17 мая ў раённай бібліятэцы адбылася літаратурная гасцёўня, якая сабрала вакол сябе прыхільнікаў і аматараў мастацкага слова. Доўгачаканымі гасцямі сустрэчы сталі прадстаўнікі Гродзенскага філіяла Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтары, творцы паэтычных і празаічных радкоў, якія прыехалі на Дзятлаўшчыну пазнаёміць сваіх чытачоў з новым выданнем альманаха “Новы замак”. Гасцямі сустрэчы ў гэты дзень сталі: пісьменнік, прафесар, доктар навук, выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта  Аляксей Пяткевіч, галоўны рэдактар альманаха, кандыдат навук, выдатны паэт і пісьменнік, краязнаўца, выкладчык  Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Янка Трацяк, старшыня Саюза Гродзенскага філіялу пісьменнікаў Вялянцін Дубатоўка, аўтар, які супрацоўнічае з выдавецтвам з самага пачатку яго існавання, блогер, журналіст, вядучы тэлевізійных перадач, таленавіты спявак Уладімір Хільмановіч, выдатная паэтэса ў жанры верлібр таленавітая Ала Нікіпорчык (дарэчы Ала Дзмітрыеўна наша зямлячка, якая нарадзілася ў вёскі Капці Дзятлаўскага раёна. Паэзія яе духоўная, жывая. Асабліва зацікавіць тых прыхільнікаў паэтычнага слова, хто любіць гэты жанр і ўмее разважаць), а таксама пісьменнік, краязнаўца і даследчык са Слонімшчыны Сяргей Чыгрын.

Кожны год у Гродзенскім саюзе пісьменнікаў выходзіць з друку альманах, які на сваіх старонках змяшчае  творы аўтараў, што жывуць у Гродзенскай вобласці альбо даследуюць яе.  Сярод іх празаікі і паэты, краязнаўцы са Слоніма, Гродна, Ліды, Навагрудка, Дзятлава.

На пачатку сустрэчы адбылося знаёмства жыхароў Дзятлаўшчыны з таленавітымі мастакамі літаратурнага слова. Затым аўтары пазнаёмілі слухачоў з творамі са зборніка, падзяліліся сваімі адчуваннямі ў час напісання лірычных радкоў, расказалі пра трагічныя моманты ваеннага часу, што ляглі ў аснову некаторых апавяданняў-успамінаў.

– Альманах на сваіх старонках размясціў мае ўспаміны, якія носяць назву “Хлапчукі ваенных гадоў”, – расказвае пісьменнік Аляксей Пяткевіч, чыё дзяцінства прыпала на скалданы час выпрабаванняў вайной. – Хто такія хлапчукі ваенных гадоў?  Калі прыдацца ўспамінам, то гэта дзеці, якія шмат дапамагалі па гаспадарцы, цяжка працавалі, пасвілі кароў і адначасова насілі за плячыма вінтоўкі і іншую зброю. Я ў сваіх творах расказваю, як мы, дзеці вайны, гэтай зброяй карысталіся.

Ала Нікіпорчык зачытала свае вершы-разважанні, якія напоўнены філасофскім сэнсам. Янка Трацяк і Уладзімір Клімановіч змянілі лірычны  настрой і ўнеслі хвілінкі гумару і ўсмешак ў час чытання сваіх вершаў і чатырохрадкоўяў.

Напрыканцы сустрэчы жадаючыя змаглі бліжэй пазнаёміцца з новым выданнем альманаха,  а таксама з іншымі зборнікамі творцаў слова, якія прадаставілі сваім чытачам таленавітыя госці раёна, мелася магчымасць пагутарыць з пісьменнікамі і паэтамі, узяць аўтограф у аўтараў, зрабіць фотаздымкі на памяць.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации