Нядаўна мы закраналі на старонках газеты праблему аварыйных дрэваў і стыхіі, аб якой зноў нагадала жыхарка аграгарадка Раклевічы.

Яна звярнулася ў рэдакцыю газеты “Перамога” з падзякай Дзятлаўскаму РУП ЖКГ, дзякуючы якому яе невясёлая гісторыя мела шчаслівы фінал.

Ганна Лабарэвіч расказала, што здарэнне адбылося на могілках побач з аграгарадком Раклевічы, дзе пахаваны бацькі жанчыны. У час апошняга моцнага ўрагану адно з дрэваў вельмі нахілілася, навісла над помнікам і надмагіллем, пагражаючы ўпасці на яго і пашкодзіць.

– Калі мне расказалі пра тое, што на могілках дрэва павалілася, маё сэрца ледзь не стала, паехала адразу глядзець. Помнік новы, толькі летам яго паставілі. І не я адна такая, сёлета на суседніх магілах таксама абнавілі помнікі, – гаворыць жанчына.

На зварот у Дзятлаўскі сельвыканкам адказалі, што ўсе могілкі цяпер падведамасныя не ім, а жылкамунгасу і адрасавалі туды.

Жанчына памеркавала, што гісторыя можа зацягнуцца, паспрабавала вырашыць яе самастойна: у аб’явах адшукала спецыялістаў, якія займаюцца распілоўваннем дрэваў “любой складанасці”. Па тэлефоне назвалі ўнушальную цану ў 300-400 рублёў, ды і з днём  выканання работ дакладна не змаглі вызначыцца.

Тады яна звязалася з дыспетчарам РУП ЖКГ, ужо маральна рыхтуючыся далей “ісці па інстанцыях”, але тут адразу атрымала падтрымку. Выслухалі, сказалі, што ў сувязі з прыроднымі катаклізмамі работы ў камунальнікаў шмат, але абавязкова ўсё перададуць кіраўніцтву.

– І праўда, у хуткім часе са мной звязалася майстар Наталля Скібінская, растлумачыла, як праблему паспрабуюць вырашыць самі камунальнікі.

Праз пару дзён на могілкі прыехала брыгада камунальнай службы разам з намеснікам дырэктара Віктарам Дзедулем, які не толькі кантраляваў працэс, але і сам дапамагаў рабочым, – жыхарка Раклевічаў эмацыянальна, з удзячнасцю расказвае аб сваіх ратаўніках. – Я не толькі падзяку дала ў газету, але і ў касцёле, дома малюся за гэтых добрых людзей. 1 лістапада – Дзень Усіх Святых, дзякуй Богу і добрым людзям, што сустрэнем яго са светлым настроем, а не з бядой.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации