Новы дзень пачаўся з чарговага паведамлення ў бацькоўскім чаце аднаго з маіх школьнікаў. Класны кіраўнік азнаёміла бацькоў са зместам ліста, атрыманага ад раённай арганізацыі ратавання на водах:

– Паведамляем вам, што на возеры, размешчаным у горадзе Дзятлаве па вуліцы Навагрудскай, на лёдзе маюцца сляды абутку непаўналетніх. На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна дзейнічае забарона выхаду на лёд, бо яго таўшчыня складае 1-3 сантыметры.

Аўтары ліста заклікаюць правесці гутарку са сваімі дзецьми дзеля іх бяспекі і кантраляваць іх вольны ад школы час. На мой расповед калегі заўважаюць, што, праязджаючы міма на аўтамабілі па дарозе, сапраўды бачылі на возеры рух, нават спыніліся, каб прагнаць аматараў лядовых прыгод.

З надыходам не толькі каляндарнай, а сапраўднай зімы разам з радасцю ад снегу і лёгкага марозіку прыйшлі і шматлікія рызыкі, звязаныя з халоднай парой года. Гэта слізкія дарогі і тратуары, што трэба ўлічваць як вадзіцелям, так і пешаходам, і, вядома, праблема выхаду на лёд, які толькі-толькі ўсталёўваецца на азёрах і ніяк не прызначаны для знаходжання на ім людзей. З аднаго боку, ісці на лёд дзецям катэгарычна забаронена, з іншага – няма нагоды гэта рабіць. У Дзятлаве, напэўна, няма такіх шляхоў, якія трэба “скарачаць” праз вадаёмы; аматары пакатацца або пагуляць у хакей, калі маразы патрымаюцца, хутка змогуць гэта зрабіць на катку, які штогод заліваюць каля стадыёна “Колас”. А з тымі, хто ідзе на лёд проста пагарэзаваць, размова кароткая. Але размаўляць, тлумачыць, паўтараць абавязкова трэба. Лепш дзесяць разоў папярэдзіць…

Старшыня раённай арганізацыі АСВОД Сяргей Шпакоўскі нагадаў асновы асноў зімовай бяспекі:

 – Выходзіць на лёд, які мае таўшчыню менш за 7 сантыметраў, нельга. Пры гэтым выхад на лёд непаўналетніх без суправаджэння дарослых забаронены пры любой яго таўшчыні. Тое ж тычыцца і катання на цюбінгах са спускам каля рэк і азёр. Пераканаўча просім растлумачыць дзецям правілы паводзінаў паблізу вадаёмаў і пастаянна ўдакладняць, дзе знаходзіцца ваша дзіця, магчыма, з выкарыстаннем спецыяльных мабільных праграм.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации