Завяршэнне года на Дзятлаўшчыне вызначылася яшчэ адной яркай падзеяй: пасля бягучага рамонту адчыніла свае дзверы зала ўрачыстых рэгістрацый аддзела ЗАГС райвыканкама, дзе адзначылі залатое вяселле Антон і Таццяна Конаны. 

Удзельнікамі ўрачыстасці сталі прадстаўнікі раённай улады, супрацоўнікі райвыканкама, а таксама родныя і былыя калегі па рабоце юбіляраў.

Шаноўных гасцей сустрэлі добрай песняй і духмяным караваем, які ўручылі начальніку аддзела ЗАГС райвыканкама Кацярыне Ваніслаўчык.

Прысутных запрасілі ў абноўленую залу, дзе залатыя маладажоны праз 50 гадоў паўтарылі вясельныя клятвы.

Кацярына Яўгенаўна павітала юбіляраў і запрасіла стаць на ручнік – сімвал сумеснай сямейнай дарогі, якая і далей павядзе іх да брыльянтавага юбілею.

Да запаветнай падзеі, якая адбылася пяцьдзясят гадоў таму, кожны з юбіляраў ішоў сваімі сцяжынамі. Сустрэліся выпадкова, калі Таццяна прыйшла да матулі на работу дапамагчы ёй. Спатканне было нядоўгім, але абодва запомнілі яго на ўсё жыццё.

Імчаўся час, маладыя людзі калі-нікалі бачыліся на танцах у Доме культуры, сімпатызавалі адзін аднаму. ПакульТаццяна вучылася ў школе, Антон ужо заканчваў прафтэхвучылішча ў Казлоўшчыне і збіраўся на службу ў армію. На провады была запрошана і дзяўчына, але матуля не пусціла на гулянне. А каб думак аб ім было менш, як у той казцы, дадала дачцэ больш работы па гаспадарцы. Малады чалавек не пакінуў сваю абранніцу адну, прыйшоў дапамагаць, чым моцна крануў сэрца будучай цешчы.

Антон пайшоў служыць, а Таццяна скончыла курсы, уладкавалася працаваць на пошту і цярпліва дачакалася суджанага з арміі. Маладыя людзі часта гулялі разам на вяселлях у агульных знаёмых і ўсур’ёз задумваліся самі ажаніцца. У разгары была пара ўборкі, таму хваляваліся, што бацькі не адобраць іх рашэнне. Таму паехалі падаваць заяву аб рэгістрацыі шлюбу, сказаўшы, што іх тэрмінова выклікаюць на камсамольскі сход, падалі заяву і ўжо пасля паведамілі родным дату будучага вяселля. Так у 1974 годзе нарадзілася маладая, моцная і дружная, а сёння вялікая і вясёлая сям’я Конанаў. У любові, павазе і згодзе з’явіліся на свет дачка і сын, якія таксама маюць свае сем’і. Унукі час ад часу просяць бабулю з дзядулем паўтарыць гісторыю іх кахання, якую слухаюць з задавальненнем.

Ва ўрачыстай абстаноўцы Антон Антонавіч і Таццяна Сяргееўна, як і паўстагоддзя таму, паўтарылі клятву вернасці і кахання, пакінулі свае подпісы ў ганаровай кнізе юбіляраў, абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі, павіншавалі адзін аднаго пацалункам і кранальным сямейным танцам.

Дзеці і ўнукі першымі павіншавалі бацькоў і падзякавалі ім за ўсё.

Кіраўнік спраў райвыканкама Аляксандр Андруцэвіч ад імя кіраўніцтва раёна павіншаваў залатых юбіляраў і ўручыў ім падарунак ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.

– Шчыра віншуем вас з выдатным залатым юбілеем. З таго дня, калі вы пакляліся адзін аднаму ў вернасці і павазе, разам прайшлі доўгі шлях у паўстагоддзя, поўны не толькі радасных падзей, але і выпрабаванняў. Золата вашага саюза паказвае яго трываласць і даўгавечнасць. Ад імя раённага выканаўчага камітэта жадаю вам моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, каб кожны дзень прыносіў толькі шчасце, родныя і блізкія радавалі вас і было менш засмучэнняў, – адзначыў ён. – Упэўнены, што дзякуючы вашаму прыкладу, у гэтай зале будуць заключацца такія ж моцныя і шчаслівыя шлюбы. Са святам!

Да віншаванняў далучылася намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Вольга Рудая:

– Найперш хачу выказаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна за такі выдатны падарунак, які сёння атрымалі жыхары Дзятлаўшчыны. Вельмі прыемна быць удзельнікам такой урачыстасці, раздзяліць з вамі, шаноўныя юбіляры, такі важны момант жыцця. Гэта вялікая каштоўнасць – прайсці поруч 50 гадоў, сказаць адзін аднаму “дзякуй, што ты ёсць”. Жадаю ў бадзёрасці і здароўі, не меншай кампаніяй сустрэць і брыльянтавае вяселле.

Вольга Тамашаўна дала наказ, каб ручнік, на які ў юбілейны дзень сталі разам муж і жонка, яны беражліва перадавалі наступным пакаленням сваёй сям’і.

Таксама Антон Антонавіч і Таццяна Сяргееўна прымалі віншаванні ад раённага савета ветэранаў, раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, калег па рабоце і сяброў.

Душэўныя песні і прыгожы абрад юбілярам падарылі ўдзельнікі народнага тэатра-студыі гульні “Суседзі”.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации