Калектыў Дзятлаўскага сельскага выканаўчага камітэта праводзіў на заслужаны адпачынак кіраўніка спраў установы Галіну Альфяровіч, якая нязменна працавала на гэтай пасадзе на працягу амаль трох дзесяцігоддзяў.

Даў высокую ацэнку прафесіяналізму супрацоўніцы і падзякаваў за плённую працу кіраўнік спраў райвыканкама Аляксандр Андруцэвіч:

– Шаноўная Галіна Уладзіславаўна! Вы пачыналі працаваць на сваёй пасадзе ў перыяд станаўлення дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь. За многія гады работы паказалі сябе як граматны спецыяліст, нераўнадушны да клопатаў жыхароў сельскага савета чалавек. Работа з вамі заўжды была спакойнай, канструктыўнай і выніковай. Хачу пажадаць заставацца такой жа энергічнай, вясёлай, дабрадушнай. Каб блізкія радавалі вас сваімі поспехамі і падтрымкай. Моцнага вам здароўя, здзяйснення планаў, дабрабыту, доўгіх гадоў жыцця. Дзякуй за работу!

За шматгадовую плённую працу ў органах дзяржаўнага кіравання і істотны асабісты ўклад у развіццё мясцовага самакіравання Галіна Альфяровіч была адзначана Ганаровай граматай Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў.

Да віншаванняў далучыўся начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Сяргей Багдановіч і ўручыў кветкі ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.

Старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Ігар Хітро падзякаваў калезе за супрацоўніцтва:

– Дзякуй вам за адданую плённую працу на карысць сваёй дзяржавы і раёна. За гады службы ў органах мясцовага кіравання вы паднялі работу з насельніцтвам на высокі ўзровень, а мы пастараемся падтрымаць і памножыць вашы напрацоўкі, – адзначыў ён.

Галіна Уладзіславаўна падзякавала калегам па працы за віншаванні, а кіраўніцтву раёна – за высокую ўзнагароду.

– Удзячна лёсу за тое, што мне давялося працаваць у добрым калектыве з выдатнымі людзьмі. Мне заўсёды шанцавала на мудрых, справядлівых і спагадлівых начальнікаў, у ліку якіх Антаніна Грамадская, Антон Шышня, Ігар Літавар, Аляксандр Маркушэўскі, з якім разам працавалі 17 гадоў. Калектыў у нас маленькі, таму заўжды былі сяброўскія ўзаемаадносіны. Упэўнена, што сённяшні кіраўнік сельвыканкама Ігар Хітро стане дастойным пераемнікам папярэднікаў. Работа з людзьмі няпростая, але вырашэнне надзённых пытанняў і клопатаў сельскіх жыхароў заўжды пакідала ў сэрцы прыемны след. За гады работы шмат разоў чула словы ўдзячнасці ад землякоў, радавалася за іх. Бо праўду кажуць, што дабро, зробленае людзям, вяртаецца шматразова.

Галіна Альфяровіч развіталася з любімым працоўным калектывам з упэўненасцю, што на заслужаным адпачынку не будзе сумаваць і знойдзе занятак па душы. І абавязкова будзе адведваць калег па працы, цікавіцца іх надзённымі справамі і поспехамі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее

#нашалепшае

Похожие публикации