Для тых, у каго ёсць жаданне і хапае энергіі працаваць, абмежаванняў не існуе.

Пацвярджэннем таму – кірмаш вакансій для грамадзян сярэбранага ўзросту і інвалідаў, які прайшоў на Дзятлаўшчыне на базе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Спашукальнікі пастаяннай занятасці ці падпрацоўкі на кірмашы маглі зазірнуць у секцыі арганізацый раёна, зацікаўленых у работніках, – КСУП “Хвінявічы”, СГФ “АграМілк”, Дзятлаўскай ЦРБ, Дзятлаўскага раённага аддзела Дэпартамента аховы, Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый, Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, а таксама звярнуцца да куратараў з упраўлення. Наведвальнікі мерапрыемства мелі магчымасць прайсці субяседаванне з арганізацыяй-наймальнікам,  атрымаць кансультацыі спецыялістаў па пытаннях пенсійнага і працоўнага заканадаўства, атрымаць майстар-клас па самастойным пошуку работы і складанні рэзюмэ.

– У межах рэспубліканскага кірмашу вакансій у нас праводзіцца аналагічнае мерапрыемства для грамадзян перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту, інвалідаў, якія маюць прафесійныя рэкамендацыі, – расказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Дорда. – Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай нарады засяродзіў увагу на пытанні прадастаўлення грамадзянам пенсійнага ўзросту магчымасці быць працаўладкаванымі. Ён адзначыў, што з тых, хто выйшаў на заслужаны адпачынак, асобныя людзі хочуць працаваць. Ім неабходна даць такую магчымасць і стварыць усе ўмовы. Для некаторых грамадзян сярэбраны ўзрост – час змяніць вектар сваёй дзейнасці, паспрабаваць сябе ў іншай прафесіі. Людзі пенсійнага ўзросту, якія сумленна працавалі ў сваёй арганізацыі, карыстаюцца павагай і запатрабаванасцю на рынку працы. А мы ім дапамагаем выбраць задавальняючы варыянт працаўладкавання.

Дзятлаўчане прыходзілі на кірмаш вакансій з рознымі намерамі: адны – пацікавіцца прапановамі працадаўцаў, другія – даведацца парадак запаўнення дакументацыі. Былі і такія, хто прыйшоў з пэўным намерам працаўладкавацца.

– Я ўжо чатыры гады на заслужаным адпачынку, але вырашыла яшчэ папрацаваць. Сумна дома сядзець, ды і грошай хочацца зарабіць, – расказала дзятлаўчанка Тамара Снітко. – Па адукацыі я зборшчык мікрасхем, раней працавала на сыраробным заводзе ў цэху. А цяпер вырашыла ўладкавацца санітаркай у адно з аддзяленняў раённай бальніцы, нават працоўную кніжку ўзяла з сабой на субяседаванне. Паспрабую папрацаваць, думаю, што ўсё атрымаецца.

У Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы ёсць варыянты работы для розных катэгорый грамадзян.

– Мы прапануем людзям сярэбранага ўзросту падпрацоўку ў дадатак да пенсіі. Ёсць вакансіі вартаўнікоў і кантралёраў на кантрольна-прапускным пункце. Абавязкі зразумелыя і даступныя: ахова даверанага аб’екта, пераважна ў начны час, абход і развешванне жэтонаў, кантроль прылеглай тэрыторыі праз сістэму відэаназірання. Людзі пенсійнага ўзросту, якія працуюць у нас, добра спраўляюцца з імі. У дадатак да заработнай платы ёсць сістэма прэміравання і бонусаў за выніковае нясенне службы, – расказаў старшы інспектар групы міліцэйскай вартавой аховы Сяргей Майсейчык. – Людзі актыўна цікавяцца графікам работы, абавязкамі і заработнай платай.

Арганізатары кірмаша вакансій запэўніваюць, што работа па душы знойдзецца для ўсіх, хто жадае заняць сябе на заслужаным адпачынку. Калі нехта не паспеў звярнуцца да спецыялістаў у час мерапрыемства, гэта можна зрабіць у любы іншы дзень у штатным рэжыме.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации