На Дзятлаўшчыне пад кіраўніцтвам Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшоў раённы этап XXV турніру гульні “Што? Дзе? Калі?”.
Як расказала педагог-арганізатар установы Ірына Мішчанка, усяго ў раённым этапе інтэлектуальнай гульні спаборнічалі 14 каманд з 9 установаў адукацыі. Веды навучэнцаў ацэньваліся ў трох узроставых катэгорыях: юніёры – сюды былі аднесены вучні 10-11 класаў; старэйшыя ювеналы – вучні 8-9 класаў; малодшыя ювеналы – вучні 5-7 класаў. У саставе каманд было па шэсць гульцоў.
Хлопчыкам і дзяўчынкам па правілах іспытаў давялося адказаць на 30 пытанняў. Правільнасць і хуткасць адказаў ацэньвала кампетэнтная судзейская брыгада.
У выніку на Дзятлаўшчыне вызначаны тры каманды-пераможцы, якія прадставяць наш раён на абласным этапе XXV турніру гульні “Што? Дзе? Калі?”, які пройдзе ў снежні.
Сярод юніёраў мацнейшай стала каманда “Дарблю” гімназіі № 1 горада Дзятлава. У катэгорыі старэйшыя ювеналы лаўры пераможцы дасталіся камандзе “Эрудыты” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава. У катэгорыі малодшыя ювеналы не было роўных камандзе “Дзікабраз” Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук. Пажадаем дзятлаўскім знатакам далейшых поспехаў.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі арганізатараў гульні
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga