Напэўна, не кожны дзятлаўчанін ведае, што ў нашым Дзятлаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі  захоўваецца сэрца аднаго з уладальнікаў Дзятлава – Мікалая Фаўстына Радзівіла.

Некаторыя лічаць гэты факт легендай, але ў кожнай легендзе ёсць доля ісціны.

Хто ж такі Мікалай Фаўстын Радзівіл і чаму яго цела захоўваецца ў Нясвіжскім замку, а сэрца ў Дзятлаве?

Князь Мікалай Фаўстын Радзівіл нарадзіўся  21 мая 1688 года ў Дзятлаве. Ён дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мечнік вялікі літоўскі, пазней  – ваявода наваградскі (1729-1746), генерал-лейтэнант (1725).

Прадстаўнік княскага роду Радзівілаў гербу “Трубы”, сын канцлера вялікага літоўскага Дамініка Мікалая Радзівіла (1653-1697) і яго першай жонкі князёўны Ганны Марыяны Палубінскай, буйны землеўладальнік, ён вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. Пасля смерці бацькі ў 1697 годзе апеку над ім і малодшым братам Міхалам Антоніем атрымаў старэйшы брат Ян Мікалай. У 1699 годзе са старэйшымі братам паехаў за мяжу. Вучыўся ў Парыжы. У 1704 годзе вярнуўся на радзіму. Атрымаў у спадчыну староства Ковенскае. У перыяд Вялікай Паўночнай вайны са шведамі быў на баку Аўгуста II Польскага. Удзельнічаў у якасці пасла (дэпутата) у многіх соймах (1718, 1720, 1722, 1726). У 1721 годзе падпісаў у Мінску пагадненне паміж Янам Салагубам, падскарбіем вялікім літоўскім і Міхалам Радзівілам Рыбанькам. Шмат увагі надаваў літоўскаму войску. Некаторы час выконваў абавязкі камандуючага войскамі Вялікага Княства Літоўскага.

З 1729 года – ваявода наваградскі. Пасля смерці Аўгуста II выступаў супраць абрання канфедэрацыяй вялікапольскай шляхты каралём Станіслава Ляшчынскага, яго пазіцыю падтрымаў брат жонкі – Ігнат Завіша.

Будучы прыхільнікам абрання на трон Аўгуста III, спадзяваўся на атрыманне новых ваенных пасад для сябе і сваіх сыноў.

Улічваючы тое, што шматлікія маёнткі Радзівіла і яго жонкі Барбары былі абцяжараны буйнымі абавязкамі, іх сямейства не належала да ліку найбагацейшых ў ВКЛ. Найважнейшым маёмасным набыццём пры жыцці Мікалая Фаўсты Радзівіла лічыцца горад Бярдзічаў на Украіне.

У 1740 годзе ахвяраваў сродкі на пабудову новага будынка манастыра сакраментак пры касцёле святога Казіміра ў Варшаве, у які пастрыглася яго дачка Ганна Катажына.

Пасля пажару 1743 года ім адбудаваны ў Дзятлаве касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля смерці мужа скончыла працу яго другая жонка Барбара ў 1751 годзе.

Быў чалавекам адукаваным і начытаным. Аўтар некалькіх прац па гісторыі свету і народаў Еўропы, публіцыстычных твораў. Апублікаваныя былі толькі яго кароткія апісанні барацьбы з гайдамакамі і аб вынаходстве сынам Удальрыкам машыны для ачысткі стаўка, азёр і рэк ад багавіння і пустазелля.

Радзівіл памёр у Дзятлаве 2 лютага 1746 года і быў урачыста пахаваны ў радавой пахавальні ў Нясвіжы, а яго сэрца – у Дзятлаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Захаваўся вельмі рэдкі ўзор надмагільнага партрэта,  які змешчаны на тарцы труны. Напісаны алеем на метале каля 1746 года. Радзівіл намаляваны па пояс, у панцыры і плашчы, падбітым гарнастаем, з ордэнскім крыжом.

Згодна з інфармацыяй, прадстаўленай Нясвіжскім музеем-запаведнікам, згадка пра тое, што сэрца Мікалая Фаўстына Радзівіла знаходзіцца ў Дзятлаўскім касцёле, знойдзена ў  “Польскім слоўніку біяграфічным” Эвы Шклярскай, а таксама ў кнізе А. Т. Федарука “Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны” (Мінск, “Беларусь”, 2014 год), дзе гаворыцца пра тое, што сэрца  М. Ф. Радзівіла, а таксама яго сына Ежы было змешчана ў спецыяльны шкляны посуд і знаходзілася ў нішы касцёла, дзе меўся надпіс і партрэт М. Ф. Радзівіла.

І яшчэ адна заслуга Мікалая Фаўстына Радзівіла перад нашчадкамі і землякамі: ён на ўласныя сродкі распачаў у Дзятлаве будаўніцтва палаца, якое было скончана ў 1751 годзе.

Другой жонкай Мікалая Фаўстына стала Барбара з роду Завішаў. Іх шлюб адбыўся 4 снежня 1710 года ў Раготне, якое на той час належала Завішам герба “Лебедзь”. Барбара была дачкой менскага кашталяна Станіслава Завішы (1660-1721) і Тэрэзы з роду Тышкевічаў. У шлюбе нарадзіліся 14 дзяцей, сярод іх найбольш вядомы ў Дзятлаве Удальрык Крыштап (1712-1770).

Барбара Радзівіл-Завіша была вельмі ўплывовай жанчынай сваёй эпохі.

У часы бескаралеўя ў 1733 стала адной з ініцыятараў стварэння канфэдэрацыі Наваградскага ваяводства, скіраванай супраць кандыдата на прастол Станіслава Ляшчынскага. У 1736 наведала Санкт-Пецярбург, дзе атрымала вельмі прыхільны прыём пры расійскім імператарскім двары.

Была адной з найбольш палітычна актыўных прадстаўнікоў групоўкі Радзівілаў. Сачыла за абраннем прыхільных да Радзівілаў дэпутатаў на Наваградскім, Слонімскім, Ваўкавыскім, Гарадзенскім і Лідскім сойміках.

Жанчынам Дзятлава і памяці Барбары Радзівіл, неардынарнай жанчыне свайго часу, аднадумцы мужа ва ўсіх яго пачынаннях і прысвячаецца бал, які адбудзецца 7 сакавіка ў Дзятлаўскім цэнтры культуры.

Алена АБРАМЧЫК,
cтаршы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Задачы сур’ёзныя, але рэзервы ёсць
Навагодні настрой. ААТ “Граніт-Агра” (фотафакт)
Дом, дзе пануе каханне

Похожие публикации