Напярэдадні дзяржаўнага свята ў Наваельні ўрачыста адкрылі жылы шматкватэрны дом пасля рэканструкцыі. Навасёламі дома № 2 па вуліцы Дзятлаўскай сталі адразу 14 пасялкоўцаў і іх сем’і.
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна і Новаяльнянскага сельвыканкама, прадстаўнікі будаўнічых арганізацый, работнікі Дзятлаўскага РУП ЖКГ, культуры, духавенства, жыхары гарпасёлка.
Навасёлаў і ўсіх землякоў павіншаваў са знакавай для раёна падзеяй намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік.
– Мы сабраліся тут з цудоўнай нагоды ў такі сонечны перадсвяточны дзень. 15 сакавіка ўсе беларусы будуць адзначаць важнае дзяржаўнае свята – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэта асноўны закон, які гарантуе кожнаму грамадзяніну права на дастойныя ўмовы жыцця. Гэтыя гарантыі чарговы раз знаходзяць рэальнае ўвасабленне на Дзятлаўшчыне. Мы адчыняем дзверы 14-кватэрнага жылога дома. Кожная з гэтых кватэр – асобная гісторыя, новыя надзеі і грунтоўныя прычыны для шчасця. Для кагосьці гэта першы крок да ўласнага жылля, а для іншых – доўгачаканае вырашэнне важнага жыллёвага пытання, – адзначыў Дзмітрый Расціслававіч. – Хачу выказаць словы ўдзячнасці намесніку старшыні аблвыканкама Андрэю Жуку, старшыні камітэта архітэктуры і будаўніцтва аблвыканкама Міхаілу Петуху за падтрымку і дапамогу ў рэалізацыі задумкі кіраўніцтва раёна па рэканструкцыі будынка ў шматкватэрны дом. Гэта чацвёрты завершаны праект пераўтварэння неэксплуатуемых будынкаў у арэнднае жыллё. Яшчэ адзін у Дзятлаве сёння ў ходзе рэалізацыі. Шчыры дзякуй дырэктару падраднай арганізацыі ТАА “Зодчий” Сяргею Тумашчыку за ўважлівае кіраўніцтва на працягу ўсяго працэсу, якасна і своечасова выкананую работу. Хочацца адзначыць арганізацыю, якая ажыццяўляла нагляд за рэканструкцыяй – Упраўленне капітальнага будаўніцтва Навагрудскага раёна, а таксама распрацоўшчыкаў праектна-каштарыснай дакументацыі – ТАА “НикАртПро” (горад Навагрудак).
Дзмітрый Расціслававіч уручыў падзячныя лісты старшыні райвыканкама будаўнікам, якія вызначыліся ў рэалізацыі праекта.
Дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк адзначыў, што рэканструкцыя дома пад арэнднае жыллё стала лагічным працягам шматлікіх мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні, якія былі рэалізаваны ў гарпасёлку Наваельня за апошнія гады. Ён падзякаваў за плённую работу праекціроўшчыкам, будаўнікам, тэхнічнаму нагляду. Іх зладжанай работай аб’ект быў уведзены ў строй раней за запланаваны тэрмін. Васіль Васільевіч заклікаў жыльцоў беражліва адносіцца да арэндных кватэр, пажадаў ім шчасця і дабрабыту на новым месцы.
– Прыемна бачыць вас тут у добрым настроі, – звярнуўся да прысутных Сяргей Тумашчык. – Радуе, што нагодай для гэтага стала работа нашых будаўнікоў. У рэканструкцыі і мадэрнізацыі гэтага будынка ўдзельнічалі больш за 100 работнікаў розных будаўнічых спецыяльнасцяў, якія былі б рады раздзяліць з вамі гэту ўрачыстасць, аднак ужо прадаўжаюць працаваць на іншых аб’ектах. Дзякуй ім вялікі за старанні. Ад імя ўсіх будаўнікоў перадаю словы ўдзячнасці Гродзенскаму аблвыканкаму і Дзятлаўскаму райвыканкаму, Дзятлаўскаму РУП ЖКГ, Навагрудскаму УКБ за аказаны давер, дапамогу і падтрымку ў час будаўніцтва. Навасёлам хачу пажадаць, каб у новым доме заўсёды панавалі ўтульнасць, дабро і радасць.
Ён уручыў сімвалічны ключ ад абноўленага дома Дзмітрыю Баравіку, а той перадаў яго дырэктару Дзятлаўскага РУП ЖКГ, на балансе якога цяпер знаходзіцца арэнднае жыллё.
– Дзякуючы жаданню і настойлівасці кіраўніцтва Дзятлаўскага раёна, менш чым за год пустуючы будынак стаў камфортным шматкватэрным домам, – адзначыў у сваім выступленні галоўны інжынер Навагрудскага УКБ Сяргей Шымчык. – Спадзяюся, што якасць і прыгажосць гэтага дома будуць радаваць усіх, хто сёння атрымае ключы ад арэндных кватэр.
Разам з пробашчам касцёла Сэрца Пана Езуса ў гарпасёлку Наваельня, дэканам дзятлаўскім і навагрудскім Алегам Жураўскім, памаліліся аб доме і яго жыхарах.
Госці мерапрыемства атрымалі музычны падарунак ад работнікаў Новаяльнянскага дома культуры Галіны Сушко і Аляксандра Саалятэ.
Ганаровую місію ўручыць камплекты ключоў выканаў Дзмітрый Баравік. Была перарэзана чырвоная стужка на ўваходзе ў дом – і шчаслівыя навасёлы ўпершыню наведалі свае кватэры як гаспадары.
Сваімі ўражаннямі падзялілася Алена Баковіч:
– Мы з мужам жывём у Наваельні, у нас чацвёра дзяцей. Сёння атрымалі ключы ад трохпакаёвай кватэры, пры першым аглядзе ўсё спадабалася. Вельмі зручна, што побач школа і дзіцячы садок, каля дома ёсць дзіцячая пляцоўка. А месца тут, як і ва ўсёй Наваельні, маляўнічае. Думаю, за тыдзень заселімся і будзем паступова абжывацца.
На рэканструкцыю дома № 2 па вуліцы Дзятлаўскай у гарпасёлку Наваельня было затрачана каля 3 мільёнаў рублёў з абласнога бюджэту па праграме прадастаўлення арэнднага жылля насельніцтву. За сем месяцаў сіламі генеральнай падраднай арганізацыі ТАА “Зодчий” (горад Слонім) раней неэксплуатуемы будынак пераўтварыўся ў прыгожы і камфортны дом агульнай плошчай 767 квадратных метраў. У ім размешчаны 3 аднапакаёвыя, 5 двухпакаёвыя і 6 трохпакаёвых кватэр.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае
Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло…
Под зарплатой «в конверте» принято понимать незаконную форму оплаты труда, при которой часть или весь…
Другі раз запар у Беларусі прайшоў рэспубліканскі міжведамасны адукацыйны праект “Запусці сэрца”, арганізатарамі якога выступаюць…
У рамках месячніка Таварыства Чырвонага Крыжа ў Дзятлаве адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў новым валанцёрам аб’яднання.…
Президент Беларуси Александр Лукашенко на заседании Высшего Евразийского экономического совета назвал базовые цели ЕАЭС, передает корреспондент БЕЛТА. "Реагировать…
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga