Сімвал нацыі і брэнд краіны.

Менавіта так гавораць пра беларускі лён. Невыпадкова культуру называюць палітычнай – кветкі лёну ўплецены ў герб краіны, гэта частка нашай гісторыі. А Дварэцкі льнозавод –сур’ёзная частка гісторыі Дзятлаўшчыны, адзін з флагманаў сярод прамысловых прадпрыемстваў раёна.

Пра стымуляванне пошуку новых нетрывіяльных рашэнняў, якія далі штуршок для развіцця прадпрыемства, пагаварылі з дырэктарам ААТ “Дварэцкі льнозавод” Аляксеем Зелянуха.

– Аляксей Рыгоравіч, ільнозавод сустракае свой юбілей моцным, перспектыўным і канкурэнтаздольным прадпрыемствам. Што з’яўляецца драйверам яго развіцця?

– Сёння поспехі любога прадпрыемства, у тым ліку нашага, шмат у чым залежаць ад здольнасці адаптавацца да новых выклікаў, максімальна выкарыстоўваць патэнцыял вытворчасці. Наш завод працуе ў трохзменным рэжыме. Фактычная сярэднядзённая прапускная здольнасць складае 49 тон у суткі, з якой выходзіць 13 тон ільновалакна. За месяц прадпрыемства можа перапрацоўваць да 1100 тон ільнотрасты і атрымліваць у сярэднім да 300 тон ільновалакна. Для забеспячэння вытворчасці сыравінай у 2024 годзе мы апрацоўвалі лён на плошчы 3276 гектараў. Нарыхтавалі 12 805 тон ільнотрасты сярэднім нумарам 0,87. Гэтай сыравіны будзе дастаткова для поўнай загрузкі вытворчых магутнасцяў да збору наступнага ўраджаю. Усяго ў 2024 годзе плануем вырабіць 3008 тон ільновалакна.

Фактычна наладзілі безадходную вытворчасць. Выкарыстоўваем адходы і для ацяплення завода. У нашай уласнай кацельні ўстаноўлены два італьянскія катлы па 4 МВт. Ацяпляем не толькі сябе, але і частку пасёлка.

Прадукцыя льнозавода рэалізуецца на ўнутраным рынку краіны ў большасці прадпрыемствам Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці. Асноўнымі спажыўцамі па ўстаноўленых дзяржзаказах з’яўляюцца Аршанскі льнокамбінат і кампанія “Гранітэкс”. Таксама прадпрыемства пастаўляе льновалакно на экспарт. У бягучым годзе за студзень- лістапад 2024 года заводам атрымана 23 306 тысяч рублёў выручкі, што вышэй за ўзровень мінулага года на 147,4 працэнта. Чысты прыбытак склаў 1460 тысяч рублёў. Заработная плата ў сярэднім па заводзе вырасла на 141,2 працэнта ў параунанні з адпаведным перыядам мінулага года.

– “На лён мода ідзе. Гэта – дабро, гэта – наша”, – сказаў Прэзідэнт на адной з апошніх нарадаў па льнаводстве. Згодны?

– Абсалютна. Цяпер ільняное валакно і вырабы з лёну карыстаюцца ўстойлівым попытам на сусветным рынку. Толькі трэба крочыць разам з сучаснымі патрабаваннямі, не збаўляючы тэмп. І мы над гэтым пастаянна працуем. А неабходнасць пошуку новых рашэнняў стварае прастору для інавацыйных ідэй і магчымасці іх рэалізацыі. Напрыклад, у лістападзе гэтага года мы запусцілі лінію па вытворчасці катанізаванага льновалакна ў цэху на вытворчым участку “Слонім”. Гэта трэцяя такая лінія ў Беларусі, але больш новага пакалення. Рэалізаваць праект дапамаглі кітайскія партнёры. Пусканаладачныя работы былі праведзены на працягу месяца. Прапускная здольнасць лініі катанізацыі складае 200 кілаграмаў у гадзіну кароткага льновалакна. На лініі ў Слоніме ідзе даачыстка і расчэсванне нізкагатунковага валакна № 2, з якога ў выніку атрымліваецца катанін. Ён прыдатны да перапрацоўкі на прадзільным абсталяванні, можа выкарыстоўвацца ў вытворчасці цэлюлозы, нітак для тканін. Першая партыя тавару будзе гатовая да рэалізацыі ў студзені 2025 года ў колькасці 20 тон.

– Некалькі фактаў з гісторыі прадпрыемства.

– Завод быў уведзены ў эксплуатацыю ў снежні 1954 года. На прадпрыемстве мелася адна струменевая лінія. З 1969 па 1972 год праведзена рэканструкцыя, пабудаваны цэх па выпрацоўцы кароткага льновалакна і ўведзена ў эксплуатацыю другая струменевая лінія. Новы этап у жыцці прадпрыемства пачаўся ў 2009 годзе, калі дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ўвялі ў строй новую бельгійскую лінію фірмы “Ван Доммеле” па выпрацоўцы доўгага валакна. Па сутнасці, быў пабудаваны сучасны завод. Для працы імпартнага абсталявання патрабуецца не толькі неабходная колькасць ільнотрасты, але і пэўная якасць. Таму мы шмат увагі надаём рабоце ў палях, атрыманню годнага ўраджаю, ад якога залежыць прыбытак і рэнтабельнасць завода, нарошчванне экспартных пазіцый. Вырошчваем ільнотрасту на землях Дзятлаўскага, Навагрудскага і Слонімскага раёнаў. Пасяўныя плошчы скаладаюць больш за тры тысячы гектараў.

Цяпер наша прадпрыемства ўваходзіць у састаў Кіруючай кампаніі холдынгу “Гроднааблсельгастэхніка”. Агульная плошча тэрыторыі, якую займае ААТ “Дварэцкі льнозавод”, складае 13,9 гектара.

Хачу сказаць і пра работнікаў завода. Сёння ў нас працуюць 286 чалавек. Большасць – вопытныя спецыялісты, шмат сямейных дынастый. На іх адказнасці, працалюбстве трымаецца вытворчасць.

– Аляксей Рыгоравіч, што б вы хацелі пажадаць свайму калектыву напярэдадні прыгожай юбілейнай даты?

– Усім дабрабыту, шчасця і моцнага здароўя! Ніколі не спыняцца на дасягнутым, увасабляць свае мары, самыя неверагодныя і амбіцыйныя ідэі ў жыццё. Шчыра дзякую свайму калектыву за працавітасць і згуртаванасць.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее
#нашалепшае

Похожие публикации