У кожнага чалавека свая жыццёвая дарога, свой наканаваны лёс. І ўсе мы хочам, каб ён быў шчаслівы. Кожны выконвае сваю ролю ў гэтым жыцці, бо з’яўляемся мы на гэты свет невыпадкова.

Пачэсна і адказна нясе сваю ролю маці, бабуля, а зараз і апякун Святлана Крэйдзіч.

Нялёгкая ноша выпала на долю гэтай жанчыны. У сям’і Святланы Пятроўны нарадзілася трое сыноў. На жаль, з адным з іх здарылася няшчасце – ён з малога ўзросту пачаў страчваць зрок і хутка зусім перастаў бачыць. Муж Святланы Пятроўны пакінуў яе з трыма сынамі і ўзніклымі праблемамі і пайшоў з сям’і.Але яна не здалася перад цяжкасцямі, выстаяла, сыноў на ногі падняла адна.

Ізноў страшнае выпрабаваннне лёсу: у маладым узросце пайшоў з жыцця старэйшы сын, пакінуўшы двое малых.  Жанчына, ні хвіліны не раздумваючы, прыняла рашэнне забраць унукаў пасля таго, як суд вырашыў, што  родная маці не можа належным чынам выконваць свае абавязкі. Нялёгка было Святлане Пятроўне прыняць такое важнае рашэнне: хтосьці падтрымліваў, некаторыя адгаворвалі, маўляў, цяжка будзе спраўляцца з малымі, ставіць іх на ногі ва ўжо не вельмі маладым узросце, але яна вырашыла: “Буду гадаваць, пакуль ёсць сілы, а там як Бог дасць”.

Двайняты Максім і Дар’я аказаліся членамі вялікай сям’і: у іх адразу з’явіліся бабуля, два родныя дзядзькі, цётка і дваюрадны старэйшы брат. Жылі некаторы час, як кажуць, у цеснаце, ды не ў крыўдзе, дружна. Потым сям’я сярэдняга сына перасялілася ў сваё асобнае жыллё. Дзядзька Руслан, якога дзеці вельмі чакаюць, на жаль, прыязджае дадому рэдка, бо працуе далёка.

Святлана Пятроўна з Максімам і Дар’яй засталіся жыць у трохпакаёвай добраўпарадкаванай кватэры: кожны ў сваім пакоі са сваёй мэбляй і рэчамі. Але самае галоўнае – дзеці гадуюцца ў сям’і, дзе ёсць клопат і ўвага, годны прыклад стаўлення да жыцця.

Двайняты адчуваюць сябе патрэбнымі не толькі ў сям’і, але і ў калектыве аднагодкаў, у соцыуме. Чатырохгадовыя Максім і Дар’я трэці год з’яўляюцца выхаванцамі групы інтэграванага навучання і выхавання Гезгалаўскага дзіцячага сада. Ва ўстанове дашкольнай адукацыі ажыццяўляецца псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дзяцей, якія выхоўваюцца ў апякунскай сям’і. Яны з задавальненнем прымаюць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў садзе, праяўляючы свае творчыя здольнасці. Выхаванцы наведваюць аб’яднанні па інтарэсах “Дзіцячы фітнэс”, “Юны эколаг”. Супрацоўнікі ўстановы адукацыі па-асобаму адносяцца да дзетак з нялёгкім лёсам, стараюцца зрабіць усё, каб яны не адчувалі сябе абдзеленымі. Сказаць, што з выхаванцамі лёгка, нельга: яны гарэзлівыя, актыўныя, са сваімі дзіцячымі праяўленнямі характару, але ў руках вопытных выхавальнікаў Марыны Басай і Алы Шашко вучацца кантраляваць свае эмоцыі, жаданні, учынкі, наладжваць добрыя ўзаемаадносіны з аднагодкамі і дарослымі.

Максім і Дар’я з задавальненнем наведваюць гурток сольных спеваў “Нотка” на базе Гезгалаўскага дома культуры, кіраўніком якога з’яўляецца Святлана Русак.У часканцэртаў на сцэне Гезгалаўскага дома культуры яны самыя маленькіяяго ўдзельнікі. З якім гонарам Святлана Пятроўна потым дзеліцца відэа з іх выступленнем!

Хочацца, каб у нашых выхаванцаў як мага лепш складвалася іх далейшае жыццё, каб яны раслі годнымі грамадзянамі нашай краіны, а бабуля ганарылася сваімі гарэзлівымі, але такімі мілымі, разумнымі і кемлівымі ўнукамі.

Галіна ГАЎРОШ,
загадчыца Гезгалаўскага дзіцячага сада

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации