На Дзятлаўшчыне зноў прагучалі мілагучныя напевы славаслоўя ў гонар Нараджэння Хрыстова ў выкананні ўдзельнікаў традыцыйнага праваслаўнага раённага фестывалю “Хрыстаславы-2025”.
13 студзеня свята сабрала гасцей у сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурыла. Яркія выступленні, багатыя на музычныя нумары, вершы, калядныя інсцэніроўкі падрыхтавалі 12 калектываў юных хрыстаславаў з установаў адукацыі нашага раёна.
– У гэтыя дні мы зноў узгадваем, як больш за дзве тысячы гадоў таму ў свет зямны прыйшоў Бог, які калісьці даў абяцанне аб гэтым першым людзям Адаму і Еве, – звярнуўся да прысутных ад імя духавенства раёна благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель. – Нашы прабацькі былі створаны Госпадам для вечнага шчаслівага жыцця, аднак першародны грэх, імі ўчынены, пазбавіў іх ад гэтага. З грахом у жыццё людзей увайшлі хваробы, горыч, выпрабаванні, Адам і Ева былі выгнаны з раю. Аднак Бог агучыў міласць сваю, што сам прыйдзе ў зямны свет, каб пажыць з людзьмі і выратаваць іх. Усведамляючы ўсю важнасць Нараджэння Хрыстова, мы цяпер праслаўляем Госпада. У гэтай зале хрыстаславы сабраліся ўзвялічыць Бога-немаўля. Аднак ушаноўваць яго мы павінны не толькі песнямі і вершамі, але і сваімі ўчынкамі. Няхай нашы добрыя справы стануць дарамі Госпаду. Хрыстос нарадзіўся, Бог аб’явіўся, слаўце яго! Усіх са святамі, уратавання вам, здароўя, Божай дапамогі ва ўсіх справах. Няхай свет Віфлеемскай зоркі асвячае ваш зямны шлях.
– Нараджэнне Хрыстова аб’яднала навучэнцаў Дзятлаўшчыны на гэтым фестывалі, – адзначыла намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Умоўская. – Некаторыя ўдзельнічаюць у ім упершыню, іншыя – ужо каторы год запар. Са святам усіх!
Таццяна Аляксандраўна падзякавала благачыннаму Іаану Кісялю і святарам Дзятлаўшчыны за плённае супрацоўніцтва са сферай адукацыі ў выхаванні падрастаючага пакалення.
Фестываль атрымаўся кранальным, па-дамашняму цёплым, багатым на звон дзіцячых галасоў, светлым ад шчырых пажаданняў і песень, у зале панавала радасная святочная атмасфера, гучалі дружныя апладысменты. Калядная пастаноўкі неслі гледачам светлую вестку аб Нараджэнні Хрыстовым.
– Бог удзячны вам за песенныя і вершаваныя падарункі, – падзякаваў хрыстаславам іерэй Іаан Кісель. – Аднак сёння мне належыць яшчэ адна прыемная місія: узнагародзіць навучэнцаў раёна за ўдзел у епархіяльных алімпіядах і конкурсах, рэгіянальным этапе міжнароднага конкурсу дзіцячай творчасці “Прыгажосць Божага свету”.
Па дыпломы і салодкія падарункі на сцэну былі запрошаны Дамініка Кулеш, Валерыя Юруць, Ілья Скерсь, Злата Калюцік, Надзея Логаш, Дар’я Піваварчык, Вікторыя Аўгусціновіч, Ксенія Дз’ячкова, Марыя Гарунова, Яўгенія Пшыгоцкая, Маргарыта Сосік, Аляксандра Вінцукевіч, Дыяна Ляшчун, Яўгенія Кузьміч, Дар’я Зінкевіч.
Не менш прыемным момантам стала ўзнагароджанне каманд-удзельніц конкурсу “Хрыстаславы-2025”. Усе яны атрымалі дыпломы і салодкія прызы.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga