Як часта дзятлаўчане задумваюцца пра здаровае харчаванне і лад жыцця? Салодкая цукерка ў прыгожай абгортцы так і вабіць ласуноў, за ўпакоўку чыпсаў дзеці гатовы аддаць усё кішэнныя грошы, а хатні суп не варыцца без шчодрай дробкі солі. Зразумела, што ўсе гэта не самым лепшым чынам уплывае на здароўе, але не кожны згодны пазбавіцца задавальнення ад смачнай ежы. А пазбаўляцца і не трэба.

Чаму? Таму што з 1 мая ў нашым горадзе працуе магазін арэхаў і сухафруктаў “Фісташка”.

Дзе ён знаходзіцца? На вуліцы Леніна, 11.

Што ў ім асаблівага? Высокая якасць прадуктаў і нізкія цэны.

У магазіне шырокі асартымент арэхаў, сухафруктаў, усходніх ласункаў, цукатаў, бабоў, семак. Для гаспадыняў маецца добры выбар спецый з натуральных інгрэдыентаў без солі і дадаткаў. Нядаўна спіс тавараў папоўнілі розныя топінгі. Да таго ж,  яны  магчымы пад заказ.

У “Фісташцы” пакупнік любога ўзросту абавязкова знойдзе на прылаўках тое, што яму па душы.

Павел, заснавальнік магазіна, прызнаецца, што ідэя адкрыць такую гандлёвую кропку ў Дзятлаве ў яго паўстала зыходзячы з таго, што ў горадзе амаль няма месцаў, дзе можна купіць якасныя і свежыя сухафрукты. Выбар арэхаў таксама невялікі.

– Люблю Дзятлава, тут трэба папулярызаваць здаровае харчаванне, – кажа прадпрымальнік. Сам ён ужо доўгі час жыве ў Мінску, але сувязь з роднай Дзятлаўшчынай вырашыў умацоўваць карысцю для жыхароў і гасцей раёна.

Нягледзячы на тое, што магазін адкрыўся зусім нядаўна, там ужо ёсць пастаянныя пакупнікі і ласуны-прыхільнікі правільнага харчавання.

Напрыклад, аматарам шакаладу спадабаюцца фінік і міндаль: гэта спалучэнне падобна па смаку на шакаладны торт, асабліва калі дадаць трохі натуральных какава-бабоў.

Ласунак з кеш’ю, разынкамі і ваніллю нагадвае тварожнік.

Грэцкі і лясны арэхі асабліва смачныя і карысныя разам з інжырам і разынкамі.

Для аматараў чагосьці пікантнага цікавым будзе спалучэнне фісташкі, фініка і перцу чылі – у гэтага мікса прыемны салодка-востры смак.

Назва магазіна досыць простая і лёгка запамінаецца, гучыць пазітыўна і прыцягвае ўвагу.

– Я доўга думаў над назвай, а потым “Фісташка” як з неба звалілася, – расказвае гаспадар гандлёвай кропкі.

Асартымент у “Фісташцы” увесь час пашыраецца. У гэтым дапамагаюць і пакупнікі:

– Да нас прыходзяць людзі і пытаюцца пра пэўныя тавары. Калі такога няма, то ўжо праз пару дзён яны з’яўляюцца на прылаўку, – тлумачыць уладальнік магазіна.

Тавар паступае з многіх краін свету. Напрыклад, з Бразіліі, ЗША, Турцыі. Папаўненне прадукцыі звычайна адбываецца па аўторках. Бывае, што даводзіцца прывозіць тавар і два разы на тыдзень: попыт расце, спажыўцоў становіцца больш.

Магазін працуе з 9 да 17 гадзін, і кожнаму пакупніку там шчыра рады.

А што думаюць самі дзятлаўчане і жыхары раёна аб з’яўленні “Фісташкі” ў горадзе?

Алена Губко, жыхарка раёна:

– У Дзятлаве я бываю рэдка. Калі прыязджаю, купляю шмат прадуктаў на доўгі час наперад. “Фісташка” ў цэнтры горада, таму не заўважыць магазін нельга. Дзеля цікаўнасці зайшла туды і думала, што толькі пагляджу на асартымент. У выніку выйшла з вялікай колькасцю арэхаў, разынак, курагі і цукатаў. Сухафрукты мяккія, смачныя і недарагія. Напэўна, давядзецца прыязджаць у Дзятлава часцей, таму што цяпер сям’я просіць выпечку і дэсерты толькі з дабаўленнем гэтай смачнай начынкі.

Наталля Юрэня, жыхарка горада:

– Я, як работнік раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, рада, што ў нашым горадзе з’явіўся гэты магазін. Правільнае харчаванне – гэта залог здароўя. Значна лепш з’есці некалькі сухафруктаў або арэхаў, чым перакусваць пячэннем ці чыпсамі. Спадзяюся, нашы дзеці стануць як мага менш самастойна купляць шкодныя прысмакі, пяройдуць на здаровыя і не менш смачныя прадукты. А мы, дарослыя, павінны падаваць ім прыклад.

Таццяна Ляпешка, жыхарка горада:

– Я заходжу ў “Фісташку” з першых дзён адкрыцця. Тут добры выбар спецый, а з імі гатаваць ежу стала цікавей. Муж перастаў прасіць дадаваць у стравы больш солі, і я нават заўважыла, што ён крыху пахудзеў. Да чаю мы купляем усходнія прысмакі. Іх мы з’ядаем крыху і цалкам наядаемся, таму што яны вельмі салодкія. Адпаведна, іх хапае на больш доўгі час, чым той жа выпечкі.

 

Юлія БАКУНОВІЧ

Фота аўтара

4 Комментарии

  • Здорово, что появилось ещё что-то новое в нашем городе.

  • Было бы хорошо ещё туда халву привозить, а так хороший магазин, после работы захожу

    • Добрый день!
      Халва имеется в ассортименте, спрашивайте у прадовца

  • Выглядит вкусно, взвесьте мне грамм 200 зелёных орешков ! Они сладкие или кислые?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации