Вёска Навікі – прыгожы куточак нашай малой радзімы.

Менавіта сюды праклаў свой чарговы маршрут сацыяльна-культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь”.

На гэты раз сонечным сакавіцкім днём артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Бакшук, Святлана Венская, Іван Кашко накіраваліся па сакрэты даўгалецця да мясцовай доўгажыхаркі, мудрай, чулай жынчыны Марыі Сцяпура.

Сёлета Марыя Пятроўна сустрэла сваю 90-ю вясну. Госці пажадалі імянінніцы ясных і сонечных дзён, моцнага здароўя, бадзёрасці духу, самых прыемных сустрэч і абавязкова дажыць да векавога юбілею.

Падрыхтавалі для доўгажыхаркі і цёплую песенную паштоўку, якая прыўнесла ў простыя вясковыя будні яркія ноткі і цудоўны настрой. Знаёмыя мелодыі гармоніка паліліся над вясковым падворкам, драўляным домам і ваколіцай, атуленай ляском, дзе побач блакітнай стужкай віецца невялікая плыткая рачулка Вязаўка.

– Вы не глядзіце, што рэчка наша малая, – паглыбляючыся ва ўспаміны аб мінулым, звярнулася да сваіх гасцей Марыя Пятроўна. – У свой час напрадвесні яна “падкідвала” месцічам вялікія сюрпрызы. Мне, напрыклад, каб дайсці да калгаснай фермы, дзе гадавала цялят і адпрацавала ўсё жыццё, вясной даводзілася разбувацца і басанож пераходзіць нашу Вязаўку ў брод па ледзяной вадзіцы.

Хто ведае, можа, менавіта гэтыя “моманты бадзёрай хады”, якія штогод паўтараліся з нязменнай рэгулярнасцю, сталі своеасаблівай загартоўкай для здароўя будучай доўгажыхаркі?

Аднак сама Марыя Сцяпура схільная лічыць, што сакрэтамі яе даўгалецця з’яўляецца зусім іншае. З упэўненасцю Марыя Пятроўна выказвае ўласны пункт гледжання:

– Імкнулася прымаць жыццё такім, якое яно ёсць, шмат працавала, у хвіліны роспачы старалася не ўпадаць у засмучэнне, верыла і часта малілася Богу.

Варта адзначыць, што жыццё не песціла нашу зямлячку. Калі Марыі было ўсяго 9 гадоў, на вайне загінуў яе бацька Пётр Сільвестравіч, неўзабаве памерла і матуля. Круглымі сіротамі ў вельмі цяжкі час засталіся маленькая Марыя і яе брат. І вось тут вялікую павагу і пашану трэба аддаць іх дзядулю Сільвестру Іванавічу, які не здаў унукаў у дзіцячы дом, прытуліў у сябе, гадаваў і выхоўваў сам.

Гэты блізкі, любімы і паважаны чалавек памёр, калі Марыі споўнілася 17 гадоў. Так яны з братам засталіся адны. Аднак маладосць рухае жыццё наперад, дораць надзею: неўзабаве Марыя Пятроўна выйшла замуж за простага хлопца Леаніда Сцяпуру. У іх нарадзілася чацвёра дзяцей.

Цяпер юбілярка за ўсё дзякуе Богу. У свае шаноўныя дзевяноста яна яшчэ можа спраўляцца з няхітрымі бытавымі справамі і радуецца кожнаму дню.

На развітанне госці пажадалі Марыі Сцяпура, каб шчасце часцей зазірала ў яе простую вясковую хату, каб надзейнымі былі падтрымка дзяцей, унукаў і праўнукаў, іх разуменне і добрыя адносіны, каб сваёй бабулі яны дарылі цяпло і радасць.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі арганізатараў праекта

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Паразважалі аб каштоўнасцях, якія не старэюць з часам

У рамках дзейнасці грамадска-палітычнага цэнтра раённага аддзялення Гродзенскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” пад кіраўніцтвам…

9 часов ago

З рэдакцыйнай пошты. “Дзякуй за цяпло душы і залатыя рукі!”

Такія словы работнікам сацыяльнай службы адрасавала Надзея Башко – аўтар ліста, які прыйшоў на адрас…

10 часов ago

Сталі дыпламантамі рэспубліканскага конкурсу

Напярэдадні Дня настаўніка выдалася цудоўная нагода расказаць аб значных поспехах педагогаў Дзятлаўскага раёна. Нядаўна ў…

10 часов ago

В преддверии Дня учителя в Гродно отметили лучших работников образования

В Гродно прошло торжественное мероприятие, приуроченное ко Дню учителя, который отмечается в первое воскресенье октября.…

10 часов ago

Александр Лукашенко: политика многовекторности никак не отдаляет Беларусь от России

Политика многовекторности никак не отдаляет Беларусь от России. Об этом Президент Беларуси Александр Лукашенко заявил…

10 часов ago

Порядок использования автоматических электронных аппаратов

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

10 часов ago