці крыху падраслі, Святлана Юр’еўна працавала ў мясцовым дзіцячым садзе, у аддзеле культуры і, нарэшце, у 2012 годзе вырашыла паспрабаваць сябе ў ролі сацыяльнага работніка:
– Так атрымалася, што ўсё жыццё працую з людзьмі, і мне гэта вельмі падабаецца. Галоўнае – знайсці падыход да кожнага, і тады гэта работа сапраўды ў радасць. Вы нават не ўяўляеце, наколькі цікавыя людзі мудрага ўзросту! Мне часам не трэба глядзець навіны, каб ведаць, што адбываецца ў нашай краіне і раёне. Пакуль працую ў адной бабулі, яна мне выдае інфармацыю: куды паехаў наш Прэзідэнт, як паднялі пенсіі і дапамогі, колькі пасеялі азімых, перажывае, каб паспелі зжаць кукурузу да маразоў. Прыходжу да другой жанчыны, з той ужо я дзялюся навінамі.
Святлана Юр’еўна расказвае, што на надомным абслугоўванні ў яе засталося пакуль толькі чатыры чалавекі: траіх яна наведвае двойчы на тыдзень, яшчэ адну жанчыну – пяць разоў. Вяскоўцы ўжо з раніцы чакаюць свайго сацыяльнага работніка. Жанчына спяшаецца да іх, каб прывезці лекі, якія набыве на ФАПе ці ў аптэцы ў гарпасёлку Наваельня. Туды ж трэба часам наведацца, каб купіць асаблівыя прадукты, якіх не заўсёды знойдзеш у аўтамагазіне. У вясковым доме клопатаў хапае: трэба дапамагчы з прыбіраннем, нешта прыгатаваць, прынесці вады з калодзежа, дроў і распаліць у печы.

Да пажылых людзей сацыяльны работнік дабіраецца на службовым транспарце – веласіпедзе, які выдзелілі ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
– Пераважная большасць маіх падапечных жыве непадалёку, – расказвае жанчына. – Але ёсць, напрыклад, бабуля, да якой дабірацца трэба ў Дубатоўку, шлях ідзе праз лес. Зімой, бывала, нават расчышчаць дарогу даводзілася. Дзякуй любімаму мужу. Гэта мая апора і падтрымка як у рабоце, так і дома.
Святлана Трафімчык адзначае, што палюбіла сваю працу ўсёй душой і прадаўжае атрымліваць задавальненне ад яе кожны дзень. Прычынай таму не толькі пажылыя людзі, якія за гады супрацоўніцтва сталі як родныя. Святлана Юр’еўна ў захапленні ад усяго дружнага калектыву Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на чале з яго дырэктарам Таццянай Нікіпорчык.
– Кожны месяц наведваю нашы сходы ў Дзятлаве з вялікай цікавасцю і задавальненнем, радуюся сустрэчы з калегамі, ад якіх лёгка атрымаць шчырую ўсмешку, добрае слова або слушную параду, – кажа жанчына. – Асаблівыя словы ўдзячнасці хачу выказаць майму інспектару Святлане Лагуцінай, спагадлівай, чулай, якая заўжды падтрымае. Ад такіх людзей я сама зараджаюся дабрынёй, каб потым аддаваць яе іншым.
Святлана Трафімчык упэўнена, што толькі такія шчырыя людзі могуць працаваць у службе сацыяльнай абароны. Бо яны не проста выконваюць сваю работу, дапамагаюць пажылым па гаспадарцы, а становяцца для іх сапраўды блізкімі.
– Большасць з тых, хто знаходзіцца на надомным абслугоўванні, – адзінокія людзі, да некаторых прыязджаюць дзеці, пляменнікі з гарадоў, але не вельмі часта, – тлумачыць жанчына. – Сацыяльная служба – іх сувязь з грамадствам. Нават калі я не на рабоце, заўжды на сувязі. У сваю чаргу, яны мяне таксама падтрымліваюць: мы шмат размаўляем, дзелімся навінамі, меркаваннямі. Было такое, што нават песню ад душы заспявалі разам. За кожнага з іх перажываю, як за сваіх.
З нагоды адметнай у нашай краіне даты – Дня пажылых людзей Святлана Трафімчык жадае ўсім дзятлаўчанам шаноўнага ўзросту моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця пад мірным небам Беларусі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае