Усе пад Новы год чакаюць добрых падарункаў і цудаў.

І калі ў чароўным свеце дзяцінства яны частыя і верагодныя, то дарослыя завяршаюць год з сюрпрызамі, якія самі заслужылі.

Так, жыхарцы Дзятлава 2024 год запомніцца пераездам з трохпакаёвай кватэры ў райцэнтры ў аднапакаёвую – у Гезгалах. Такое рашэнне дзятлаўчанка, якая жыла ў кватэры па вуліцы Навагрудскай з 1996 года, прыняла не сама: прычынай страты арэнднага жылля стала больш чым пяцігадовая запазычанасць за жыллёва-камунальныя паслугі. Раней арандатарам быў муж жанчыны, а калі яго не стала, яна перастала аплачваць камуналку, доўг за якую набыў унушальныя памеры. У кватэры за няўплату адключылі ацяпленне, газ і электрычнасць, але і гэта неплацельшчыцу не стымулявала. Цяпер, калі да канца года парушальніца закона сама не вызваліць жыллё, ёй “дапамогуць” у гэтым адказныя службы.

– Згодна з рашэннем суда, грамадзянка пазбаўляецца арэнднага жылля ў Дзятлаве з прадастаўленнем іншага ў аграгарадку Гезгалы. Калі камунальныя плацяжы зноў не будуць пагашацца на працягу паўгода, яе чакае высяленне без прадастаўлення альтэрнатывы, – расказаў юрысконсульт Дзятлаўскага РУП ЖКГ Ігар Глускі. – За гэты год мы падалі ў суд пяць іскаў на высяленне з арэндных жылых памяшканняў за няўплату камунальных паслуг. Адзін з іх быў адкліканы ў сувязі з поўным пагашэннем запазычанасці, чатыры жыльцы выселены без прадастаўлення жылля. Таксама сёлета было накіравана ў суд тры іскі аб прымусе да адчужэння прыватызаванага жылля. Калі за год запазычанасць не будзе пагашана, гаспадары могуць страціць уласныя кватэры.

Штомесяц Дзятлаўскае РУП ЖКГ адпраўляе каля 400 такіх “лістоў шчасця”. Людзі прадаўжаюць упарта аднеквацца ад камуналкі і закона, верачы немаведама ў што. Але цуды прыходзяць толькі да законапаслухмяных грамадзян.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации