Месяц гастранамічнага турызму выйшаў на фінішную прамую. І быў ён, трэба сказаць, вельмі актыўным і плённым, нягледзячы на тое, што праводзіўся першы раз. Калі казаць шчыра, то сённяшні падарожнік хоча ў першую чаргу паглядзець на цікавыя аб’екты, паслухаць інтрыгуючую інфармацыю пра іх гісторыю, стаць удзельнікам інтэрактыўнай праграмы, таксама звязанай з гісторыяй месца, куды ён прыехаў, зрабіць пару соцень фотаздымкаў, каб параскідаць іх потым па сацыяльных сетках, – і смачна паесці. Пры гэтым, паесці – адзін з важнейшых момантаў падарожжа, бо менавіта гэты фінальны акорд часцей за ўсё і запамінаецца надоўга. А вось у Дзятлаве мы частаваліся!..  

Чым жа можна пачаставацца ў Дзятлаве? Ды шмат чым. І каб пераканацца ў гэтым, мы пачалі з сябе. Спачатку сустрэліся з начальнікам аддзела прамысловасці Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Вольгай Лялей, якая, між іншым, нас здзівіла. Аказалася, што хлебазавод выпякае больш за 60 відаў хлебабулачных вырабаў, якія штодня (не ў поўным асартыменце, канешне) можна набыць у магазіне “Родны Кут” на плошчы 17 Верасня. Туды мы адразу ж і накіраваліся, каб пераканацца, што свежае і смачнае ёсць на паліцах. І што б вы думалі? Накуплялі і хлеба, і булак. А хлеб які! Пальчыкі абліжаш, можна есці проста так ці з малаком – і будзеш сыты да вечара. Шкада толькі, што завозяць яго адзін раз на дзень, з 10 да 11 гадзін раніцы, і чалавеку, які чакае абедзеннага перапынку, каб прабегчы па магазінах, можа той смакаты ўжо і не дастацца.

Накіраваліся мы і ў Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир” на сустрэчу з галоўным тэхнолагам прадпрыемства.

І тут нас здзівілі. Прадпрыемства прыбытковае, вырабляе сыры розных гатункаў, вялікая колькасць прадукцыі ідзе на экспарт, спажываецца ўсё малако, якое даюць нашы дзятлаўскія кароўкі, што пасвяцца на сакавітых лугах каля новых і адрамантаваных малочнатаварных фермаў. Што сказаць? Гонар, вялікі гонар апанаваў нас, калі выйшлі з прахадной і завіталі ў фірменны магазін паглядзець, што ж ёсць у продажы. І таксама былі задаволеныя тым, што набылі. І танней, чым у іншых магазінах, і смачнейшае. Ды што там казаць, госці санаторыя Радон, якія прыязджаюць на экскурсію па нашым горадзе, у канцы заўсёды просяць завесці іх у фірменны магазін. І набіраюць сыроў, каб вы толькі бачылі! Дадому вязуць, у Маскву, Разань, Валгаград і іншыя гарады. Бо смачныя!
А наш рэстаран “Ліпічанка”, у якім мы вырашылі папалуднаваць і прадэгуставаць беларускія нацыянальныя стравы, проста ашаламіў смачнымі дранікамі з мясам, паджаркай са свініны, супам з лапшой, запечанымі яблыкамі на дэсерт і многім іншым, асабліва культурным абслугоўваннем. І тут мы вырашылі далучыць дзятлаўчан да дэгустацыі, сагітавалі настаўнікаў СШ № 1 і работнікаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А ўсё для чаго? Ды каб паглядзелі, як смачна гатуюць у “Ліпічанцы” і як добра пасядзець за невялікія грошы ўсім разам, пагаварыць, падзяліцца ўражаннямі, а можа, і рэцэптамі сваёй уласнай кухні. Не схлушу, калі скажу, што ўсім спадабалася, тэлефанавалі потым, дзякавалі. Бярыце на заметку, схадзіце ў наш рэстаран калектывам на абед хаця б раз у месяц, няхай гэта стане вашай традыцыяй. Іх, гэтых традыцый, так мала ў нашым жыцці засталося. А потым раскажаце сваім гасцям, сябрам, блізкім. Чым не культурны адпачынак – прайсціся з экскурсіяй па горадзе, а потым смачна паесці ў рэстаране або ў кавярнях “Лепім Самі” ці “Піца Кава”, куды мы, між іншым, схадзілі і напісалі пра іх у сваіх сацыяльных сетках, а таксама знялі ролікі для ТікТок.

Асабіста для мяне самай запамінальнай стала сустрэча ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Там сабраліся жанчыны “залатога ўзросту”, якія наведваюць аб’яднанне “Нам гады не бяда”. І сустрэча была прысвечана дранікам. Так, звычайным дранікам, якія для нашага раёна сталі незвычайнай нацыянальнай стравай, бо заслужылі званне нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Прызнаюся, дранікамі мы аб’еліся, бо немагчыма было не пакаштаваць хоць адзін – гаспадыня пакрыўдзіцца. Кожная з прысутных зрабіла дранікі па сваім рэцэпце: і з грыбамі, і з мясам, і з куркумай, і з гарбузом. Эх, успомніла – і захацелася дома прыгатаваць! І вы можаце гэта зрабіць, а рэцэптамі страў кухні народаў Дзятлаўшчыны мы дзяліліся ў сацыяльных сетках. Па рэцэпты ж дзятлаўскіх дранікаў (а рэцэптаў тых шмат) можна звярнуцца ў раённы Цэнтр культуры – і вам абавязкова дапамогуць. На каналах  Рутуб і Ютуб Дзятлаўскага ТІЦ можна паглядзець ролікі пра мясцовых жыхарак, якія гатуюць дранікі. Між іншым, з кухняй народаў Дзятлаўшчыны мы знаёмілі дзятлаўчан праз сайт газеты “Перамога”, а школьнікаў – арганізаваўшы ў гімназіі № 1 сустрэчу-лекцыю.

Цікава прайшла вячэрняя экскурсія “Казачны Новы год з аўдыягідам” у рамках акцыі “Нашы дзеці”, на якую мы запрасілі шматдзетныя сем’і. Было сыра, імжэў доджык, але гэта не перашкодзіла палюбавацца навагоднімі ілюмінацыямі горада, помнікамі гісторыі і культуры, а потым пасядзець за шклянкай чаю ў кінатэатры “Спадарожнік” і пачаставацца пірагамі Дзятлаўскага хлебазавода. Таксама дэгустацыі, такіх у снежні было аж дзве, арганізаваныя самім хлебазаводам – у магазінах “Родны Кут” і  “Ручаёк”,  што ў Казлоўшчыне. Многія дзятлаўчане далучыліся і былі прыемна здзіўлены смакам вырабаў і асартыментам.

Што ж, аглядаючыся на ўсё, што праляцела-пранеслася ў снежні, можна сказаць: турысту ёсць дзе паесці ў Дзятлаве, і смачна паесці. Будзе задаволены! Кажам гэта з упэўненасцю, бо ўжо маюцца першыя ластаўкі – летам былі экскурсіі з Мінска, якія падарожнічалі па горадзе, а потым палуднавалі  ў “Ліпічанцы” і кавярні “Лепім Самі”. Спадзяёмся, што турыстычны сезон 2025 года стане яшчэ больш плённым.

Напрыканцы ж мы захоўваем інтрыгу. Хутка, вельмі хутка аб’явім пераможцу конкурсу “Любімая нацыянальная страва маёй сям’і”. Сачыце за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках VISIT_DYATLOVO.

Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее
#нашалепшае

Похожие публикации