Лістапад – адзін з самых цёмных месяцаў у годзе, калі ўсім не хапае цяпла, добрага настрою, а вадзіцелям – яшчэ і святла, каб маглі добра разгледзець усіх удзельнікаў дарожнага руху.

Рашэнне сітуацыі простае, яго трансліруюць паўсюль і пастаянна: пешаходы, станьце заўважнымі на дарозе, насіце на адзенні і рэчах святлоадлюстроўваючыя элементы, гэтым  вы засцеражаце сябе ад траўмавання, а аўтамабілістаў – ад лішніх перажыванняў.

Ды, як аказалася, простыя метады падыходзяць не ўсім. Апошнім часам выкарыстанне флікераў у цёмны час сутак з дробязі ператварылася ў праблему, на якую пастаянна звяртаюць увагу на раённым, абласным і нават рэспубліканскім узроўні. Інфармацыя агучваецца на планёрках і пасяджэннях, на прадпрыемствах Дзятлаўшчыны праводзіцца цэнтралізаваная закупка такіх элементаў для супрацоўнікаў, каб дабіраліся на работу і з работы без лішніх прыгодаў. Ва ўстановах адукацыі рэгулярна ладзяцца акцыі ДАІ, якія таксама суправаджаюцца раздачай флікераў.

А што самі людзі? Адны і без лішняга нагадвання засцерагаюць сябе і дзяцей святлоадлюстроўваючымі элементамі, а другія ўвесь час спадзяюцца на магутны славянскі авось. Але такі нумар даўно не праходзіць: казачная самаўпэўненасць і бяспечнасць пешаходаў не застаецца беспакаранай. Аб гэтым сведчыць статыстыка Дзяржаўтаінспекцыі, данымі якой падзяліўся  старшы дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў Алег Ляўкевіч:

– З пачатку года на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна прыцягнуты да адказнасці 1024 пешаходы, 143 з іх – у стане алкагольнага ап’янення, 490 веласіпедыстаў, 45 з іх – нецвярозыя, 15 вадзіцеляў сродкаў персанальнай мабільнасці (з іх 3 – у нецвярозым стане). Нягледзячы на вялікую прафілактычную работу, удзельнікі дарожнага руху часта ігнаруюць правілы і дапускаюць правапарушэнні. У апошні час нямала іх звязана з нашэннем флікераў. Хочацца нагадаць пешаходам і веласіпедыстам, што нашэнне святлоадлюстроўваючага элемента ў цёмны час сутак – не рэкамендацыя, а патрабаванне закона, парушэнне якога будзе мець адпаведнае пакаранне.

Наколькі даступныя флікеры для дзятлаўчан, высвятляем у магазінах райцэнтра. У многіх кропках гандлю як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці такая прадукцыя ёсць у форме брэлокаў, наклеек, цвёрдых і мяккіх палосак на руку. У магазінах горада не прадстаўлены камізэлькі з такімі элементамі, аднак яны, як правіла, ёсць у продажы на аўтазаправачных станцыях. Некаторыя магазіны здзівілі адсутнасцю на паліцах патрэбнага тавара, на што прадаўцы растлумачылі: сезонны тавар карыстаецца павышаным попытам, яго хутка разбіраюць.

Адным словам, хто з дзятлаўчан захоча, флікер сабе або родным без праблем набудзе. Галоўнае – не забываць, што проста купіць мала, трэба яшчэ і насіць.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации