Урачыстасць, прысвечаная юбілейнай даце прадпрыемства, адбылася ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.

Удзел у ёй прынялі  прадстаўнікі Гродзенскага аблвыканкама, кіраўніцтва раёна на чале з Андрэем Садоўскім, кіраўнікі прадпрыемстваў-партнёраў і самі работнікі Дварэцкага льнозавода.

Павітаў сваіх калег і павіншаваў іх са знакавым юбілеем дырэктар прадпрыемства Аляксей Зелянуха. Ён заўважыў, што за сем дзесяцігоддзяў завод прайшоў вялікі шлях станаўлення і росквіту, стаў паспяховым дзякуючы прафесіяналізму і адданай працы яго работнікаў.

Віншаванні ад кіраўніцтва вобласці льнаводам адрасаваў першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Сончык:

– 70 гадоў Дварэцкага льнозавода – доўгі шлях, пройдзены ў няпростыя гады, аднак гэта невялікая дата для паспяховага прадпрыемства, якое развіваецца, мадэрнізуецца, імкнецца да новых поспехаў і дасягае вытворчых вышыняў. Жадаю далейшага развіцця, пошуку новай прадукцыі, удалай яе рэалізацыі. Любое прадпрыемства – гэта яго калектыў. Жадаю вам моцнага здароўя, добрых зарплат, дабрабыту, любові і мірнага неба над галавой.

Сяргей Іванавіч уручыў работнікам прадпрыемства заслужаныя ўзнагароды. Ганаровыя граматы Гродзенскага аблвыканкама – Аляксею Зелянуху, Уладзіміру Радзевічу і Наталіі Сямашка; падзякі старшыні Гродзенскага аблвыканкама – Віталію Буйко, Івану Мазуру; Ганаровыя граматы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама – Марыне Гайдук, Аляксандру Кургану, Святлане Маліка, Таццяне Ненартовіч, Ірыне Томчык.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі падзякаваў калектыву Дварэцкага льнозавода за высокія вытворчыя вынікі і адрасаваў яго кіраўніцтву і работнікам найлепшыя пажаданні:

– Адметна, што ў гэты дзень 70 гадоў таму быў падпісаны загад аб адкрыцці Дзятлаўскага льнозавода. Ішоў час, ішла рэарганізацыя, мяняліся назвы прадпрыемства, і сёння мы з гонарам можам заявіць, што Дварэцкі льнозавод з’яўляецца адным з брэндавых прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны, якое пазнаюць у многіх рэгіёнах нашай краіны. За сем дзесяцігоддзяў склалася выдатная каманда кіраўнікоў і спецыялістаў, якія паказваюць выдатныя вынікі. Прыемна адзначыць, што вамі выбраны правільныя кірункі ў развіцці завода, і гэта з’яўляецца вельмі каштоўным. Дварэцкі льнозавод дынамічна развіваецца, праводзіцца яго мадэрнізацыя, ён працуе прыбыткова. Усё гэта стала магчымым таму, што галоўным для кіраўніка з’яўляецца дабрабыт калектыву прадпрыемства: павялічваецца заработная плата работнікаў, расце іх колькасць. У гэты юбілейны дзень жадаю Дварэцкаму льнозаводу далейшага росквіту і дынамічнага развіцця, а яго работнікам – моцнага здароўя, цярпення і ўдачы ва ўсіх справах.

Ганаровай граматай Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны Сяргей Ганчарук, Алена Сямашка, Ала Хамко; падзячным лістом старшыні Дзятлаўскага райвыканкама – Яўгеній Спасюк, Наталля Фядотава. Высокімі раённымі ўзнагародамі былі адзначаны людзі, якія прысвяцілі льнозаводу ўсё сваё жыццё і сёння знаходзяцца на заслужаным адпачынку: Мікалай Аўсянік (26 гадоў працоўнага стажу), Дзмітрый Гародка (21 год), Аляксандр Антанюк (32 гады), Ніна Ляпешка (33 гады), Феафанія Сямашка (33 гады).

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі далучыўся да віншаванняў і ўручыў узнагароды.

Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў узнагароджаны Сяргей Чурай; падзячным лістом старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў – Святлана Пачук; Ганаровай граматай Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў – Анатоль Губко, Валерый Ляўшук; падзячным лістом раённага Савета дэпутатаў – Святлана Ганчар, Святлана Лашкоўская, Святлана Аўсянік.

Многія работнікі Дварэцкага льнозавода атрымалі юбілейныя ўзнагароды ад кіраўніцтва прадпрыемства на сваіх працоўных месцах.

Таксама ў гэта дзень увесь калектыў Дварэцкага льнозавода прымаў віншаванні і падарункі ад ААТ “Кіруючая кампанія холдынгу Гроднааблсельгастэхніка”, РА “Белаграсэрвіс”, Дзятлаўскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, а таксама калег па цэху – ільнозаводаў Беларусі і прадпрыемстваў-партнёраў.

Прыемным падарункам для ўсіх гасцей свята стала канцэртная праграма нацыянальнага акадэмічнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Міхаіла Фінберга.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации