Графічныя партрэты, кранальныя пейзажы, яркія нацюрморты, характарныя сцэны з жыцця, якія застылі на палотнах. У верасні-лістападзе ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ладзілася выстава нашага вядомага земляка – маскоўскага мастака Васіля Бортніка.
Дзяцінства і юнацтва Васіля Міхайлавіча цесна звязаны з нашым раёнам, менавіта адсюль пяцьдзясят гадоў таму, 27 верасня далёкага 1975 года, выпускнік Дзятлаўскай школы-інтэрната пайшоў “у людзі”, крок за крокам адкрываючы для сябе складаны і бясконцы свет творчасці, каб роўна праз паўстагоддзя ў дарагім сэрцу куточку Беларусі, які лічыць малой радзімай, урачыста адкрыць персанальную выставу, цёпла сустрэцца з былымі педагогамі, аднакласнікамі, роднымі, сябрамі.
Васіль Бортнік нарадзіўся 5 студзеня 1959 года ў Казахстане, але лёс звязаў яго з вёскамі Ведравічы і Старына нашага раёна, а ў 1969-1975 гадах ён вучыўся ў школе-інтэрнаце. Сёння за плячыма Васіля Міхайлавіча Варашылаўградскае дзяржаўнае вучылішча, Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава, ён з’яўляецца членам Саюза мастакоў Расіі, Маскоўскага саюза мастакоў, лаўрэатам шматлікіх мастацкіх конкурсаў.
У дзень закрыцця выставы аўтар даў інтэрв’ю, у якім расказаў, як жыве, што любіць маляваць, дзе чэрпае натхненне.

– Персанальная выстава – важная для кожнага творцы, што адчуваеце вы?
– Хваляванне, бо выставу прысвяціў малой радзіме, Дзятлаўшчыне, адкуль пяцьдзясят гадоў таму пайшоў у вялікі свет. Аб яе арганізацыі мяне прасілі аднакласнікі з Дзятлаўскай школы-інтэрната. Менавіта настаўнікі і выхавальнікі праклалі мне дарогу ў будучыню, бо рос без бацькоў. У школе ўвесь час быў заняты: раніцай вучыўся, пасля ўрокаў у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе займаўся футболам, маімі трэнерамі былі Міхаіл Шайбак, Валерый Петрыкевіч. Я гуляў за зборную раёна, вобласці, пакуль не зламаў меніск. З-за траўмы ляжаў у Гродне ў бальніцы, там у адной палаце са мной быў мужчына, адзін з пляменнікаў якога аказаўся мастаком. Калі ён наведваў дзядзьку, пагутарыў і са мной, пацікавіўся, ці люблю маляваць. Менавіта ён забраў мяне пасля лячэння да сябе дамоў, некалькі дзён мы разам у майстэрні пісалі нацюрморты. Даў мне з сабой фарбы, пэндзлі, палотны і сказаў: “Будзеш працаваць – усё ў цябе атрымаецца”. Да гэтага выяўленчым мастацтвам я займаўся ў школьным гуртку ў Лідзіі Дубок, якая не была прафесіяналам, але старалася развіць здольнасці ў дзяцей. У школе-інтэрнаце былі цудоўныя педагогі, якія не толькі давалі грунтоўныя веды, але і натхнялі.
– Ці магло захапленне спортам адцягнуць вас ад жывапісу?
– Упэўнены, што не. Калі мяне запрасілі гуляць за данецкі “Шахцёр”, я туды не даехаў. Спыніўся ў цёткі ў Луганску, а яна прапанавала пайсці ў мясцовую футбольную каманду “Заря”. Я скарыстаўся парадай. Паблізу якраз знаходзіліся мастацкае вучылішча, абуткавае аб’яднанне. Так і склалася, што раніцай працаваў у аб’яднанні, потым бег у вучылішча, дзе рыхтавацца да паступлення мне дапамагаў знаёмы старшакурснік, хадзіў на трэніроўкі. Праўда, лёс склаўся так, што потым скончыў Варашылаўградскае вучылішча і Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава.
– Дзе чэрпаеце натхненне?
– Натхненне – цудоўнае пачуццё, але яно не заўжды бывае. Як зазначаў адзін з маіх выкладчыкаў Сяргей Андрыяка: “Трэба прыходзіць дамоў і кожны дзень пісаць-пісаць, толькі так можна вырасці ў добрага мастака”. Зразумела, што дома шмат іншых спраў, але іх можна сумяшчаць. Напрыклад, я вельмі люблю вырошчваць і маляваць кветкі, у мяне іх шмат. Увогуле, новыя сюжэты можна нечакана сустрэць сярод будняў: прыгожы пейзаж, цікавы цень на зямлі, домік… У такія моманты галоўнае – хуценька зрабіць для сябе замалёўку, якую потым можна будзе выкарыстаць для карціны.

– Ці ёсць у вас месца сілы?
– Калі і ёсць, то яно на Дзятлаўшчыне. Хоць у Падмаскоўі, дзе жыву, шмат маляўнічых мясцін, лес, вялікае возера, але я вырас на дзятлаўскай зямлі, працаваў у калгасах, прайшоў школу сталення, таму тут адчуваю асаблівыя эмоцыі.
– Які Васіль Бортнік мастак, мы даведаліся, а які вы чалавек?
– З раніцы да вечара працую, чаргуючы мастацкія справы з дамашнімі. Заўжды стараюся дапамагчы жонцы Наталлі Аляксандраўне, якая таксама мастачка, тонкі жывапісец, мой першы і галоўны крытык. Мы выгадавалі двух цудоўных сыноў, дачакаліся ўнукаў. Старэйшы сын працуе генеральным дырэктарам буйной кампаніі, малодшы – спецыялістам у сферы камп’ютарных тэхналогій, яны таксама ў свой час сур’ёзна захапляліся спортам, някепска малявалі.
– Ці можна спадзявацца, што дзятлаўчане зноў убачаць вашы работы? Чаго на развітанне пажадаеце нашаму раёну?
– Я планую як мінімум яшчэ адну выставу на малой радзіме. Мяркуецца, што яна будзе арганізавана летам 2026 года. Зразумела, пастараюся прывезці іншыя свае карціны.
Дзятлаўшчыне жадаю працвітання, мірнага неба і ўсяго шчаслівага, бо ў мяне аб ёй самыя шчырыя, цёплыя, кранальныя ўспаміны.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашалепшае #нашелучшее