У Беларусі прайшла адна з найбольш значных падзей нацыянальнай туріндустрыі – 27-я міжнародная выстава-кірмаш турыстычных паслуг “Адпачынак-2025”, дзе былі прадстаўлены каля 500 экспанентаў з 13-ці краін і ўсіх рэгіёнаў Беларусі.

Чым наведвальнікаў форуму здзіўлялі дзятлаўчане, расказала галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка:

– Падрыхтоўку да выставы пачалі яшчэ ў 2024 годзе, калі вызначалі, якую паліграфічную і сувенірную прадукцыю прадставім, праз што будзем рэкламаваць Дзятлаўшчыну, каб гэта было ярка, зразумела, забаўляльна. Імкнуліся паказаць наш раён турыстам рознапланава, цікава праз усе чатыры напрамкі, па якіх ажыццяўляецца работа: Дзятлаўшчына гераічная, незвычайная, таямнічая, гасцінная.

Задумка ўдалася: тры дні форуму склаліся плённа, наш стэнд працаваў актыўна, наведвальнікі падыходзілі пастаянна. Паколькі сёлета канцэпцыя выставы “Адпачынак-2025” была зменена, то ўсе раёны Прынёмання прэзентавалі свой патэнцыял у саставе Гродзенскага рэгіёна. Тым не менш у кожнага былі свае цікавінкі, якія прываблівалі самых розных людзей.

У першы ж дзень наш стэнд наведала кандыдат эканамічных навук, дацэнт кафедры эканомікі і ўпраўлення турыстычнай індустрыі БДЭУ Зоя Горбылева, якую вельмі зацікавіў комплексны сістэмны падыход да арганізацыі турызму на Дзятлаўшчыне, дзе ў маршруты ўключаны славутасці, абрады, майстар-класы, інтэрактыўныя праграмы. Яна паабяцала расказаць сваім студэнтам, як трэба працаваць у сферы турызму, а нам прыемна было пачуць станоўчы водгук прафесіянала. Былі і выкладчыкі з іншых універсітэтаў і каледжаў, нават з Крыма, якіх цікавіла развіццё экалагічнага турызму. Для іх акцэнтавалі ўвагу на новым маршруце “Зялёнымі сцежкамі па Ліпічанскай пушчы”, а персанаж беларускага фальклору Гаёвы Дзед праз карты раслін пастараўся зрабіць знаёмства з флорай ліпічанскіх мясцін надзвычай адметным. Мы паабяцалі крымчанам, што калі яны прыедуць да нас, то пазнаёмяцца яшчэ і з унучкамі казачнага персанажа.

Шмат прыходзіла моладзі, як студэнцкай, так і сямейнай. Апошнім спадабаўся наш аўдыягід, паколькі маладыя сем’і любяць вандраваць на ўласных аўтамабілях, спыняючыся ў цікавых мясцінах. Мы паказалі ім майстар-клас падарожжа з аўдыягідам па маршруце “Дарогамі Дзятлаўшчыны” праз прагляд альбома з фотаздымкамі, апрацаванымі штучным інтэлектам, і аповед экскурсавода з аўдыёпрыстасавання. Многія былі здзіўлены, што на Дзятлаўшчыне можна скарыстацца такой выдатнай паслугай.


Была сярод наведвальнікаў студэнтка факультэта турызму і гасціннасці ГрДУ імя Я. Купалы Анастасія Табола, якая рыхтуе курсавую па турызме на Дзятлаўшчыне. Ёй прапанавалі паліграфічную прадукцыю, QR-коды, якія дапамогуць у напісанні.
Наведвалі стэнд і турфірмы, здзіўляліся разнастайнасці нашых маршрутаў і праграм, цікавых самым розным аўдыторыям насельніцтва. Як “фішкі” вылучылі анімацыйныя моманты, якія дапамагаюць аздобіць і разнастаіць інфармацыю, зрабіць турыстаў актыўнымі ўдзельнікамі падзей, бо так гісторыю мала хто расказвае. Не меншую цікавасць выклікалі чэк-лісты і туры выхаднога дня, паколькі ні адна група не едзе на асобную паслугу, а заказваюць іх у комплексе. У нашага раёна такі вопыт ужо напрацаваны, мяркуем накіроўваць прапановы новым заказчыкам.

Карысталася папулярнасцю тэма патрыятычнага турызму. Напрыклад, жыхара Лагойшчыны ўвогуле зацікавіла, як быў арганізаваны маршрут “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”, паколькі нешта падобнае ён збіраецца стварыць у сваёй мясцовасці. З упэўненасцю можна сказаць, што на выставе “Адпачынак” інтарэсы ў людзей самыя розныя: прыходзяць як звычайныя вандроўнікі і выкладчыкі са студэнтамі, так і нашы калегі, якія назапашваюць станоўчы вопыт.

Нельга сказаць, што работа была б поўнай без творчых калектываў раёна, якія зрабілі стэнды Дзятлаўшчыны і Гродзеншчыны ў цэлым яркімі і цікавымі для наведвальнікаў. Шмат гледачоў каля экспазіцыі Прынёмання сабрала абрадава-гульнявая праграма з нацыянальным каларытам “Ішлі-прыйшлі валачобнікі” ад народнага тэатра-студыі гульні “Суседзі”. Спадабалася гасцям выступленне аб’яднання “ЭлітДанс” пад кіраўніцтвам Анатоля Кардаша, якое прэзентавала бальную культуру, а іх танец паланэз быў уключаны ў прэзентацыю выставы Гродзеншчыны. Не спыняўся паток наведвальнікаў пляцоўкі народных майстроў, дзе майстар-клас па пляценні беларускіх паясоў праводзіла наша зямлячка Валянціна Гнаінская. Варта адзначыць, што на Дзятлаўшчыне ўвогуле склаўся міні-кластар, які ўключае сектар спорту і турызму райвыканкама, раённы турінфацэнтр, Дзятлаўскі лясгас, Дзіцячую школу мастацтваў, дзякуючы якім нараджаюцца і становяцца рэальнасцю новыя ідэі па развіцці турызму.

Падводзячы вынікі, адзначу, што Міжнародная выстава-кірмаш турустычных паслуг “Адпачынак” – гэта адно з галоўных мерапрыемстваў турыстычнага каляндарнага года, якое дазваляе не толькі наладзіць кантакты, але і абмяняцца вопытам. На наш погляд, сёлетні форум прайшоў паспяхова, застаецца прааналізаваць атрыманую інфармацыю, папрацаваць з дзелавымі кантактамі і, будзем спадзявацца, што паток турыстаў на Дзятлаўшчыну павялічыцца, а мы пастараемся ў гэтым сезоне падрыхтаваць новыя, не менш цікавыя ідэі для наступнага форуму “Адпачынак-2026”.
Ірына СТЫРНІК
Фота арганізатараў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#туризм #Дятловщина