У нядзелю, 22 снежня, скаўцкую эстафету сустрэлі ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Кожны год Віфлеемскі агонь запальваецца дзіцем або падлеткам з нязгаснай лампады ў гроце Нараджэння Гасподняга ў Віфлееме і спецыяльным авіярэйсам дастаўляецца ў Аўстрыю, адкуль скаўтамі разносіцца па розных краінах свету.
З кожным годам акцыя становіцца ўсё больш папулярнай і шматлюднай, пашыраецца яе геаграфія. Тысячы вернікаў, скаўты, моладзь і людзі ва ўзросце перадаюць адзін аднаму часцінку Віфлеемскага агню з пажаданнем дабра і міру напярэдадні Божага Нараджэння.
Афіцыйна Віфлеемскі агонь упершыню быў прывезены ў Беларусь у 1998 годзе. З 2008 года яго дастаўляюць у парафіі каталіцкія скаўты. У 2024 годзе ўзброены канфлікт на Блізкім Усходзе паўплываў на ход акцыі. Упершыню за ўсю яе гісторыю будзе распаўсюджаны прывезены летась Віфлеемскі агонь, які цэлы год захоўвалі аўстрыйскія скаўты. Гэты факт паказвае, што мір – найвялікшая каштоўнасць, якую ў сучасным свеце можна вельмі лёгка страціць. Пасланне міру, якое нясе святло Віфлеема, актуальнае як ніколі, таму што ў многіх кропках свету цяпер неспакойна.
Сёлета скаўты з Віфлеемскім агнём у руках пракладуць шлях даўжынёй у шэсць тысяч кіламетраў, наведаюць 140 каталіцкіх парафій нашай краіны. Гэту шаноўную службу нясуць хлопчыкі і дзяўчынкі з Віцебска, Гродна, Жодзіна, Івянца, Мінска і Полацка, на Дзятлаўшчыну прыбылі Вераніка і Ганна з абласнога цэнтра, яны прынялі ўдзел у набажэнстве.
Запаліць агонь у касцёл у Дзятлаве прыйшлі дзятлаўчане і госці райцэнтра. Полымя сімвалізуе нараджэнне Збавіцеля, а таксама спакой, надзею і адзінства. Напярэдадні свята Божага Нараджэння святло запаленай свечкі набывае вялікі сакральны сэнс – менавіта з ім, што асвятліла грэшнае жыццё чалавека, асацыіруюць вернікі прышэсце на зямлю Хрыста.
Святое полымя ў бліжэйшы час з’явіцца ва ўсіх каталіцкіх храмах. А пасля Новага года, па традыцыі, яго перададуць праваслаўным вернікам.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga