Калі спадчынадаўца не складаў завяшчання, то спадчына наследуецца па законе ў парадку чаргі.

Да спадчыннікаў І чаргі адносяцца:

– муж (жонка), але шлюб павінен быць заключаны ў органах, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану. Асобы, якія не заключылі шлюб ва ўстаноўленым парадку, так званыя “грамадзянскія”, па заканадаўстве мужам і жонкай не з’яўляюцца і ў лік спадчыннікаў І чаргі не ўваходзяць;

– дзеці, у тым ліку ўсыноўленыя;

– бацькі (усынаўляльнікі);

Спадчыннікамі І чаргі па праве прадстаўлення могуць стаць унукі спадчынадаўцы, калі іх бацькі памерлі раней ці адначасова са спадчынадаўцам.

Спадчыннікамі ІІ чаргі з’яўляюцца:

– паўнародныя (ад двух агульных бацькоў) і непаўнародныя (ад агульнай маці ці агульнага бацькі) браты і сёстры спадчынадаўцы;

– па праве прадстаўлення наследуюць пляменнік (пляменніца) спадчынадаўцы ў выпадку, калі іх бацька/маці (брат/сястра спадчынадаўцы) памерлі раней ці адначасова са спадчынадаўцам.

Да спадчыннікаў ІІІ чаргі адносяцца:

– дзядуля і бабуля спадчынадаўцы як з боку бацькі, так і маці.

Спадчыннікамі ІV чаргі з’яўляюцца:

– дзядзькі і цёткі спадчынадаўцы, значыць, паўнародныя і непаўнародныя браты і сёстры яго бацькоў;

– дваюрадныя браты і сёстры наследуюць па праве прадстаўлення.

Да спадчыннікаў наступных чэргаў адносяцца сваякі спадчынадаўцы ІІІ, ІV, V і VІ ступеняў сваяцтва, якія не адносяцца да спадчыннікаў папярэдніх чэргаў (напрыклад, прадзядулі і прабабулі).

Па агульным правіле спадчыннікі па законе кожнай наступнай чаргі атрымліваюць права на наследаванне ў выпадку:

– адсутнасці спадчынніка папярэдняй чаргі;

– калі спадчыннікі папярэдняй чаргі не прынялі спадчыны, значыць, у вызначаны законам тэрмін не ўчынілі ні аднаго з дзеянняў па яе прыняцці;

– калі спадчыннікі папярэдняй чаргі адмовіліся ад спадчыны, а менавіта, ажыццявілі пэўныя дзеянні, напрыклад, падалі заяву з адмовай натарыусу па месцы адкрыцця спадчыны;

– былі адхілены ад спадчыны. Напрыклад, адхіленым можа быць муж (жонка) па рашэнні суда, за выключэннем права на абавязковую долю ў спадчыне, калі будзе даказана, што шлюб са спадчынадаўцам фактычна спыніўся да адкрыцця спадчыны і муж і жонка на працягу не менш чым 5 гадоў да адкрыцця спадчыны жылі асобна і не вялі сумеснай гаспадаркі.

Таксама ад наследавання па законе адхіляюцца недастойныя спадчыннікі:

– асобы, якія наўмысна пазбавілі жыцця спадчынадаўцу ці ўчынілі замах на яго;

– асобы, чякія шляхам складання лжывага завяшчання, стварэння наўмыснай перашкоды ажыццяўлення спадчынадаўцам апошняй волі ці іншымі наўмыснымі супрацьзаконнымі дзеяннямі садзейнічалі таму, каб яны самы або іх блізкія сталі спадчыннікамі ці каб іх доля спадчыны была павялічана;

– бацькі пасля дзяцей, у адносінах да якіх яны былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў і не адноўлены ў гэтых правах да часу адкрыцця спадчыны;

– грамадзяне, якія злосна ўхіляліся ад выканання, згодна з заканадаўствам, сваіх абавязкаў па ўтрыманні спадчынадаўцы, калі гэтыя абставіны пацверджаны ў судовым парадку.

Любоў АЎСІЕВІЧ,
натарыус Гродзенскай натарыяльнай акругі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Следующая новость

Похожие публикации