Па-сапраўднаму актыўным гэта лета складваецца ў школьнікаў, якія вырашылі не губляць часу дарма, а зарабіць свае першыя грошы.

Калі ў чэрвені намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Дварэц-Агра” Аляксандр Сачык прыйшоў у Дварэцкую школу з прапановай папрацаваць летам, адразу адгукнулася кампанія сяброў-энтузіястаў – навучэнцы 9-10 класаў.

– У многіх з дзяцей бацькі працуюць у гаспадарцы, яны самі выраслі ў сельскай мясцовасці і ведаюць, якая няпростая гэта работа, – расказвае Аляксандр Казіміравіч. – Тым не менш, да нас на відавую праполку вызваліся працаваць восем чалавек. За месяц паказалі сябе дысцыплінаванымі і стараннымі.

Увесь гэты час непасрэдным начальнікам, старэйшым таварышам, а недзе нават і матуляй для школьнікаў была “цёця Наташа” (як яе называюць самі дзеці) – аграном-насеннявод, кладаўшчык Наталля Лагута. Па яе меркаванні, занятасць школьнікаў у сельгасработах – карысны вопыт як для юных аграрыяў, так і для прадпрыемства:

– Вельмі добрая падмога, бо паляводам, многія з якіх ужо ў немаладым узросце, не так лёгка быць у полі ў такое надвор’е. Выдатна, што жаданне моладзі зарабіць грошай сельскагаспадарчай працай і наша сезонная патрэба ў кадрах так супалі.

– Як паказалі сябе памочнікі?

– Моладзь энергічная, працавітая, заўсёды на пазітыве, – характарызуе Наталля Васільеўна сваіх падапечных. – Часам было спякотна, але не скардзіліся, старанна выконвалі даручанае заданне.

Для кожнага з іх вопыт работы на канікулах стаў першым і тым больш каштоўным. На працягу месяца школьнікі працавалі на відавой праполцы сельскагаспадарчых культур – палолі люпін, азімую пшаніцу. Напрыканцы першай у жыцці працоўнай змены былі занятыя на тэрыторыі зернесушыльнага комплексу, дзе і перадалі “эстафету” студатрадаўцам. Падлеткі падзяліліся ўражаннямі і настроем ад работы ў сельскай гаспадарцы.

Аляксандра Нашуцінская:

– Сабраліся кампаніяй з аднакласнікамі і на год старэйшымі школьнікамі, вырашылі зарабіць грошай. Мая мама, якая працуе дыспетчарам у гаспадарцы, пахваліла гэту ідэю, падтрымала мяне. Спачатку былі ў полі, цяпер дапамагаем на сушылцы – наводзім тут парадак. Шчыра, было цяжкавата, асабліва ў спёку. Але калі побач сябры, якія падтрымліваюць, і ты ведаеш, што заробак будзе някепскі, становіцца лягчэй і весялей. Тым больш што перапрацоўваць нам не давалі: рабочы дзень толькі па чатыры гадзіны.

Уладзіслаў Ганчар:

– Прыйшоў працаваць за кампанію з таварышамі, хацеў зарабіць грошай. Атрымалася цікава і для мяне не складана. Наша змена заканчваецца, паспеем яшчэ і адпачыць на канікулах. З нецярпеннем буду чакаць першую зарплату, куплю сабе што-небудзь цікавае.

Наталля АВЯРЧУК

Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации