Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці пабываў у вёсцы Чырвоны Бор у Алены Маскаль. Разам з імянінніцай артыстаў у гэты дзень сустракалі шмат сваякоў, якія прыехалі павіншаваць з 80-гадовым юбілеем маму, бабулю, прабабулю. У яе гонар гучалі словы найлепшых пажаданняў і вясёлыя песні. Па добрай традыцыі юбілярка расказала пра сваё жыццё.

Нарадзілася Алена Міхайлаўна ў сям’і сялян, у якой, акрамя яе, выхоўваліся яшчэ брат Міхаіл і сястра Галіна. Алена скончыла ўсяго 5 класаў, таму што была старэйшай з дзяцей і трэба было дапамагаць бацькам па гаспадарцы. У вольны час яна з сястрой любіла ткаць, вышываць, вязаць спіцамі і кручком.

У 14 гадоў дзяўчына пайшла працаваць у калгас, дзе выконвала розныя работы. У жыцці давялося асвоіць шмат прафесій: вазіла торф на палі, даглядала коней, была цялятніцай, насіла пошту, працавала ў быткамбінаце. Агульны працоўны стаж склаў больш за 33 гады.

З мужам Іванам пазнаёмілася на танцах. Ён працаваў трактарыстам, а ў сезон –  на камбайне. У сям’і нарадзілася трое дзяцей. Даўно павырасталі сын і дочкі, стварылі свае сем’і і паехалі з бацькоўскага дома. Старэйшая дачка Тамара жыве ў аграгарадку Хвінявічы, сын Аркадзь і дачка Таццяна – у Гродне. Юбілярка мае чатырох унукаў і ўжо трох праўнукаў.

– Сказаць, што я люблю бабулю, – гэта нічога не сказаць. Кожнае лета я праводзіў у яе і нават крыху жыў, хадзіў тут у школу. Успаміны пра той час засталіся самыя цёплыя. Кожную раніцу бабуля мяне паіла малаком, а смак бліноў са свежым тварагом, смятанай і маслам ніколі не забыць. Заўсёды буду памятаць бабуліны патрэбныя і карысныя парады, яе бязмежную любоў і дзіцячае адчуванне абароненасці і шчасця. У многім дзякуючы бабулі я стаў настаўнікам. Цяпер працую ў горадзе Скідзелі, выкладаю матэматыку, – такімі ўспамінамі дзеліцца старэйшы ўнук Іван.

А праўнук Арцём жадае прабабулі не хварэць, быць заўжды вясёлай.

На юбілей да Алены Міхайлаўны прыехалі ўсе родныя і блізкія. Прыйшлі і сяброўкі Алена Жыбко і Яўгенія Філідовіч. Жанчыны сябруюць ужо шмат гадоў, дзеляцца навінамі, абменьваюцца кулінарнымі рэцэптамі, спосабамі вырошчвання агародніны, разам адзначаюць усе святы.

Алена Міхайлаўна шчыра дзякавала гасцям за віншаванні, а маладому пакаленню пажадала здароўя, міру і дабра.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации