На пачатку года ў Беларусі адзначаецца прафесійнае свята самых спагадлівых і міласэрных людзей – Дзень работнікаў сацыяльнай абароны насельніцтва.

На Дзятлаўшчыне працуе шэраг установаў дзённага або кругласутачнага знаходжання, профіль якіх звязаны з дапамогай уразлівым слаям насельніцтва. Гэта не проста выкананне сваіх абавязкаў, а штодзённая работа, накіраваная на паляпшэнне якасці жыцця людзей, дапамога тым, хто найперш мае ў ёй патрэбу. Аб гісторыі і сучаснасці адной з такіх профільных установаў – сацыяльным пансіянаце “Колас” расказаў яго дырэктар Ігар Ціхан:

– Гісторыя нашай установы налічвае шэсць дзесяцігоддзяў, поўных развіцця і дапамогі людзям. Яна пачалася ў далёкім 1964 годзе з падпісання загаду аб стварэнні Казлоўшчынскага дзіцячага дома інвалідаў, першым кіраўніком якога быў Міхаіл Бубноўскі. У тым жа годзе на базе ўстановы быў утвораны Казлоўшчынскі дом інвалідаў і састарэлых, у які перавялі 117 чалавек з Дзятлаўскага дома інвалідаў. У розныя гады інтэрнат узначальвалі Іван Ступчык, Вікенцій Марук, Аляксандр Бялятка, Міхаіл Дзям’янчык і іншыя выдатныя кіраўнікі. Нарэшце, у мінулым годзе былы Казлоўшчынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў быў перайменаваны ў Казлоўшчынскі сацыяльны пансіянат “Колас”.

– Ці змяніўся з перайменаваннем профіль установы?

– Кардынальна ў рабоце пансіяната нічога не памянялася. Сёння ў нас пастаянна жывуць 284 чалавекі ў аддзяленнях пасцельнага рэжыму, кругласутачнага назірання і свабоднага знаходжання, якім мы прадастаўляем шырокі спектр сацыяльных паслуг – кансультацыйна-інфармацыйныя (садзеянне ў афармленні дакументаў), сацыяльна-бытавыя (прадастаўленне харчавання згодна з рацыёнам (у тым ліку дыетычнага), дапамога ў пераапрананні, атрыманні гігіенічных працэдур, прыбіранні памяшканняў, суправаджэнне аслабленых грамадзян), сацыяльна-пасрэдніцкія паслугі (атрыманне адукацыі з улікам стану здароўя, аднаўленне дакументаў, наладжванне сувязі з роднымі, дапамога ў афармленні ашчадных укладаў, садзейнічанне ў наведванні медыцынскіх установаў, выкананне рытуальных клопатаў), сацыяльна-рэабілітацыйныя (правядзенне рэабілітацыйных мерапрыемстваў, забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, арганізацыя заняткаў па развіцці працоўных і сацыяльных навыкаў). Гэта асновы нашай работы, якія можна абазначыць прасцей: за гады існавання пансіянат стаў для многіх людзей сапраўдным домам, дзе зразумеюць, дапамогуць і падтрымаюць, а наш дружны калектыў – сапраўднай сям’ёй.

– Раскажыце падрабязней пра калектыў установы.

– Без перабольшвання магу сказаць, што пансіянат “Колас” – гэта яго калектыў, які сёння налічвае 160 чалавек. Усе яны сваёй шчырай працай забяспечваюць стабільнае функцыянаванне і развіццё ўстановы, камфорт і дастойны ўзровень аказання сацыяльных паслуг, кожны дзень укладваюць душу і прафесіяналізм у клопат аб людзях. Найбольш прадстаўлена медыцынская служба – доктар псіхіятр-нарколаг і доктар агульнай практыкі, фельчар, медыцынскія сёстры (у тым ліку медсястра-дыетолаг) і малодшы медыцынскі персанал. Гэтыя людзі займаюцца лячэннем і доглядам людзей, якія не могуць самастойна сябе абслугоўваць. Кругласутачна ў нас працуюць два медыцынскія пасты, якія планава або тэрмінова аказваюць медыцынскую дапамогу. Культарганізатар і інструктары працатэрапіі пастаянна арганізуюць заняткі па рэабілітацыі і сацыялізацыі насельнікаў пансіяната. Не менш важнае для такой вялікай установы, як наша, дакладнае і дасканалае вядзенне фінансава-гаспадарчай дзейнасці, правядзенне закупак і кантроль расходаў, з чым выдатна спраўляецца бухгалтарская служба пансіяната “Колас”. За стварэнне быту і ўтульнасці ва ўстанове адказвае сястра-гаспадыня, пральна-лазневы камбінат і прыбіральная служба; за збалансаванае харчаванне – дыетолаг і работнікі харчблока. Падтрымліваюць пансіянат у функцыянальным тэхнічным стане, праводзяць бягучыя рамонты слесары і сантэхнікі. Кожнаму, хто працуе ў пансіянаце, хачу выказаць шчырыя словы ўдзячнасці за прафесіяналізм і высокія чалавечыя якасці. Разам мы робім не самую простую, але вельмі патрэбную людзям справу.

– Якія крокі прымаюцца для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы?

– Робіцца шмат чаго, у гэтым нам трывала падстаўляе фінансавае плячо абласны бюджэт. У мінулым годзе мы абнавілі мэблю, мяккі інвентар, адзенне для жыхароў пансіяната. У харчблок набылі новы кацёл і электрапліту, тут жа праводзіцца касметычны рамонт, які сёлета будзе завершаны. Кожны год на працягу апошняга сямігоддзя праводзім бягучыя рамонты аддзяленняў гаспадарчым спосабам, паэтапна праводзім рамонт даху. Штогод дадаём нешта новае на тэрыторыі ўстановы: пры ўдзеле персаналу і жыхароў разбіваем клумбы, высаджваем дрэвы. Нядаўна спонсары падарылі нам насенне галандскіх цюльпанаў, якія мы ўжо высадзілі.

– У вас і агарод свой ёсць…

–  Так, пансіянат “Колас” – адзіная на Гродзеншчыне ўстанова такога профілю, якая мае сваю падсобную гаспадарку. Займаючыся вырошчваннем садавіны і агародніны, дасягаем дзвюх мэтаў: з аднаго боку, праводзім пастаянную рэабілітацыю атрымальнікаў сацыяльных паслуг праз працу і прывіццё базавых навыкаў, з другога боку – сваімі сіламі забяспечваем харчовы запас на год больш таннай сельскагаспадарчай прадукцыі. Дзякуючы падсобнай гаспадарцы мы актыўна ўключаемся ў праектную дзейнасць: у мінулым годзе пачалі з жыхарамі пансіяната рэалізоўваць праект “Ураджайныя градкі”. Таксама рэалізуем многія праекты іншай накіраванасці – “Душэўнае здароўе”, новыя віды гуртковай работы, сярод якіх разьба па дрэве і “Сіцылійскія карункі”. У атрымальнікаў сацыяльных паслуг ёсць магчымасць пад наглядам займацца спортам у спецыяльным пакоі адаптыўнай фізічнай культуры, маецца тэнісны стол, шашкі, шахматы.

– Два гады назад было адкрыта аддзяленне суправаджальнага пражывання. Як яно зарэкамендавала сябе?

– Гэта каштоўны вопыт, магчымасць для атрымальнікаў сацыяльных паслуг адаптавацца да знаходжання ў соцыуме і самастойнага вядзення быту. У аддзяленні сёння жывуць 20 чалавек, з якімі праводзяць работу інструктары па працатэрапіі, псіхолаг, загадчык метадычнага аддзялення.  Многія з жыхароў набылі трывалыя бытавыя навыкі, могуць сябе абслугоўваць у хатніх умовах, спрабуюць гатаваць ежу. Будзем прадаўжаць работу ў гэтым напрамку, дапамагаючы людзям уваходзіць у самастойнае жыццё.

– Спыніцеся коратка на планах на гэты год.

– Да 80-годдзя Вялікай Перамогі сёлета будзем ладзіць вяліку выставу мадэляў ваеннай і марской тэхнікі, а таксама канцэрт, дзе артыстамі традыцыйна будуць жыхары пансіяната. Прадоўжым работу па рамонце абедзеннай залы харчблока і аддзяленняў, а таксама добраўпарадкаванні і ўпрыгажэнні тэрыторыі, каб пансіянат “Колас” стаў яшчэ больш утульным.

– Што пажадаеце калегам з нагоды прафесійнага свята?

– Калектыву пансіяната “Колас”, усім сацыяльным работнікам Дзятлаўшчыны і нашай краіны жадаю і надалей паспяхова выконваць пастаўленыя задачы, цярпення і мудрасці ў штодзённай нялёгкай працы. Таксама ўсім работнікам і ветэранам галіны жадаю здароўя, аптымізму, мірнага неба над галавой і простага чалавечага шчасця.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации