22 верасня на Дзятлаўшчыне праходзяць мерапрыемствы міжнароднай экалагічнай акцыі “Дзень без аўтамабіля”. З гэтай нагоды адбыўся патрыятычны велапрабег, які аб’яднаў навучэнцаў школ горада Дзятлава, педагогаў і ўсіх нераўнадушных да экалогіі.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сектар спорту і турызму райвыканкама і раённы фізкультурна-спартыўны клуб.









Удзельнікі велапрабегу стартавалі на стадыёне “Колас” горада Дзятлава і праехалі каля 10 кіламетраў, наведаваючы помнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны, краязнаўчыя адметнасці раёна.

– Падыходзіць да завяршэння тыдзень мабільнасці, закліканы хаця б на некаторы час адмовіцца ад аўтамабіля, замяніўшы яго альтэрнатыўнымі сродкамі перамяшчэння. Яго фінальным этапам стала экалагічная акцыя “Дзень без аўтамабіля. Беларусь – за чыстае паветра” і велапрабег, да якога далучыліся навучэнцы ўсіх школ горада Дзятлава, – расказаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі. – Задача акцыі – акцэнтаваць увагу на ашчадным стаўленні да прыродных рэсурсаў і экалагічным выхаванні моладзі. Я таксама прымаю ўдзел у мерапрыемстве на ўласным транспарце, які купіў некалькі гадоў таму і час ад часу выкарыстоўваю для велападарожжаў. Усім, хто сёння далучыўся да ініцыятывы, жадаю добрага настрою, здароўя і поспехаў у вучобе.





“Дзень без аўтамабіля” падтрымалі кіраўнікі арганізацый раёна. Дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вераніка Паўлоўская правяла для ўдзельнікаў акцыі экскурсію: нагадала біяграфіі Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова, якія ў саставе 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі вызвалялі Дзятлаўшчыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года.







Разам з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аленай Васкель веласіпедысты ўшанавалі памяць партызанскага камандзіра Ёскеля Атласа, пахаванага на яўрэйскіх могілках у Дзятлаве.


Ужо не першы раз у раённых велапрабегах удзельнічае старшакласнік гімназіі № 1 горада Дзятлава Кірыл Сокал. Ён падзяліўся сваім уражаннем ад мерапрыемства і настроем:

– Веласіпед – мой верны сябар здаўна. Навучыўся катацца ў сем гадоў. Цяпер, калі ўжо можна, езджу на ім у школу і са школы, катаюся з аднакласнікамі ў розныя цікавыя месцы раёна. Ахвотна далучыўся да мерапрыемства і праехаў па веламаршруце. Такім чынам мы ўзгадваем гісторыю свайго краю і праяўляем беражлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя. Лічу, што ў акцыі “Дзень без аўтамабіля” будзе добра паўдзельнічаць не толькі школьнікам, але і дарослым.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае