На Дзятлаўшчыне стартавалі рэспубліканскі і раённы суботнікі. У ходзе мерапрыемстваў пройдуць работы па добраўпарадкаванні і прывядзенні ў парадак рабочых месцаў, аб’ектаў і тэрыторый населеных пунктаў, знакавых аб’ектаў, гісторыка-культурных каштоўнасцей, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны, што асабліва актуальна ў Год добраўпарадкавання і 80-годдзя Перамогі. 

Супрацоўнікі сектара спорту і турызму райвыканкама, Дзятлаўскай дзіцячай спартыўнай школы, раённага фізкультурна-спартыўнага клуба  і турінфацэнтра аднымі з першых прынялі традыцыйны працоўны марафон.

Нягледзячы на халоднае надвор’е, яны з энтузіязмам узяліся за справу, і ўжо праз некалькі гадзін тэрыторыя стадыёна “Колас” у горадзе Дзятлаве і вакол яго прыкметна змянілася. Зніклі пад граблямі ўвішных працаўнікоў леташняя трава і смецце, радуюць вока абноўленыя бялюткія бардзюры дарожак і ствалы дрэў.  

Загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда зазначае:

– Цудоўная спадчына дасталася нам з часоў Савецкага Саюза – суботнікі. Кожны год у вясенні час мы наводзім парадак на сваёй спартыўнай базе. Сёлета таксама працуе тут 17 чалавек, амаль у поўным саставе. Пабелка, пафарбоўка, ачыстка ад смецця, рамонт спартыўнага абсталявання, бетаніраванне мініфутбольных варот для забеспячэння бяспекі пры правядзенні спартыўных мерапрыемстваў, зварачныя работы –  на цэлы дзень хопіць. Добры бадзёры настрой, не часта прыходзіцца так збірацца разам, таму ўсё атрымліваецца хутка і якасна.

А ў парку Інтэрнацыянальнай дружбы па вуліцы Слонімскай гудуць бензапілы. Работнікі Дзятлаўскіх раёна электрычных сетак і раёна газазабеспячэння, РУП ЖКГ наводзяць тут парадак: падбіраюць сухое галлё, ачышчаюць парк ад паваленых і сухіх дрэў. Работа спорыцца, калектывы працуюць дружна і з гумарам, жартуюць: “Грэемся, так яшчэ і хутчэй атрымліваецца, холад падганяе”.

Адказны і вельмі складаны ўчастак работы лёг на жаночыя плечы супрацоўнікаў аддзела адукацыі райвыканкама на чале з яго начальнікам Марынай Лашкоўскай – парк Перамогі. Месца тут нізіннае, сырое, смецця шмат. На дапамогу прыйшла тэхніка камунгаса: на яе грузяць галлё ад дрэў, у мяшкі збіраюць смецце.

Сумесная праца на свежым паветры – гэта і асабісты ўклад кожнага ў добрую справу,  выдатная нагода праявіць сваё жаданне жыць у прыгожым свеце, усім разам папрацаваць дзеля нашай малой радзімы, бо, пага­дзіцеся, парадак павінен быць як у чалавеку, так і вакол яго.

Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации