ХХІІ Міжнародная спецыялізаваная выстаўка “СМІ ў Беларусі” сёння пачынае работу. Выстаўка будзе праходзіць з 3 па 5 мая. У ёй прымаюць удзел больш за 50 экспанентаў, якія прадстаўляюць каля 400 сродкаў масавай інфармацыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Кітая, Турцыі і іншых краін. Упершыню будуць прадстаўлены СМІ з Салехарда Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі. Экспазіцыйная плошча выстаўкі – большая за 1 тыс. кв. м. Выстаўка “СМІ ў Беларусі” адлюстроўвае ўвесь спектр інфармацыйнай прасторы краіны. Яе ўдзельнікі – друкаваныя і аўдыявізуальныя рэспубліканскія і рэгіянальныя СМІ, інтэрнэт-рэсурсы, інфармацыйныя агенцтвы, аператары і дыстрыб’ютары кабельнага тэлебачання, распаўсюджвальнікі друкаванай прадукцыі, выдавецтвы.
Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з экспазіцыямі рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных і электронных СМІ, спецыялізаванымі і ведамаснымі выданнямі, газетамі вышэйшых навучальных устаноў і прамысловых прадпрыемстваў, навуковых арганізацый. Выстаўка прапануе медыйнай супольнасці і наведвальнікам насычаную праграму, якая ўключае ў сябе прэзентацыі інфармацыйных і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесіі, майстар-класы, флэш-акцыі і многае іншае. Кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі і журналісты, прадстаўнікі экспертнай супольнасці абмяркуюць значныя пытанні функцыянавання медыясферы, ролю СМІ ў развіцці грамадства і дзяржавы ў рамках дзелавой праграмы выстаўкі.
Новаўвядзенне сёлетняй выстаўкі СМІ – Дзень рэгіянальнай прэсы, паколькі яна адыгрывае ў інфармацыйнай прасторы важную ролю. Дзень рэгіянальнай прэсы пройдзе 4 мая. Яшчэ адной асаблівасцю стане Дзень дзяцей і моладзі. Дзіцячая пляцоўка, якая будзе працаваць у час выстаўкі, прапануе цікавыя разнапланавыя праграмы, а 5 мая пройдзе вялікая колькасць мерапрыемстваў для дзяцей. Па традыцыі на выстаўцы “СМІ ў Беларусі” ўшаноўваюць пераможцаў і лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая Літара”. Узнагароды 14-га конкурсу будуць уручаны 3 мая. ХХІІ Міжнародная спецыялізаваная выстаўка “СМІ ў Беларусі” пройдзе ў выставачным комплексе па адрасе пр. Пераможцаў, 14. Міжнародная спецыялізаваная выстаўка “СМІ ў Беларусі” праводзіцца штогод з 1997 года Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Мінскага гарвыканкама, РУП “Нацыянальны выставачны цэнтр “БелЭкспа”, іншых органаў дзяржаўнага кіравання, вядучых СМІ, грамадскіх арганізацый
БелТА
Стоит почитать:
Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям выстаўкі «СМІ ў Беларусі»